Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАЦЯГВАЕЦЦА АКЦЫЯ “ПАЎСТАНЬ, УКРАІНА!”


Аляксей Дзікавіцкі, Прага

Напачатку варта адзначыць, што ўчорашняя акцыя пратэсту была найбольш масавай ад савецкіх часоў. Паводле розных ацэнак, толькі ў Кіеве ў ёй узяло ўдзел ад 15 тысячаў, паводле міліцыі, да 120 тысячаў чалавек – гэта дадзеныя арганізатараў. Шматтысячныя дэманстрацыі адбыліся і ў іншых украінскіх местах. Прычым пратэст падтрымалі як левыя, так і правыя палітычныя сілы.

Удзельнікі акцыі патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Леаніда Кучмы, альбо правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.

Прысутныя узгадалі таксама пра журналіста Георгія Гангадзэ, які зьнік два гады таму.

Сёньня каля 4-й гадзіны раніцы спэцыяльныя аддзелы міліцыі “Беркут” зьліквідавалі намётавы лягер каля адміністрацыі прэзыдэнта ды арыштавалі 54 асобы.

Як паведаміў прадстаўнік украінскай міліцыі, пракуратура Кіеву распачала крымінальную справу паводле артыкулу крымінальнага кодэксу – блякаваньне транспартных камунікацыяў.

Сёньня апоўдні ў Кіеве адбылася прэсавая канфэрэнцыя лідэраў апазыцыі, якія напярэдадні зьбіраліся, каб вырашыць дальнейшы лёс акцыяў пратэсту.

Мы зьвязаліся з кіеўскім карэспандэнтам украінскай службы Радыё Свабода Віктарам Мэняйла. Што паведамілі ў часе прэсавай канфэрэнцыі лідары ўкраінскай апазыцыі?

(Мэняйла: ) “Па-першае, яны назвалі ўкраінскую ўладу фашысцкай ды адзначылі, што акцыі пратэсту будуць працягвацца. Зараз адбываецца так званы інфармацыйны мітынг, у часе якога лідэры апазыцыі распавядаюць прысутным пра ўчорашнія падзеі, пра тое, як быў зьліквідаваны намётавы гарадок. Удзельнікі акцыі пратэстаў заклікалі, каб адбылося пазачарговае паседжаньне Вярхоўнай Рады, але большасьць дэпутатаў вырашылі гэтае паседжаньне не праводзіць. Заўтра ўвечары лідэры апазыцыі будуць сустракацца з прадстаўнікамі дыпляматычных місіяў, каб распавесьці ім пра свае патрабаваньні. Наступны мітынг заплянаваны на 24 верасьня, калі пачне працу Вярхоўная Рада Ўкраіны”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вядома што-небудзь пра лёс арыштаваных?”

(Мэняйла: ) “Паводле дадзеных міліцыі, затрыманыя 54 асобы, а адна зь лідэраў апазыцыі, дэпутат Юлія Цімашэнка, кажа, што зьніклі каля 200 асобаў. Сёньня яшчэ адзін апазыцыйны лідэр Віктар Юшчанка сустракаўся з прэм’ер-міністрам Украіны Анатолям Кінахам ды прасіў яго выпусьціць арыштаваных. Юшчанка сказаў, што калі яны парушылі правілы дарожнага руху, дык ён сам першы ступіў на пляц, дзе адбывалася акцыя, таму няхай арыштуюць і яго. Украінскі прэм’ер заявіў, што з гэтым трэба разабрацца і што невінаватыя людзі будуць вызваленыя, а калі хто парушыў закон, дык мусіць адказваць...”

(Карэспандэнт: ) “Сёньня прэзыдэнт Кучма вяртаецца ўва Ўкраіну. Што яго чакае ў сталіцы?”

(Мэняйла: ) “Цяжка сказаць, што яго чакае, бо сёньня ў мітынгу бярэ ўдзел значна менш людзей, чымся ўчора. У Кіеве цяпер спакойна. Магчыма, Кучма сутыкнецца заўтра з рэакцыяй замежных дыпляматаў, зь нейкімі захадамі міжнароднай супольнасьці. А так, пакуль нічога асаблівага, прынамсі, сёньня, не адбываецца”.
XS
SM
MD
LG