Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА ВІЗЫТ У МЕНСК МІНІСТРА ЭНЭРГЕТЫКІ ІРАКУ


Юры Сьвірко, Менск

У той час, як увага ўсяго сьвету засяроджаная на Іраку, міністар энэргетыкі гэтае краіны знаходзіцца ў Беларусі й праводзіць таямнічыя перамовы зь беларускімі чыноўнікамі. Міжнародная агенцыя атамнае энэргетыкі (МАГАТЭ) заявіла, што гатовая накіраваць у Ірак сваіх інспэктараў “хоць заўтра”, калі будзе адпаведны дазвол Рады Бясьпекі ААН.

Гэтая заява МАГАТЭ зьявілася пасьля таго, як ірацкі віцэ-прэм’ер Тарык Азыз у Багдадзе абвесьціў пра згоду свайго ўраду на вяртаньне міжнародных інспэктараў у Ірак без усялякіх умоваў. Тым часам ірацкі міністар энэргетыкі інспэктуе аб’екты ў Менску.

Шматразовыя спробы даведацца праграму і мэты візыту ў амбасадзе Іраку ў Беларусі скончыліся безвынікова. На ўсе пытаньні ў амбасадзе адказваюць так:

(Супрацоўнік амбасады: ) “Я ня ведаю праграму. Яны ўсе зь міністрам — галоўныя асобы. Патэлефануйце ў МЗС, калі ласка, і даведайцеся. Тэлефануйце ў МЗС — вам скажуць”.

Але Міністэрства замежных справаў Беларусі візыт ірацкага міністра не камэнтуе і падрабязнасьцяў не падае. Тым часам крыніца ў Міністэрстве энэргетыкі Беларусі паведаміла, што асаблівую цікавасьць ірацкая дэлегацыя выяўляе да менскай ЦЭЦ-5, якая будавалася як атамная электрастанцыя.

На маю просьбу пацьвердзіць гэта і паведаміць, якія аб’екты наведае ірацкі міністар, супрацоўніца аддзелу замежнаэканамічных сувязяў канцэрну “Белэнэрга” адказала:

(Супрацоўніца канцэрну: ) “Хто вам сказаў сюды зьвяртацца? Проста я ня ведаю, ці магу я вам даваць гэтую інфармацыю. У праграме наведаваньня нашыя прадпрыемствы — БелНІПІ, “Цэнтарэнэргамантаж”... Але гэта неабавязкова, што яны будуць выконваць праграму. Яны могуць яе зьмяніць, натуральна. А што іх зацікавіла — гэтага я вам не скажу”.

У прыёмнай кіраўніка ЦЭЦ-5 мне сёньня сказалі, што ніякіх візытаў ірацкага міністра не плянавалася. Але зь іншых крыніцаў стала вядома, што пэўная падрыхтоўка на станцыі да сустрэчы замежных гасьцей ідзе. Ірацкая дэлегацыя і сёньня, і заўтра працягвае знаёміцца з рознымі аб’ектамі беларускае энэргетыкі. А ўсе гэтыя аб’екты — рэжымныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG