Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКІМ ВЕРХНІМ ГОРАДЗЕ БУДУЕЦЦА ПІЎНАЯ РЭСТАРАЦЫЯ НА 120 МЕСЦАЎ


Ганна Соўсь, Менск

Верхні горад нагадвае цяпер будаўнічую пляцоўку. На плошчы Свабоды закладваецца падмурак пад гарадзкую ратушу. Зусім блізка побач з кляштарам бэрнардынцаў будуецца піўная рэстарацыя. Праз тэрыторыю каталіцкіх могілак пракладваецца цеплатраса.

Намесьнік старшыні Менскай гарадзкой рады Таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў лічыць, што менскія ўлады зацікаўленыя не ў захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны Менску, а ў камэрцыйным яе выкарыстаньні. Дзеля гэтага, мяркуе Дзянісаў, і было створанае акцыянэрнае таварыства “Стары Менск”.

(Дзянісаў: ) “Апошнія праекты, распрацаваныя на замову гэтага акцыянэрнага таварыства, практычна прадугледжваюць зьнішчэньне гістарычнага цэнтру Менску. Захаваўся ўнікальны помнік архітэктуры барока — комплекс кляштара бэрнардынцаў. Ён быў заснаваны ў Менску ў 1624 годзе, і на працягу стагодзьдзяў быў адной з галоўных дамінантаў гораду.

Цяпер на замову АТ “Стары Менск” пад выглядам аднаўленьня былых гандлёвых радоў, якія належалі кляштару бэрнардынцаў, будуецца піўны рэстаран. Прычым будаўніцтва вядзецца на старажытных манастырскіх могілках. Больш за тое, па прапанове нашых гарадзкіх уладаў шукаецца інвэстар, які цалкам увесь манастырскі комплекс плянуе перабудаваць пад гатэль”.

Сёньня я наведала Верхні горад і паглядзела, як ідзе будаўніцтва піўной рэстарацыі, а гэтаксама сустрэлася зь Фёдарам Лабанком, дырэктарам сумеснага прадпрыемства з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі “Зафаран”, якое ёсьць інвэстарам будучай рэстарацыі. Паводле Фёдара Лабанка, яна ўзводзіцца дакладна на месцы былых гандлёвых радоў і не закранае тэрыторыі могільніка. Гэтаксама захоўваецца частка падмурку гандлёвых радоў, і ён стане часткай інтэр’еру.

Будаўніцтва піўной рэстарацыі пачалося сёлета ў ліпені й павіннае скончыцца ў траўні наступнага году. Паводле Фёдара Лабанка, сумеснае прадпрыемства інвэстуе ў яго будаўніцтва 750 тысяч даляраў.

(Лабанок: ) “На гэтым месцы калісьці была агароджа манастыра, які знаходзіцца побач. Потым у 18 стагодзьдзі тут пабудавалі гандлёвыя рады. Яны ідуць паўкругам менавіта так, як ішла гэтая агароджа. Калі ўзьнікла ідэя аднаўляць Верхні горад, вырашылі аднавіць і гэтыя гандлёвыя рады. Быў распрацаваны праект. Але інвэстары, якія прыйшлі сюды, выбралі іншы варыянт выкарыстаньня памяшканьняў. Гандлёвыя рады — нязручна, таму што плошчы невялікія. Мы прапанавалі выкарыстаць іх пад рэстарацыю.

Гэта будзе піўная рэстарацыя, плошчы гандлёвай залі — 320 квадратных мэтраў, агульная плошча — 1 тысяча квадратных мэтраў. Гэта будзе вельмі сучасны рэстаран зь вельмі дарагім абсталяваньнем. Будзе вельмі прыгожы фасад, які быў у 19 стагодзьдзі. Мы зробім стаўні, драўляную сталярку, мы аднаўляем брамы, якія былі калісьці на ўезьдзе ў гандлёвыя рады”.

Будаўнічыя работы вядзе прадпрыемства “Тэма”. Разам з прарабам гэтага прадпрыемства Ўладзімерам Лагвінцом я падыходжу на катлавану.

(Лагвінец: ) “Мы знаходзімся на месцы існага падмурку гандлёвых радоў 18 стагодзьдзя, які захоўваецца ў інтэр’еры гандлёвай залі, сутарэньні гэтак званага піўнога бару. Будынак шчыльна стаіць побач зь першым паверхам да тарца гандлёвых радоў, якія былі пабудаваныя ў 19 стагодзьдзі. Апроч таго, у памяшканьні бара будзе горн — помнік архітэктуры 16 стагодзьдзя”.

Уладзімер Лагвінец паказвае мне цеплатрасу, што пракладвае побач будаўнічы трэст №1 на замову акцыянэрнага таварыства “Стары Менск”.

(Лагвінец: ) “Гэтая цеплатраса — інжынэрны ўчастак, які закальцоўваецца. Наколькі мне вядома, тут знойдзеныя пахаваньні. Пакуль працы не забаранілі, а спынілі”.

Недалёка ад гэтай будаўнічай пляцоўкі — офіс акцыянэрнага таварыства “Стары Менск”. Ягоныя прадстаўнікі сёньня адмовіліся пракамэнтаваць гэтую сытуацыю, спаслаўшыся на занятасьць. Дарэчы, прадстаўніца “Старога Менску” папрасіла мяне зьвяртацца да яе па-расейску, бо яна не разумее беларускай мовы.
XS
SM
MD
LG