Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ПРЭС-КАНФЭРЭНЦЫІ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ ПЕРАВАЖАЛА ТЭМА БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІХ ДАЧЫНЕНЬНЯЎ


Валер Карбалевіч, Менск

Вельмі шмат пытаньняў датычылі беларуска-расейскіх стасункаў, і прычым, калі пытаньні задаваліся ад імя насельніцтва, праз тэлефон, то значная частка пытаньняў - паводле сцэнара - задавалася ў падтрымку незалежнасьці Беларусі, і гэта даволі цікавы аспэкт гэтых пытаньняў. Калі задавалася вострае пытаньне, то Лукашэнка станавіўся агрэсіўным.

Зразумела, што значная частка пытаньняў была падрыхтаваная загадзя. Калі казаць пра беларуска-расейскую інтэграцыю, то тут варта вось на што зьвярнуць увагу: канфлікт пачала Расея, на думку Лукашэнкі. Менавіта яна вынесла гэтыя рознагалосьсі на публічнае абмеркаваньне. Варыянт Эўразьвязу, які прапануе Расея – ніхто ня ведае, што гэта такое. Тым больш што ў Эўразьвязе 60% рашэньняў наднацыянальных інстытутаў – гэта рашэньні прамога дзеяньня. Гэта супярэчыць таму, аб чым казаў Пуцін. На думку Аляксандра Лукашэнкі, спачатку павінны быць прыняты канстытуцыйны акт, потым рэфэрэндум і потым толькі выбары саюзнага парлямэнту, а ніяк не наадварот.

Што датычыць прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў расейскім капіталам, то тут Аляксандар Лукашэнка выказаўся так: калі Расея не гатовая плаціць тую цану, якую прапануе Беларусь за гэтыя прадпрыемствы, то мы ня будзем сьпяшацца іх прадаваць, таму што яны добра працуюць. І даволі нечаканы аспэкт гэтай тэмы: Лукашэнка заявіў, што мы ніколі нікому не абцалі акцыянаваньня “Белтрансгазу” з удзелам “Газпраму”, будзе акцыянавацца паводле прынцыпу, хто больш заплаціць. І гэта даволі нечакана і цікава, таму што вядома, што падпісаная адмысловая дамова, дзе акцыянаваньне “Белтрансгазу” “Газпрамам” было прывязанае да таго, што Расея пачала прадаваць газ па ўнутрырасейскіх цэнах.

З другога боку, Лукашэнка, мабыць, упершыню заявіў аб тым, што з Украінай дамова падпісаная ў пакеце: спачатку Ўкраіна прызнае сваю запазычанасьць перад беларускім бокам, і толькі пасьля гэтага беларускі бок ратыфікуе дамову аб мяжы”.
XS
SM
MD
LG