Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД РАЗГЛЯДАЕ ЗАКОННАСЬЦЬ ДАЗВОЛУ НА ВЫЕЗД ЗА МЯЖУ Ў ПАШПАРЦЕ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дэпутат палаты і алімпійскі чэмпіён па веславаньні Ўладзімер Парфяновіч падаў пазоў у Канстытуцыйны суд пасьля таго, як сам пастаяў у чэргах у АВІРы, калі яму спатрэбілася тэрмінова ехаць за мяжу. У выніку спадар Парфяновіч прыйшоў да высновы, што закон “Аб парадку выезду зь Беларусі” ды іншыя заканадаўчыя акты не адпавядаюць артыкулу Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам свабодны выезд у любыя краіны.

Тым больш, што дазвольны штамп ставіцца толькі на пяць гадоў і не бясплатна. Цяпер за дазвол на выезд людзі павінныя заплаціць больш як 50 тысяч рублёў. Толькі за паўгода сёлета ў бюджэт паступіла каля 5 мільярдаў рублёў выплатаў за дазвольны штамп. Гаворыць Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Насамрэч яна не адпавядае рэальнаму становішчу. І ў першую чаргу гэтая адзнака не адпавядае 30-му артыкулу Канстытуцыі. Я спадзяюся, што Канстытуцыйны суд прыме станоўчае рашэньне. Тыя грамадзяне, якім абмежаваны выезд з краіны, маюць магчымасьць выехаць без праблемаў праз Расею і Ўкраіну”.

Падчас сёньняшняга судовага разьбіральніцтва прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў, Камітэту памежных войскаў, савету рэспублікі прызнавалі, што дазвольны штамп у пашпарце — неэфэктыўная мера для перашкоды на выезд асобаў, якія валодаюць дзяржаўнай таямніцай альбо знаходзяца ў вышуку, бо мяжа з Расеяй не ахоўваецца.

А для памежных і консульскіх службаў іншых дзяржаваў гэты штамп ня мае ніякага значэньня. У цывілізаваных краінах, у тым ліку й ва ўсіх суседзяў Беларусі, такога штампа няма. Там грамадзяне выяжджаюць па звычайным замежным пашпарце.

Тым ня менш, прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Аляксей Бягун даказваў, што пакуль няма сыстэмы кампутарнага кантролю за рухам людзей празь мяжу, адмяняць дазвольны штамп нельга:

(Бягун: ) “Мы лічым, што адзнака ў пашпарце цяпер цалкам адпавядае працэдуры афармленьня дакумэнтаў для выезду за мяжу, і натуральна, што на гэтым этапе яна павінная застацца”.

Іншыя ж удзельнікі працэсу лічаць, што МУС адстойвае састарэлы савецкі прынцып выезду за мяжу, і яго трэба мяняць. Выйсьцем яны бачаць увядзеньне ў Беларусі замежных пашпартоў.

А вось меркаваньне праваабаронцы, намесьніка старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Практыка, усталяваная МУС для выезду за мяжу, наяўнасьць г.зв. дазвольнага штампу — гэта супярэчыць і міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь, і Канстытуцыі, якая гарантуе нашым грамадзянам свабоду ўезду і выезду з краіны. І я лічу, што Канстытуцыйны суд прыме рашэньне не на карысьць МУС, а на карысьць нашых грамадзянаў ды падтрымае міжнародныя падыходы да вырашэньня такой праблемы”.

Правабаронца таксама лічыць, што цяперашнія ўлады ўсё роўна знойдуць спосаб, каб не выпускаць зь Беларусі людзей, якіх перасьледуюць з палітычных матываў.

Канчатковае рашэньне Канстытуцыйнага суду ў гэтай справе будзе абвешчанае 25 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG