Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КУПЛЯЙЦЕ Ў ЧАРНОБЫЛІ”


Ігар Карней, Менск

“Пан Іржы з чэскага Мелніка купіў па абвестцы таннае дрэва дзеля будаўніцтва дому, але нават не ўяўляў, што разам набыў ладную долю радыяцыі. Пані Марыя ў праскім супэрмаркеце ўзяла арганічную сумесь для сваіх ружаў. Але і яна не здагадвалася, што пасыпала кветкі цэзіем-137 ды іншымі радыенуклідамі, якія ў 1986 годзе разьнесла па ваколіцах чарнобыльскае воблака”. Менавіта так пачынае свой артыкул чэскі журналіст Пэтэр Ганушэк.

Ад 1998 году Чэхія набыла ў Беларусі 48000 тон дрэва і драўляных вырабаў на 342 мільёны крон. Сярод рэкардзмэнаў прадпрыемства “Tinez plus”: 31 тысяча кубічных мэтраў альховага дрэва на 6 мільёнаў дойчмарак. Чэска-нямецкая фірма “Тімком” у 1999 годзе за 5 тысяч кубамэтраў лесу заплаціла 2 мільёны нямецкіх марак. “Konstdrev”: 1 мільён марак за 7 тысяч “кубоў” лесу з Гомельскага рэгіёну.

Каб не выклікаць законных пытаньняў з боку пакупнікоў, некаторыя гандляры засьцерагаюцца і падаюць тавар як “танную драўніну з Расеі”. Цягам доўгіх гадоў хітрыкі ўдаваліся, пакуль у справу не ўмяшаліся эколягі. Паводле іхнай інфармацыі, нарыхтоўкі драўніны вядуцца ў накрытых чарнобыльскім воблакам беларускіх раёнах, у тым ліку ў Прыпяцкім запаведніку.

Беларускі журналіст-эколяг Сяргей Пульша мае непасрэднае дачыненьне да тых зьвестак, што надрукаваў “Respekt”. На просьбу чэскіх калегаў Пульша дапамагаў высьвятляць акалічнасьці дзейнасьці некаторых партнэраў зь беларускага боку.

(Пульша: ) “У Прыпяцкім запаведніку высякалася найбольш якасная драўніна, якая пастаўлялася ў Чэхію, Нямеччыну, Польшчу, Фінляндыю. Высечкі залежалі менавіта ад якасьці дрэва, і ня думаю, каб існаваў нейкі кантроль за радыяцыяй”.

(Карэспандэнт: ) “Усё ж кантроль павінен быў ажыцьцяўляць беларускі бок ці фірма-пакупнік?”

(Пульша: ) “Прынамсі, фірма павінная была паклапаціцца, каб радыеактыўная драўніна ня трапіла да спажыўца зь ейных рук”.

(Карэспандэнт: ) “Вы мяркуеце, пакупнікі абвесьцілі трывогу?”

(Пульша: ) “Паднялі вэрхал эколягі, бо цалкам разумеюць, што на тэрыторыі Прыпяцкага запаведніку былі радыяцыйныя ападкі. Прааналізавалі сытуацыю і вырашылі, што гэта цалкам мажліва”.

Афіцыйныя ўстановы Беларусі, якія адказваюць за пастаўкі лесу і драўніны за мяжу, не камэнтуюць скандалы ў сваёй галіне. Да таго ж, усе кантракты праходзяць праз абавязковую візу Аляксандра Лукашэнкі. У аддзеле зьнешніх сувязяў МЗС сьцьвярджаюць, што продаж ляснога масіву і вырабаў з дрэва адпавядае ўсім міжнародным нормам.

Своеасаблівай перавалачнай базай беларускага лесу на Захад чэскі штотыднёвік “Respekt” лічыць польскі Бельск-Падляскі. Тут тэрміналы заваленыя тысячамі кубамэтраў беларускага лесу, і тут жа падпісваюцца кантракты на яго продаж далей на Захад. Ёсьць падазрэньні, што значная частка драўніны мае кантрабанднае паходжаньне. Гаворыць Сяргей Пульша:

(Пульша: ) “Калі гэты лес пастаўляўся кантрабандай, то, зразумела, ніякага радыелягічнага кантролю там не было. Найлепшым чынам “праявіў” сябе ў гэтым сэнсе ў Прыпяцкім запаведніку Мікалай Бамбіза, які паставіў пілараму і арганізаваў усе гэтыя пастаўкі. Потым ён быў пераведзены дырэктарам у Белавескую пушчу. І адразу ж у Белавескай пушчы зьявілася такая ж лесапілка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG