Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКЦЫЯ “РАЗМАЎЛЯЕМ ПА-БЕЛАРУСКУ”: ПЕРШЫЯ ВЫНІКІ


Галіна Абакунчык, Менск

Акцыя “Размаўляем па-беларуску” — гэта прапанова да грамадзянаў Беларусі часьцей карыстацца роднай мовай. Упершыню аналягічны тыдзень праводзіўся яшчэ ў 1996 годзе. Ініцыятарка ідэі — намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Людміла Дзіцэвіч. Яна кажа, што гэтым разам ініцыятыва мае значна лепшае разуменьне сярод менчукоў і большы посьпех. Гаворыць Людміла Дзіцэвіч:

(Дзіцэвіч: ) “Я хачу параўнаць тыдзень у 1996 годзе і месячнік у гэтым. Па-першае, адносіны самыя спрыяльныя. Адмыслова на вуліцах у людзей распытвалася, ці ведаюць яны пра месячнік “Размаўляем па-беларуску”. Практычна кожны трэці гаварыў, што ведае. Тады я пыталася, як яны ўдзельнічаюць. Спачатку людзі бянтэжыліся, усьміхаліся і казалі, што ніяк ня ўдзельнічаюць. Але, як высьвятлялася пазьней, усё ж-такі ўдзельнічаюць: стараюцца гаварыць, іншым людзям пра гэта распавядаюць. Вельмі мала людзей, якія б нэгатыўна ставіліся да акцыі альбо да беларускай мовы”.

Рэкляму пра акцыю арганізатары разьмясьцілі ў газэтах “Наша слова” і “Новы час”, а таксама ў вагонах сталічнага мэтро. Аднак мэтрапалітэн учора рэкляму зьняў, бо ў грамадзкай арганізацыі не хапіла грошай, каб аплаціць яе да канца месяца. У таварыстве мяркуюць, што гэта нэгатыўна паўплывае на ход ініцыятывы, аднак “Размаўляем па-беларуску” ўсё роўна будзе доўжыцца ўвесь верасень. Акрамя таго, падобныя акцыі будуць праводзіцца й надалей, бо маюць несумненную карысьць, — кажа спадарыня Дзіцэвіч.

(Дзіцэвіч: ) “Лічу, што гэты месячнік вельмі патрэбны, бо мы ставім праблемы, людзі задумваюцца, выказваюць сваё стаўленьне да мовы. Шмат пытаньняў высьвятляецца. І галоўнае, вырашаецца асноўнае пытаньне: народ патрошку загаворвае па-беларуску. Паводле перапісу, 37% грамадзянаў Беларусі размаўляюць на роднай мове. Пасьля верасьня гэты адсотак будзе большы”.
XS
SM
MD
LG