Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ВЫМУШАНАЯ ВЫПЛАЧВАЦЬ КАМПЭНСАЦЫЮ ЗА “ДРАЗДЫ” ЗАМЕЖНЫМ АМБАСАДАМ


Уладзімер Глод, Менск

З валютнага рахунку Міністэрства фінансаў Беларусі прадугледжваецца выдаткаваць амбасадам Нямеччыны і Літвы больш як 87 тысяч эўра і 6,5 тысяч даляраў ЗША. Гэтыя грошы даручана аднесьці на выдаткі, закладзеныя ў бюджэце краіны на міжнародную дзейнасьць.

Гэта ня першыя выплаты замежнікам. Яшчэ два гады таму адпаведныя кампэнсацыі былі адрасаваныя амбасадам Турцыі і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Аляксандар Лукашэнка ў сярэдзіне 1998 году, калі вакол дыпляматычнага гарадку “Дразды” ўзьнік сур’ёзны міжнародны скандал, публічна некалькі разоў заяўляў, што Беларусь кампэнсуе замежнікам усе іхныя выдаткі.

Нагадаем, што да лета 1998 году амбасады шэрагу краінаў разьмяшчаліся на тэрыторыі “Драздоў”. Тут жа былі і асабістыя рэзыдэнцыі кіраўнікоў некалькіх дыпляматычных місіяў. Усе гэтыя будынкі амбасады бралі ў арэнду. Прычым, першыя амбасады ў “Драздах” узьніклі яшчэ на пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь была парлямэнцкай рэспублікай, а сам комплекс называўся ўрадавым. Аднак потым ён набыў новы статус — рэзыдэнцыі прэзыдэнта Беларусі. А ў 1998 годзе Лукашэнка прымусіў замежнікаў пакінуць “Дразды”. Сярод пазбаўленых рэзыдэнцыі былі амбасады краінаў Эўразьвязу і ЗША. На знак пратэсту амбасадары гэтых краінаў тады былі адкліканыя зь Беларусі для кансультацыяў.

Сытуацыю вакол выплаты кампэнсацыяў я папрасіў пракамэнтаваць экспэрта Міжнароднага Інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэя Фёдарава, які ўзначальваў Управу міжнародных сувязяў у Вярхоўным савеце 13 скліканьня.

(Фёдараў: ) “У Беларусі заўсёды былі праблемы з выдаткамі на міжнародную дзейнасьць. Напрыклад, у бытнасьць Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў заўсёды ўзьнікалі праблемы зь фінансаваньнем паездак тых ці іншых асобаў за мяжу, нават на даволі важныя мерапрыемствы. І гэта ніяк не магло палепшыць міжнародныя дачыненьні і міжнароднае становішча Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, падобна, што гісторыя з Драздамі прынесла Беларусі ня толькі маральныя, але і матэрыяльныя страты?”

(Фёдараў: ) “Гэта было відавочна з самага пачатку. Калі б Беларусь не пайшла на выплаты кампэнсацыяў, дык адносіны з замежнымі краінамі, напэўна, былі б сапсаваныя яшчэ горш, чым той раз”.

Цяпер, дарэчы, былыя рэзыдэнцыі амабасадараў у “Драздах” займаюць высокапастаўленыя чыноўнікі Беларусі. Тут маюць лецішчы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўрал Латыпаў, старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч, генэральны пракурор Віктар Шэйман ды іншыя.

З замежнікаў да апошняга часу тут жыў толькі амбасадар Расеі Вячаслаў Долгаў. Але новы расейскі амбасадар Аляксандар Блахін пакуль у “Дразды” не пераехаў. Паводле зьвестак з расейскай амбасады, для яго арэндуецца пяціпакаёвая кватэра ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG