Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР АРМЭНІІ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ЦЯПЕР СУСТРЭЧА Ў МЕНСКУ МЕНСКАЕ ГРУПЫ АБСЭ Ў СПРАВЕ КАРАБАХСКАГА КАНФЛІКТУ НЕМАЖЛІВАЯ


Юры Сьвірко, Менск

Армэнія высока ацэньвае дзейнасьць трох сустаршыняў Менскае групы АБСЭ ў справе ўрэгуляваньня канфлікту ў Нагорным Карабаху — Расеі, Францыі й ЗША. Але ў гэтую Менскую групу АБСЭ таксама ўваходзіць афіцыйны Менск. Што думае пра ягоны ўплыў амбасадар Армэніі? Вось як адказаў на гэтае маё пытаньне Сурэн Аруцюнян:

(Аруцюнян: ) “Што да ўдзелу Беларусі — ну, Беларусь уваходзіць, наколькі я ведаю, у групу дзяржаваў — Менскую групу. Іншая справа — пытаньне з правядзеньнем аднаго з паседжаньняў Менскае групы тут, у Беларусі. Мы — за. Я як амбасадар неяк у МЗС ставіў пытаньне: давайце паспрабуем — можа, удасца правесьці ў Менску? Але для гэтага, натуральна, мусіць быць згода з боку АБСЭ. Зараз, у цяперашяй сытуацыі й абстаноўцы я ня ведаю — гэта рэальна прагучыць? Менская група АБСЭ — правесьці ў Менску? Калі рэальна, мы гатовыя падтрымаць, мы ня супраць”.

Амбасадара Аруцюняна я папрасіў таксама распавесьці пра рэакцыю на апошнія заявы Ўладзімера Пуціна ды Аляксандра Лукашэнкі ў Армэніі, дзе раней даволі прыхільна ставіліся да ідэі ўступіць у саюз Беларусі й Расеі. Вось што заявіў Сурэн Аруцюнян:

(Аруцюнян: ) “Я думаю, мы мелі рацыю, што не сьпяшаліся. І вось якраз апошнія падзеі сьведчаць пра гэта. Мы віталі гэты саюз, мы падтрымлівалі гэты саюз, тыя крокі, што рабіліся ў гэтай справе. Але ў той жа час мы заўлялі, што пакуль у замежнапалітычным пляне такое пытаньне ў нас не стаіць. І я, дарэчы, прыхільнік таго, што ня трэба сьпяшацца”.

Спадар Аруцюнян нагадаў, што Армэнія ня мае агульных межаў ані зь Беларусьсю, ані з Расеяй. Наконт прапановаў Уладзімера Пуціна армянскі амбасадар выказаўся гэтак:

(Аруцюнян: ) “Ну і што? Прапанавалі. Я згодны з Аляксандрам Рыгоравічам, зь ягонай аргумэнтацыяй: добра, калі вы прапаноўваеце такі варыянт расчляненьня краіны і па абласьцях уваходжаньне — як успрымуць іншыя краіны СНД, калі мы хочам сапраўды аб’яднаньня? Украіна — што, з задавальненьнем успрыме такі варыянт? Казахстан з задавальненьнем успрыме такі варыянт? Натуральна, не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG