Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ УДЗЯЧНЫЯ НЯМЕЦКАМУ ЖУРНАЛІСТУ ЗА ЎЧОРАШНЯЕ ПЫТАНЬНЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жонкі зьніклых апазыцыянэраў лічаць, што кіраўнік Беларусі ўхіліўся ад адказу на пытаньне нямецкага журналіста пра ягоную асабістую ролю ў зьнікненьні апазыцыянэраў. Зінаіду Ганчар адказ Аляксандра Лукашэнкі , паводле яе словаў, літаральна абурыў.

(Ганчар: ) “Адказ Лукашэнкі мяне вельмі абурыў. Зноў я зразумела, што, на жаль, Лукашэнка хлусіць. Нікога яны не шукаюць. Мы пераканаліся, што ніякай сьледчай групы па гэтых справах няма, а адзін сьледчы Чумачэнка ня ў стане нешта зрушыць. Яны нават не дапыталі тых асобаў, якія згаданыя ў рапарце генэрала Лапаціка. Не дапытаны ні сам Лапацік, ні Сівакоў, ні Шэйман. Шкада, але за тры гады мы з вуснаў кіраўніка дзяржавы паводле гэтай справы ня чулі нічога, акрамя хлусьні”.

Жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара Зінаіда ўдзячная нямецкаму журналісту за тое, што рызыкнуў задаць кіраўніку Беларусі пытаньне, якое шмат якія беларускія журналісты задаваць баяцца.

Ірына Красоўская кажа, што чакала пытаньня пра лёс зьніклых ужо на пачатку прэсавай канфэрэнцыі. Яна лічыць, што ў гэтым выпадку гутарка магла б скласьціся па-іншаму, бо праблема зьнікненьня вядомых асобаў у Беларусі, на яе думку, з шэрагу самых галоўных. Тое, як Лукашэнка адказаў на пытаньне пра зьніклых, Ірыну Красоўскую не зьдзіўляе.

(Красоўская: ) “Па сутнасьці, ён не адказаў на тое пытаньне, якое задалі. Як заўсёды, ён пачаў запалохваць тых, хто такія пытаньні задае. А потым наўмысна стаў казаць пра выпадкі зьнікненьняў, якія ня маюць дачыненьня да зьнікненьня апазыцыянэраў, прычым і там наблытаў з дадзенымі, бо ня столькі людзей зьнікае”.

Ірына Красоўская адзначае, што пра асабіста сваю ролю ў зьнікненьнях Аляксандар Лукашэнка ўвогуле не сказаў ані слова, быццам такое ўдакладненьне і не гучала. Між тым, нагадвае Красоўская, год таму Лукашэнка публічна браў на сябе адказнасьць за зьнікненьні апазыцыянэраў. “Нікога і не шукайце, я вінаваты”, — цытуе Ірына Красоўская.

Увогуле Ірына Красоўская зрабіла выснову, што Лукашэнку не хацелася закранаць тэму зьніклых апазыцыянэраў.

(Красоўская: ) “Яшчэ я зразумела, што гэтае пытаньне было ня вельмі прыемнае для яго і ягонай прэсавай сакратаркі. Была бачная нейкая разгубленасьць абодвух. Бо, я мяркую, ён сабе ўяўляе, што рана ці позна яму прыйдзецца адказваць шчыра на гэтае пытаньне”.

Ірына Красоўская заўважыла, што яшчэ толькі двойчы за ўсю прэсавую канфэрэнцыю Аляксандар Лукашэнка гэтак жа нэрваваўся, як адказваючы на пытаньне пра зьніклых — калі адказваў пра сакрэтныя рахункі ды пра магчымасьць свайго абраньня на трэці прэзыдэнцкі тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG