Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УПЕРШЫНЮ Ў БЕЛАРУСІ: СУД НАД ХАКЕРАМ; ЯК ЗЬМЯСЬЦІЦЬ СВАЕ НАВІНЫ Ў ІНТЭРНЭЦЕ; БЕЛАРУСКІЯ ІНТЭРНЭТ-АПЫТАНЬНІ ДЫ ІНШАЕ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

18 верасьня ў Цэнтральным судзе беларускай сталіцы пачнецца першы ў гісторыі краіны судовы працэс над хакерам. Тэхнічны дырэктар унітарнага прадпрыемства Аляксандар Рубацкі падазраецца ў выкраданьні кампутарнай праграмы Маскоўскага акцыянэрнага таварыства “Кіберплатком”, а таксама ў распрацоўцы, ужываньні й распаўсюджаньні шкодных праграмаў – гэтак званых кампутарных вірусаў, “траянскіх коней” і “кампутарных чарвякоў”.

У выпадку, калі віна Рубацкага будзе даказаная ў судзе, яму пагражае грашовае пакараньне альбо пазбаўленьне волі да двух гадоў.

Між тым, варта згадаць, што крымінальныя, так бы мовіць, інтэрнэт-справы ў Беларусі не навіна. На прыканцы году летась прайшлі судовыя працэсы над гэтак званымі “карцерамі” – чыя сфэра дзейнасьці абмежаваная крадзяжамі з ужываньнем чужых крэдытных картак. Гэты гатунак злачынстваў упершыню зафіксаваны ў Беларусі 20 лістападу 1998 году, а ўжо праз тры гады татырохгадовы тэрмін атрымаў студэнт менскай вышэйшай навучальнай установы, чыё прозьвішча трымалася ў сакрэце.

18 верасьня пачынаецца працэс першага хакера, а пакуль нагадаю, што у Беларусі максымальны тэрмін зьняволеньня за крадзяжы з ужываньнем кампутара складае 15 гадоў – як і ў Кітаі.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як стаць аўтарам навіны ў Інтэрнэце? Калі вы маеце, што паведаміць сваім суайчыньнікам, Інтэрнэт-старонка BARCNEWS – для вас. Калі вы хочаце нешта даведацца – гэтая ж старонка можа стаць адной з крыніцаў інфармацыі. Старонка таксама прапаноўвае два разы на тыдзень рассылку навінаў. У BARCNEWS працуюць усяго чатыры чалавекі. Адзін зь іх – сёньняшні выканальнік абавязкаў дырэктара, журналіст Віталь Алексіёнак – мой суразмоўца:

Што азначае назва BARCNEWS?”

(Алексіёнак: ) “Першая частка – BARC – Беларуская Асацыяцыя Рэсурсавых Цэнтраў. А NEWS – гэта з ангельскай – навіны”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Стварыць інфармацыйную старонку ў Інтэрнэце досыць складана, паколькі ёсьць вялікія фірмы, арганізацыі, якія працуюць над зборам інфармацыі, апрацоўкай... Як вы зьбіраеце інфармацыю?”

(Алексіёнак: ) “У нас інфармацыя зьбіраецца некалькімі шляхамі: праз мэтанакіраваны пошук (самімі супрацоўнікамі нашага офісу), дасылаюць нам інфармацыю нашыя інфарматары з усёй Беларусі, а таксама мы робім агляд рэгіянальнай прэсы, таму што, на нашую думку, зараз існуе вакуўм рэгіянальных навінаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “У мэню вашай старонкі ёсьць катэгорыя “Дадаць навіну”. Ці гэта азначае, што кожны, хто пажадае, можа гэта зрабіць?”

(Алексіёнак: ) “Кожны наведнік сайту можа дадаць навіну. Адміністратар атрымае гэтую навіну й паглядзіць: калі там ня будзе ніякіх хібаў, можа паправіць граматыку і зьмесьціць яе на сайце”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як складаюцца вашыя адносіны з уладамі? Ці ёсьць на вас які-небудзь ціск?”

(Алексіёнак: ) “Ціску на нас няма з той простай прычыны, што мы ня можам зарэгістравацца, бо сёньняшні “Закон аб СМІ” не рэгіструе Інтэрнэт-СМІ. Калі ж казаць пра наш сайт, то летась, перад выбарамі, ён быў зачынены адным зь першых... Відаць, нашым правайдарам”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Якая статыстыка наведваньняў?”

(Алексіёнак: ) “На гэты час, а мы існуем год і тры месяцы, нас наведалі каля 6 тысячаў унікальных наведнікаў. Натуральна, што бальшыня наведнікаў зь Беларусі, значная частка з Расеі, Польшчы й Нямеччыны. Аднак, сустракаюцца й такія экзатычныя краіны як Конга, альбо краіны Акіяніі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Нагадаю, гэта быў выканальнік абавязкаў дырэктара BARCNEWS, журналіст Віталь Алексіёнак. Да сказанага ім дадам, што ў плянах рэдакцыі стварэньне віртуальна-рэсурснага інфармацыйнага цэнтру й асобнай інфармацыйнай агэнцыі збору рэгіянальных навінаў.

Беларускі інтэрнэт пашырае сваё поле дзейнасьці. Ад інфармацыйных праектаў – да ўтылітарных, прынцыпова камэрцыйных.Упершыню ў практыцы гандлю праз інтэрнэт у Беларусі зьявіўся праект, цалкам арыентаваны на спажыўцоў у сеціве. Праз адрас www.marker.by можна замовіць шырокі спэктар канцылярскіх прыналежнасьцяў і тавараў для офісу ці дому. У віртуальнай краме пабываў і наш карэспандэнт Ігар Карней”.

(Карней: ) “Marker.by — першая ў Беларусі інтэрнэт-крама з уласнай бухгальтэрыяй, аддзелам мэнаджэраў і службай дастаўкі. Паколькі арыентавацца ў новай справе можна пакуль толькі на замежны досьвед, пытаюся ў заснавальніка і гаспадара віртуальнай крамы Ігара Сташкевіча, ці прыбыткова працаваць празь сеціва?”

(Сташкевіч: ) "Гэта значна таньней, чым рэальную краму заснаваць. Справа выгадная, калі выйсьці на пэўны ўзровень. На пачатку, яна, зразумела, стратная, але, залежна ад тавару, існуе свой узровень, пасьля чаго яна робіцца прыбытковай. Хоць у той жа Амэрыцы былі прыклады, калі ўкладалі вялізныя грошы, мільёны даляраў, у інтэрнэт-праекты, і ў рэшце гэтыя буйныя праекты "прагарэлі". Бо ня здолелі выйсьці на той узровень, які дае прыбытак."

(Карней: ) "Ну, а вы паступова выходзіце на гэты ўзровень?"

(Сташкевіч: ) "Так".

(Карней: ) "Пералік тавараў да продажу сапраўды ўражвае: пошукавая сыстэма выдае характарыстыкі на 1311 найменьняў асартымэнтнага пераліку. Адных толькі тэматычных прапановаў некалькі дзясяткаў: пісьмовыя, настольныя і канцылярскія прыналежнасьці, папера ўсіх відаў, офісныя і кампутарныя аксэсуары і шэраг іншага. Гаспадар крамы з задавальненьнем гаворыць, што ўжо зьявіліся і сталыя кліенты: кошты на тавары значна ніжэйшыя, чым у звычайных крамах, бо няма неабходнасьці закладаць у цану тавару выдаткі за арэнду памяшканьня ды заробак вялікага штату супрацоўнікаў”.

(Сташкевіч: ) "Асноўны карыстальнік — гэта фірмы сярэдніх памераў. Таму што індывідуальным спажыўцам, хоць іх і шмат ходзіць па інтэрнэце, гэта, можа, ня так цікава: у нас аплата безнаяўная і мы асабліва на гэтую катэгорыю не разьлічваем. А вось невялікая фірма — гэта тое, што трэба, у іх звычайна і замовы большыя паводле аб'ёмаў, што само па сабе цікавей з фінансавага гледзішча. Індывідуальны ж спажывец цікавы толькі тады, калі здольны аплаціць па той тэхналёгіі, якой у нас няма: скажам, плястыкавай карткай, пасьля чаго тавар дашлюць па пошце. Тады фінансава ён цікавы. А пакуль у нас такога няма, то мы гэтую сфэру і не спрабуем асабліва ахапіць".

(Карней: ) "Натуральна, узьнікае лягічнае пытаньне: ці можна разьлічваць, што падобныя праекты стануць у Беларусі, як і ва ўсім цывілізаваным сьвеце, звычайнай зьявай? Спадар Сташкевіч кажа, што пакуль што спажыўцоў у Беларусі наўрад ці можна паставіць у адзін шэраг з эўрапейскімі краінамі, дзе празь сеціва ажыцьцяўляюцца буйныя бізнэс-праекты. Але нават арыентацыя на сярэдні і малы бізнэс, паколькі ў Беларусі ён слаба разьвіваецца, не дае магчымасьці шырока разгарнуць справу. І, відавочная праблема – адсутнасьць у Беларусі ўвогуле досьведу кармэрцыйнага выкарыстаньня інтэрнэту”.

(Сташкевіч: ) "З аднаго боку ведаў не хапае, з другога — не хапае грошай. Тым больш, што гэта ня тое, як многія сабе ўяўляюць: маўляў, дастаткова разьмясьціць краму ў інтэрнэце, і ўсё па інэрцыі пойдзе. Якраз сапраўднае ўкладаньне грошай пачынаецца пасьля таго, як ўсё зроблена і разьмешчана. А вось на гэта людзі часта і не разьлічваюць: няма досьведу працы ў такой галіне. Адмыслоўцы павінны быць з двух галін: праграмісты, якія займаюцца кампутарам і аднаўленьнем інтэрнэт-крамы, а з другога — людзі, якія займаюцца непасрэдна продажам".

(Карней: ) "Паводле спадара Сташкевіча, “marker.by працуе з захаваньнем усіх патрабаваньняў беларускіх законаў, а ўвесь тавар мае неабходныя сэртыфікаты адпаведнасьці, дакумэнтацыі і гарантыі. А таму ўвесь тавар інтэрнэт-крамы – арыгінальны, ад усясьветна вядомых фірмаў. Падробак спадар Сташкевіч не прапануе”.


***

(Сокалаў-Воюш: ) “Калі вы цікавіцеся інтэрнэтнымі крамамі, раджу вам зазірнуць на старонку: “http://shop.by/about.html. З гэтай, так бы мовіць, стартавай пляцоўкі вы можаце зрабіць падарожжа ў кнігарні, мэблевыя, аўтамабільныя, сувэнірныя, спартовыя і іншыя крамы”.

А цяпер пройдземся па старонках беларускіх Інтэрнэт-апытаньняў:

Ці сталі Вы часьцей размаўляць па-беларуску з нагоды месячніка беларускай мовы, які абвешчаны з 1 верасьня? – пыталася сваіх чытачоў кампанія БелаПАН.

На момант падрыхтоўкі перадачы, 15% удзельнікаў адказалі на гэтае пытаньне станоўча, 23% паабяцалі паспрабаваць часьцей ужываць беларускую мову і 64% нават не зьбіраюцца гэтага рабіць.

Ці павінны прадпрымальнікі працягваць страйк? На гэтае Інтэрнэт-пытаньне “Белорусской деловай газеты” ўсе 100% апытаных адкінулі варыянты адказу: не, так і ня ведаю, ды пагадзіліся на тым, што трэба знайсьці больш дзейсныя ўплывы на ўладу.

Інтэрнэт-газэта “Белорусские новости” пытаецца ў сваіх чытачоў: Ці пагодзіцца афіцыйны Менск на рэфэрэндум пра ўваход Беларусі ў склад Расеі? Са 144 удзельнікаў рашучае “не” выказалі 70% апытаных, 20% ня менш рашуча адказалі “так”, а рэшта – альбо няведае, альбо мае іншы адказ.

Ад пятніцы Інтэрнэт-старонка беларускай Свабоды задае пытаньне: Ці магчымая, на Вашую думку, перамога над тэрарызмам у 21-м стагодзьдзі? Ужо ў першыя гадзіны вакол праблемы завязалася інтрыга: тры адказы і ўсе тры розныя: так, не, ня ведаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG