Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Селязьнёў ня супраць інкарпарацыі Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск

Генадзь Селязьнёў разьлічвае зрабіць 2003 год канчатковым годам стварэньня саюзнай дзяржавы, правесьці з гэтай нагоды рэфэрэндумы ў дзьвюх краінах, прыняць Канстытуцыйны акт, правесьці наўпростыя выбары ў парлямэнцкі сход.

Пакуль жа да выкананьня гэтых маштабных праектаў далёка: як прызнаў сам спадар Селязьнёў, праца падрыхтоўчае групы ў справе выпрацоўкі Канстытуцыйнага акту замарозілася, ніяк не ўдаецца заснаваць саюзную газэту і атрымаць дзьве гадзіны тэлеэфіру на расейскім і беларускім тэлебачаньні для прапаганды саюзных праграмаў.

Тым ня менш, цяперашняя крызысная сытуацыя ў расейска-беларускіх дачыненьнях, на думку Генадзя Селязьнёва, часовая, зь яе будзе “дастойнае выйсьце”.

(Селязьнёў: ) “Названыя тры мадэлі, але як мы зразумелі, беларускі бок прыхільны менавіта да трэцяй мадэлі. Ад трэцяй мадэлі ў любым выпадку мы пяройдзем да другой. А далей жыцьцё пакажа, проста тут ня трэба гнаць коней”.

Другі варыянт інтэграцыі — паводле Эўразьвязу, трэці — захаваньне статус-кво, на чым настойвае А.Лукашэнка. Для Селязьнёва другі варынят больш зразумелы, чым трэці. Але другі трэцяму кардынальна не супярэчыць — упэўнены Генадзь Селязьнёў. Не выключае сьпікер Дзярждумы і магчымасьці рэалізацыі ў пэрспэктыве першага варыянту інтэграцыі, агучанага У.Пуціным, — інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі шасьцю абласьцямі на падставе расейскай Канстытуцыі. Вось што Г.Селязьнёў адказаў на пытаньне аб стаўленьні да гэтага варыянту:

(Селязьнёў: ) “А можа калі-небудзь і прыйдзем да яго, але на гэта павінная быць народная воля, прычым народная воля з боку Беларусі”.

Пакуль Генадзь Селязьнёў адказваў на гэтае пытаньне, сьпікер савету рэспублікі нацынальнага сходу Аляксандар Вайтовіч пасьмейваўся. Вось які, на ягоную думку, самы галоўны прынцып у беларуска-расейскай інтэграцыі, ад якога беларускі бок не адступіцца:

(Вайтовіч: ) “Будзем стаяць на тым, што мы будзем з Расеяй будаваць саюзную дзяржаву. А ўсё астатняе будзем вырашаць, як будзе неабходна, так, каб гэта было мэтазгодна”.

Падтрымка беларускай незалежнасьці прыйшла зусім нечакана з украінскага боку, ад прадстаўніка левых сілаў у Вярхоўнай Радзе Сяргея Кіяшкі, які разам з Генадзем Селязьнёвым і Леанідам Козікам зьяўляецца сустаршынём Славянскага сабору. Гаворыць Сяргей Кіяшка:

(Кіяшка: ) “Калі мы гаворым пра саюз, то гэта саюз раўнапраўных дзяржаваў, а не ўваходжаньне нейкай рэспублікі, будзе гэта Беларусь ці то Ўкраіна, у склад Расейскай Фэдэрацыі на правах аўтаноміі ці паўаўтаноміі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG