Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬМІЦЕР ІВАНОЎСКІ ГАЛАДАЕ ВОСЬМЫЯ СУТКІ


Міхал Карневіч, Горадня

Адзінаму, каму дазволілі сустрэчу са Зьмітром у спэцпрыёмніку, стаў старшыня Гарадзенскай філіі Беларускага Гельсынскага камітэту Аляксандар Антанюк. У судзе ён выступаў як абаронца. Антанюк кажа, што Зьміцер выглядае бадзёрым, жартуе і ні на што ня скардзіцца. П’е выключна мінэральную ваду і нават кінуў паліць. Дарэчы, той хто добра ведае Зьмітра, не зьдзіўляецца таму, як ён трымаецца, бо гэта выключна сьціплы, абавязковы і шчыры чалавек. Усе харчы і сокі, якія яму перадаюць знаёмыя і незнаёмыя людзі, ён аддае сваім сукамэрнікам.

Начальнік спэцпрыёмніка Аляксандар Юрчанка распавядаў мне, што перадачы Зьмітру прыносяць людзі, якія яго ня ведаюць — яны кажуць, каб харчы аддалі Зьмітру Завадзкаму, які, маўляў, стаяў на Савецкай вуліцы ў пікеце. Як правіла, па словах Юрчанкі, гэта людзі сталага веку. Дарэчы, начальнік спэцпрыёмніка сказаў, што Зьміцер адчувае сябе нармалёва і нават дапамагаў у афармленьні насьценнай дакумэнтацыі.

У камэры разам са Зьмітром сядзяць яшчэ чатыры маладыя хлопцы, асуджаныя за дробнае хуліганства. Зьміцер распавядаў Аляксандру Антанюку, што найцяжэй даводзіцца тады, калі хлопцы адыходзяць на працу, а ён застаецца сам-насам з цыгарэтамі й змагаецца са спакусай запаліць. У чацьвер раніцай, паводле словаў Юрчанкі, яго павінныя адпусьціць.

Нагадаю, што 10 сутак Зьміцер атрымаў за ўдзел у акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”, якая была прымеркаваная да другіх угодкаў зьнікненьня Зьмітра Завадзкага. Летась ён быў пакараны штрафам за выступ на тым месцы, дзе стаяў разбураны савецкай уладай першы гарадзенскі касьцёл.
XS
SM
MD
LG