Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АСУДЖАНЫ НА ДВА ГАДЫ “ХІМІІ” РЭДАКТАР ГАЗЭТЫ “РАБОЧЫ” ІВАШКЕВІЧ НАЎРАД ЦІ БУДЗЕ АДБЫВАЦЬ ПАКАРАНЬНЕ Ў МЕНСКУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У якой спэцкамэндатуры будзе адбываць двухгадовае абмежаваньне волі рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч, калі суд вышэйшай інстанцыі пакіне бязь зьменаў вынесены яму ўчора прысуд? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да намесьніка начальніка Камітэту выкананьня пакараньняў Казіміра Шэўчыка.

(Шэўчык: ) “У межах Менскай вобласьці, збольшага. Але трэба глядзець, каб нармалёвымі былі ўмовы, каб людзі ня спалі на падлозе — каб камэндатура не была перанаселеная”.

Спадар Шэўчык распавёў, што звычайна жыхароў пэўнай вобласьці пакідаюць адбываць “хімію” ў межах гэтай вобласьці.

Што да шанцаў менчука Івашкевіча застацца ў Менску, дзе, аказваецца, таксама ёсьць спэцкамэндатура, то спадар Шэўчык ацаніў іх як мінімальныя. Паводле яго, гэтая камэндатура камплектуецца выключна з прафэсійных будаўнікоў, якія занятыя на дзяржаўных будоўлях. А журналіст Івашкевіч да гэтай працы, маўляў, ня вельмі падыходзіць.

Праўда, як шчыра прызнаў Казімір Шэўчык, не асабліва падыходзіць ён і да працы ў сельскай мясцовасьці, дзе давядзецца, паводле міліцыянта, “хадзіць зь віламі”. Між тым, менавіта ў вёсках разьмешчаныя ўсе спэцкамэндатуры Меншчыны. Такім чынам ня выключана, што рэдактару “Рабочага”, як і Міколу Маркевічу ці Паўлу Мажэйку з “Пагоні”, давядзецца ехаць на “хімію” ў нейкі райцэнтар за межамі сваёй вобласьці.

Дарэчы, паводле спадара Шэўчыка, Маркевічу і Мажэйку таксама зрабілі палёгку, адправіўшы адбываць пакараньне аднаго ў Асіповічы, другога — у Жлобін. Гэта нічога, што яны апынуліся амаль за 500 кілямэтраў ад роднай Горадні, затое абодва побач з чыгункай.

(Шэўчык: ) “Мы ж не загналі іх куды ў глыбінку, дзе 50 кілямэтраў невядома як трэба дабірацца да райцэнтру. Наадварот, імкнемся разьмяшчаць людзей гэтак, каб можна было лёгка сесьці на электрычку і паехаць на выходныя дадому”.

Спадар Шэўчык патлумачыў, што ўсе спэцкамэндатуры Гарадзенскай вобласьці разьмешчаныя ў сельскай мясцовасьці, ды яшчэ большая частка зь іх перанаселеная. Маўляў, толькі таму і давялося адправіць гарадзенскіх журналістаў на Магілёўшчыну ды Гомельшчыну. Усяго ж паводле Казіміра Шэўчыка у Беларусі больш 30 спэцкамэндатураў, ці так званых “хіміяў”.

Пакараньне абмежаваньнем волі ў іх адбываюць больш як 6 тысяч чалавек. Яшчэ год таму, пасьля увядзеньня новага Крымінальнага кодэксу, такіх пакараных было нават болей — да 7 тысяч. А потым была амністыя, і частка вызвалілася. Шанец на датэрміновае вызваленьне мае, паводле спадара Шэўчыка, і рэдактар “Рабочага”, але пры ўмове, што ня будзе парушаць правілы. Інакш яго нават могуць адправіць адбываць пакараньне ў калёнію.

Я пацікавіўся ў самога Віктара Івашкевіча, дзе б ён хацеў “хімічыць”, калі ўсё ж давядзецца? Ён адказаў, што, зразумела, лепш было б у Менску, а калі не атрымаецца, тады ня мае значэньня, у які куток Беларусі аго адправяць.

(Івашкевіч: ) “Паўсюдна ў Беларусі ёсьць арганізацыі Беларускага Народнага Фронту. Таму я спадзяюся, што дзякуючы гэтаму паўсюль у мяне будзе доступ да Інтэрнэту, тэлефона, іншых сродкаў сувязі. І потым, мне як намесьніку старшыні БНФ дадуць даручэньне актывізаваць працу мясцовай арганізацыі. Такім чынам, хай баяцца тыя мясцовыя чыноўнікі, дзе я стану на чале БНФ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG