Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ БЕЛАРУСІ СУСТРЭЎСЯ Ў НЬЮ-ЁРКУ ЗЬ ДЗЕЙНЫМ СТАРШЫНЁМ АБСЭ


Юры Сьвірко, Менск

У Нью-Ёрку падчас сэсіі Генэральнае Асамблеі ААН міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў сустрэўся з калегам з Партугаліі, якая сёлета старшынюе ў АБСЭ.

Партугальскі міністар замежных справаў Антоніў Мартыньш да Круш ёсьць дзейным старшынём Арганізацыі Бясьпекі й Супрацоўніцтва ў Эўропе. Як паведаміла беларускае МЗС, спадары Хвастоў і да Круш абмеркавалі пытаньні супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й АБСЭ. Сустрэча адбылася ўначы паводле эўрапейскага часу, таму прэсавы сакратар партугальскага міністра, які да таго ж ляцеў зь Нью-Ёрку ў Лісабон, паабяцаў мне падаць падрабязнасьці размовы пазьней.

У той час, як Міхаіл Хвастоў сустракаўся ў Нью-Ёрку зь дзейным старшынём АБСЭ, у Менску Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі ў жывым эфіры заявіў, што “АБСЭ ня хоча садзіцца за стол перамоў” і выпрацоўваць мандат і мэты групы АБСЭ ў Беларусі.

“Ну, я ж іх прымусіць не магу. Ня хочуць — значыць, ня хочуць. Мы гатовыя сесьці і вызначыцца, чым будзе займацца гэтая група. Нам кажуць: мы будзем дапамагаць вам рэгуляваць заканадаўства. А я кажу: дзякуй, родныя, мы ўжо адрэгулявалі ўсё заканадаўства, мы будзем ісьці наперад”, — заявіў спадар Лукашэнка і дадаў, што афіцыйны Менск не пазбаўляў акрэдытацыі супрацоўнікаў гэтай групы.

“У былога складу Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ закончыліся паўнамоцтвы, у іх закончыўся тэрмін акрэдытацыі. Яны, натуральна, паехалі адсюль. Мы іх штучна акрэдытацыі не пазбаўлялі”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка і зноў паўтарыў, што папярэдні кіраўнік КНГ АБСЭ Ганс-Георг Вік “фактычна стварыў штаб па барацьбе з прэзыдэнтам Лукашэнкам”, але ён, Лукашэнка, гэта вытрымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG