Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЬ З ПОСТСАВЕЦКІХ КРАІНАЎ УСХОДНЯЙ ЭЎРОПЫ СТВАРЫЛА АНТЫІМПЭРСКІ АЛЬЯНС


Альгерд Невяроўскі, Менск

У альянс увайшлі моладзевыя арганізацыі хрысьціянска-дэмакратычных, народных і кансэрватыўных партыяў Эстоніі, Латвіі, Літвы, Беларусі, Украіны, Малдовы й Грузіі. Беларусь у альянсе прадстаўленая Маладым Фронтам.

Пачатак гэтага альянсу быў пакладзены 21 жніўня сёлета ў латвійскім горадзе Вэнтсьпілсе, дзе моладзевыя арганізацыі з краінаў Балтыі ды Ўкраіны прынялі рэзалюцыю, у якой асуджалі спробы Расеі анэксаваць Беларусь. А нядаўна ў Вільні да іх далучыліся моладзевыя арганізацыі з Малдовы і Грузіі, стварыўшы такім чынам моладзевы антыімпэрскі альянс.

Гаворыць адзін з ініцыятараў стварэньня альянсу, намесьнік старшыні Маладога Фронту Сяржук Лісічонак:

(Лісічонак: ) “Расея цяпер актывізавала свае імпэрскія амбіцыі, зноў пачала вяртацца да свайго імпэрскага статусу. І гэта не магло ня выклікаць абурэньня ў ва ўсіх тых краінах, якія атрымалі незалежнасьць з развалам Савецкага Саюзу. І мы былі вельмі радыя, што і прыбалты, і Ўкраіна, Малдова, Грузія падтрымліваюць нас, беларусаў, у імкненьні абмежаваць імпэрыялістычныя амбіцыі Расеі”.

Невыпадкова да гэтага моладзевага альянсу далучылася Грузія. Пасьля вядомых заяваў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна пра магчымасьць правядзеньня на тэрыторыі Грузіі вайсковай апэрацыі супраць чачэнскіх партызанаў, грузіны ўсур’ёз пачалі рыхтавацца да вайны.

Лідэр моладзевай фракцыі Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Грузіі Георгі Патарыдзэ, які сёньня спэцыяльна прыехаў у Менск на прэзэнтацыю альянсу, лічыць, што пагроза незалежнасьці ягонай краіны з боку Расеі надзвычай вялікая. Спадар Патарыдзэ гаворыць, што падобная пагроза існуе і для іншых дзяржаваў:

(Патарыдзэ: ) “Я лічу, што расейскі бок рыхтуецца да акупацыі Беларусі. І ёсьць факты таго, як паступіла Расея з былымі краінамі Савецкага Саюзу. Можна ўзгадаць пра Малдову й Прыднястроўе, пра Ўкраіну й Крым, пра Абхазію і г.зв. Паўднёвую Асецію. Гэта ж усе тыя гарачыя кропкі, якія стварыла Расея дзеля таго, каб падтрымаць маленькія рэжымы. Каб пасьля ўвайсьці на тэрыторыю сувэрэннай дзяржавы дзеля абароны “маленькага брацкага народу”.

Грузінскі нацынал-дэмакрат спадзяецца на дапамогу з боку беларусаў ды іншых сябраў альянсу, а таксама гаворыць, што грузіны заўсёды гатовыя правесьці акцыі ў абарону незалежнасьці іншых дзяржаваў.

Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец гаворыць, што акцыі ў абарону Грузіі будуць арганізаваныя адразу ж, як толькі першы расейскі салдат увойдзе ў Панкіскую цясьніну:

(Севярынец: ) “Я думаю, што ў рамках вось гэтага блёку “Ўсходнеэўрапейскія хрысьціянскія дэмакраты супраць расейскай імпэрыялістычнай агрэсіі” будуць супольныя акцыі паралельна эскаляцыі расейскай агрэсіі. Калі расейскія войскі ўвойдуць у Панкісі, я думаю, што ў той жа дзень зьявяцца пікеты каля расейскай амбасады ня толькі ў Менску, але і ў сталіцах балтыйскіх дзяржаваў, і ва Ўкраіне, і ў Малдове”.

Лідэр Маладога Фронту таксама паведаміў, што актывісты ягонай арганізацыі плянуюць правесьці ў кастрычніку шэраг вулічных акцыяў у абарону незалежнасьці Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG