Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ПРАЙШЛІ АКЦЫІ ДА ЎГОДКАЎ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ВІКТАРА ГАНЧАРА ДЫ АНАТОЛЯ КРАСОЎСКАГА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

А палове на пятую вечара тутэйшыя сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі выправіліся калёнаю па цэнтральнай віцебскай вуліцы Леніна. 12 удзельнікаў гэтага несанкцыяванага шэсьця несьлі партрэты зьніклых роўна 3 гады таму Віктара Ганчара ды Анатоля Красоўскага, а таксама Юрыя Захаранкі ды Зьмітра Завадзкага. Мінакам раздаваліся ўлёткі з партрэтамі гэтых зьніклых беларускіх грамадзянаў ды лёзунгам “Хочам ведаць праўду!”

Каля славутага “Сіняга дому” калёна спынілася – шэсьце ператварылася ў пікет. Старшыня гарадзкае арганізацыі АГП Алена Залеская праз мэгафон зьвярнулася да віцяблянаў з аповядамі пра лёсы зьніклых людзей, чые партрэты трымалі астатнія удзельнікі акцыі. Утварыўся жывы “ланцуг неабыякавых людзей” – традыцыйная ды найбольш папулярная спаміж землякоў акцыя віцебскай філіі АГП.

Дарэчы, сярод удзельнікаў сёньняшняй акцыі было як ніколі шмат пэнсіянэраў; насуперак досыць распаўсюджанаму меркаваньню пра непапулярнасьць дэмакратычных ідэяў у людзей сталага веку, у віцебскіх шэрагах АГП прадстаўнікоў гэтай узроставай катэгорыі апошнім часам значна пабольшала… І мінакі-віцябляне сёньня ставіліся да пікетоўцаў старэйшага веку з асабліваю павагай. А вось міліцыянты, праходзячы ўзбоч пікету, яго нібыта не заўважалі. Так што яшчэ адной асаблівасьцю сёньняшніх несанкцыянаваных акцыяў можна лічыць і тое, што адбыліся яны без затрыманьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG