Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ІДЭОЛЯГІ СТВАРАЮЦЬ НОВЫХ СТАХАНАВЫХ І АНГЕЛІНЫХ


Ігар Карней, Менск

Вызначылі і крытэры, якім мае адпавядаць прэтэндэнт на ўзнагароду — працяглы стаж працы камбайнэрам, высокія асабістыя маральныя якасьці, паказчыкі намалоту зерня пры адпаведнай якасьці жніва і, нарэшце, павага да хлеба. Пераможца будзе вызначацца паводле максымальнай сумы пунктаў па кожным паказчыку. І, як і за савецкім часам, яму будуць уручаць вымпэл і грамату, ягоны партрэт павесяць на дошку гонару. Затым — грашовая прэмія з абласнога бюджэту і паведамленьне ў дзяржаўных СМІ. Назіральнікі канстатуюць, што ў Беларусі распачынаецца этап стварэньня ідэалягічных мітаў.

Наўрад ці шараговы мэханізатар са Старых Дарогаў Юры Гельман калі-небудзь думаў, што пасьмяротна стане героем бітвы за ўраджай. Праз год, калі чалавек пэнсійнага ўзросту памёр, ня вытрымаўшы навязанага калгасным кіраўніцтвам тэмпу працы (часта ад шостай раніцы да апоўначы), чыноўнікі Менскага аблвыканкаму палічылі, што надышоў час увасобіць у жыцьцё гістарычныя паралелі. Былі ж у СССР пасьлядоўнікі Пашы Ангелінай ды Стаханава.

Зрэшты, адмысловая пастанова так і пачынаецца: “У памяць пра самаахвярнасьць камбайнэра, у мэтах стымуляваньня шматгадовай працы і ў справе прапаганды вернасьці хлебу як сьвятому абавязку — заснаваць адмысловы імянны прыз сярод узроставых камбайнэраў...”

Чаму героі “зь нізоў”, з “рабочых і сялянаў” запатрабаваліся ўладзе менавіта цяпер? Сваё тлумачэньне дае палітоляг Уладзімер Падгол:

(Падгол: ) “Сёньня даецца старт “новай старой” беларускай савецкай ідэалёгіі. Газэта “Советская Белоруссия” артыкулам “Этот человек — ты!” распачала новую эру ідэалёгіі беларускага камунізму. Слухачам, чытачам кажуць, што будзе вельмі цяжка. Вазьму цытату: “Адна справа — узьнёсла казаць аб патрыятызьме, іншае — адмовіцца ад эўрарамонтаў, ваяжу на Канары, новай машыны альбо палітычных камісійных”.

Адсюль і ўсе савецкія традыцыі, якія абапіраюцца на камуністычную працу: пяцігодку за чатыры гады, бясплатна адпрацаваць некалькі зьменаў, суботнікі... Хутка мы ўбачым цэлы вэер акцыяў, якія маюць сэнсам маральнае ўзнагароджаньне, граматы, дошкі пашаны і г.д. Мы стаім на пачатку таго, што рабілася ў першыя гады стварэньня СССР. Дарэчы, ёсьць наўпростыя намёкі і на экспрапрыяцыю: адмовіцца ад Канараў, новай машыны. Так што ня толькі будзе бясплатная праца; бізнэсоўцы заплацяць вельмі вялікую даніну, каб утрымалася ўлада Лукашэнкі”.

У выпадку ідэалягічнай кананізацыі камбайнэра Юрыя Гельмана мноства маральных нюансаў. Перадусім, чаму людзі сталага веку, пэнсіянэры наагул дапушчаюцца да кіраваньня складанай тэхнікай? Штогод статыстыка траўмаў падчас жніва дасягае дзясяткаў. Не выконваюцца нормы тэхнікі бясьпекі, абеды пад “чарніла” — усё гэта цягне шматлікія калецтвы. Кіраўнікі гаспадарак пры гэтым традыцыйна спасылаюцца на дэфіцыт кадраў ды адсутнасьць зьмены сталым мэханізатарам.

Год ад году сытуацыя толькі ўскладняецца: ужо цяпер сярэдні ўзрост герояў бітваў за ўраджай дасягае 53 гадоў. Натуральнае жаданьне сялянаў больш-менш прыстойна зарабіць на наступныя месяцы (пасьля жніва ў калгасах звычайна плацяць крыху болей за мінімальны заробак), не зважаючы на адпачынак, адбіваецца найперш на здароўі.

Таму спробы Менскага аблвыканкаму (а ёсьць зьвесткі, што ад наступнага году “вялікае пачынаньне” набудзе дзяржаўныя маштабы) заахвоціць перадусім сталых камбайнэраў, якія адпрацавалі ня меней за 15 гадоў, могуць ператварыцца ў новыя бюсты герояў жніва на іхных магілах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG