Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ ПЫТАНЬНІ ЛУКАШЭНКУ ХАЦЕЛІ Б ЗАДАЦЬ ЖОНКІ ГАНЧАРА, КРАСОЎСКАГА Й ЗАВАДЗКАГА


Юры Сьвірко, Менск

За суткі да Лукашэнкавай прэсавай канфэрэнцыі каля Палацу Рэспублікі, дзе яна адбудзецца, сабраліся ўдзельнікі "Ланцугу неабыякавых людзей", якія трымалі партрэты Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, якія зьніклі роўна тры гады таму, а таксама Юрыя Захаранкі й Зьмітра Завадзкага.

Удзел у акцыі бралі таксама Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская й Сьвятлана Завадзкая. Чаго яны чакаюць ад жывога эфіру Аляксандра Лукашэнкі? Гаворыць спадарыня Ганчар:

(Ганчар: ) “Мне б вельмі хацелася, каб нехта з журналістаў усё ж такі спытаўся пра зьніклых. Што ён будзе казаць? Тры гады!!! І ўсе ягоныя гэтыя дзікія "оры" ў Дзярждуме з нагоды таго, што яны недзе там зя мяжой, або нехта нешта бачыў, або зьбеглі, яшчэ раз пацьвярджаюць, што ён хлус. Танны такі манюка, дробны прычым”.

А вось як мяркуе спадарыня Красоўская:

(Красоўская: ) “Паколькі ён хоча рабіць сваю прэсавую канфэрэнцыю, дык я лічу, што першае пытаньне, на якое ён павінен будзе адказаць: чаму ён прызначыў генэральным пракурорам чалавека, які падазраецца ў дачыненьні да зьнікненьня палітыкаў? Гэта першае маё пытаньне. А другое: можа быць, ён адкажа, дзеля чаго выдаваўся гэты расстрэльны пісталет са сьледчага ізалятару й чаму гэтыя даты супадаюць з датамі зьнікненьня Ганчара, Красоўскага й Захаранкі. Вось калі ён адкажа на гэтыя пытаньні, можна задаваць іншыя”.

Ірыну Красоўскую падтрымлівае Сьвятлана Завадзкая:

(Завадзкая: ) “Я думаю, ці будзе каму задаць яму гэтае пытаньне. Я думаю, што яго проста не зададуць, на жаль. Я ня ведаю, чаму ў нас так адбываецца, але найчасьцей я, напрыклад, ня бачу, што калі наш прэзыдэнт выступае, каб хто-небудзь задаваў яму такія пытаньні. Гэта здараецца вельмі рэдка. Апошні раз гэта было, мабыць, год таму, перад прэзыдэнцкімі выбарамі. І ўсё – з тых часоў цішыня”.

(Карэспандэнт: ) “А калі б яму ўсё ж задалі такое пытаньне – што б ён, як вы думаеце, адказаў?”

(Завадзкая: ) “Якую-небудзь чарговую хлусьню”.

Са спадарыняй Завадзкай салідарная што да Лукашэнкі ягоная даўняя знаёмая Зінаіда Ганчар:

(Ганчар: ) “Выкручвацца ён, вядома, навучыўся за тры гады. І наконт гэтай праблемы ён па сутнасьці пастаянна крычаў, што мае нейкія дакумэнты, нейкія факты. Тым ня менш за тры гады – за тры гады!!! – мы нічога ня ведаем пра сваіх мужоў.

Тым больш, што да нашай сям'і – ён вельмі добра ведае мяне, вельмі добра ведае нашу сям'ю, таму невінаваты чалавек, напэўна, прыбег бы першы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG