Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬЛЕДЧЫ ПРАКУРАТУРЫ ПАДАЎ ПАЗОЎ НА ЖУРНАЛІСТКУ “БДГ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Пазоў у суд падаў сьледчы ў асабліва важных справах пракуратуры Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Цераховіч. Менавіта ён дасьледаваў справу пра хабарніцтва ў Гомельскім мэдычным інстытуце.

На падставе матэрыялаў дасьледаваньня вайсковая калегія Вярхоўнага суду пазбавіла волі на восем гадоў былога рэктара мэдінстытуту, прафэсара Бандажэўскага і прарэктара Ўладзімера Раўкова. Пра гэта пісалі шматлікія выданьні, у тым ліку і “Белорусская деловая газета”.

У пазоўнай заяве ў суд Вячаслаў Цераховіч піша, што пра яго як кіраўніка сьледчай групы карэспандэнтка Ірына Макавецкая распаўсюдзіла зьвесткі, якія не адпавядаюць сапраўднасьці, ганьбяць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Пры гэтым згадваюцца тры публікацыі за мінулы год і адна — за сёлетні.

Сьледчы Цераховіч, у прыватнасьці, патрабуе абвергнуць у судовым парадку згадкі ў публікацыях, што ён няправільна кваліфікаваў дзеяньні прарэктара Раўкова, яшчэ да суду незаконна ўтрымліваў яго пад вартай, адмаўляў у аказаньні мэдычнай дапамогі і спатканьнях з жонкай.

Суму кампэнсацыі маральных стратаў з боку газэты і Ірыны Макавецкай сьледчы генэральнай пракуратуры не называе. Аднак заяўляе ў пазове, што зробіць гэта падчас судовага разьбіральніцтва.

Зьвязацца з высокім пазоўнікам сёньня не ўдалося. У пракуратуры краіны адказалі, што Цераховіч у адпачынку. Адказчыца Ірына Макавецкая распавяла наступнае:

(Макавецкая ) “Трэба нагадаць пра тое, што Цераховіч як бы зьяўляецца чалавекам слова. У дадзеным выпадку ён рэалізуе ўласныя пагрозы ў адносінах да мяне. Яшчэ летам мінулага году ў тэлефоннай размове са мною ён пагражаў мне набіць фізіяномію і пасадзіць у турму. Я думаю, што ён выбраў сярэдні варыянт, таму мы будзем удзельнічаць у грамадзянскім працэсе. Лічу, што асноўная прычына таго, што Цераховіч падаў у суд — гэта ягонае пакрыўджанае самалюбства. Калі б ён быў упэўнены на 100 адсоткаў, што паступаў правільна, яму было б дастаткова выраку суду”.
XS
SM
MD
LG