Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАТЫАС БРУГМАН: “ЖУРНАЛІСТЫ МУСЯЦЬ ЗАДАВАЦЬ ТАКІЯ ПЫТАНЬНІ”


Алена Панкратава, Менск

Нямецкі журналіст, які цяпер знаходзіцца ў Менску і рыхтуе сэрыю рэпартажаў, у тым ліку адносна расейска-беларускай інтэграцыі, ня ўпэўнены, што зможа прыехаць сюды зноў.

Так здарылася, што “Handelsblatt”, якое многія немцы лічаць выключна эканамічным выданьнем, мае ў Беларусі крыху іншы імідж. Супрацоўнікі гэтай газэты вядомыя беларусам як журналісты, якія ўздымаюць ня вельмі прыемныя для афіцыйнага Менску палітычныя тэмы.

Спачатку, шэсьць гадоў таму, маскоўскі карэспандэнт “Handelsblatt” Маркус Цынэр абнародаваў інфармацыю пра сымпатыі Лукашэнкі да Гітлера. Учора ягоны калега Матыас Брутман задаў беларускаму лідэру ня самае прыемнае пытаньне адносна зьніклых палітыкаў. Наколькі падобныя палітычныя тэмы адпавядаюць фармату “Handelsblatt”? — такое пытаньне я задала спадару Брутману.

(Брутман: ) “Канечне, усё тут зьвязана. Там, дзе няма свабоды для людзей, там няма эканамічнай свабоды. На прыкладзе Беларусі гэта добра бачна. Той шлях, у які вядзе Лукашэнка краіну, — гэта шлях у тупік. Гэта першае. Па-другое, лічу, што журналісты павінныя задаваць такія пытаньні, бо мы ня маем права забываць гэтых людзей. Дадам таксама, што гэтае пытаньне хвалюе вельмі многіх маіх суайчыньнікаў.

Можна толькі паспачуваць беларускаму народу, што ён дагэтуль ня ведае, што здарылася з гэтымі людзьмі і што ўвогуле мае такога лідэра. Прызнацца, пэўнага канкрэтнага і шчырага адказу на сваё пытаньне я не чакаў.

Што тычыцца прэсавай канфэрэнцыі, то, як мне падаецца, яна будзе на поўную моц выкарыстоўвацца ў краіне з прапагандысцкай мэтай. Маўляў, глядзіце: Лукашэнка, як ён кажа, кантактуе з журналістамі ўсяго сьвету і дэманструе ім сваю адкрытасьць. Аднак усё ж галоўнае ў ягоным выпадку — дэманстраваць не асабістую адкрытасьць, а адкрытасьць сваёй краіны. У першую чаргу для замежных інвэстараў.

Як журналісту эканамічнага выданьня, мне было цікава паглядзець рэпартаж са Слуцку, калі паказалі піўзавод, які чакае расейскіх інвэстараў. Як вынікае, Лукашэнка спрабуе зрабіць усё, каб туды ня трапілі ні расейцы, ні заходнія інвэстары. Увогуле тое, што адбываецца вакол іншых прадпрыемстваў, такіх як ІКЕА, “Макдональдз” і іншыя — гэта сапраўдная антырэкляма для Беларусі”.
XS
SM
MD
LG