Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ АДМІНІСТРАЦЫІ ЛУКАШЭНКІ ЗАТРЫМАЛІ ПІКЕТОЎЦАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Пікет зладзілі трое грамадзянаў Беларусі: Георгі Саламенік, Міхаіл Тарасюк і Зьміцер Філіповіч. Усіх траіх затрымалі невядомыя ў цывільным.

Роўна гадзіну насупраць вокнаў прэзыдэнцкай адміністрацыі ўдзельнікі пікету трымалі плякат з надпісам: “Лукашэнка, мінула тры гады: дзе Ганчар, Красоўскі, Захаранка й Завадзкі?”

Некаторыя мінакі раілі хлопцам ехаць у вёску капаць бульбу, але многія спыняліся, каб прачытаць плякат і нават паціскалі рукі пікетоўцам. Улёткі, якія ахвотна бралі мінакі, у хлопцаў папрасіў нават адзін з прэзыдэнцкіх ахоўнікаў.

У лісьце, у прыватнасьці, гаварылася, што беларускія ўлады маюць хаўрус з расейскімі ўладамі, і зьнікненьне вядомых апанэнтаў рэжыму — гэта іх агульная справа. Таму сёньняшні пікет удзельнікі называюць яшчэ й антырасейскай акцыяй. Гаворыць Георгі Саламенік:

(Саламенік: ) “Лічым, што ў гэтым зьнікненьні замешаныя як Лукашэнка, так і Масква. Таму, мы як грамадзяне Беларусі выказваем свой пратэст супраць палітыкі дзейнага рэжыму і супраць аб’яднаньня з Лукашэнкам”.

Да ўдзельнікаў акцыі некалькі разоў падыходзілі розныя міліцэйскія чыноўнікі, у тым ліку ў цывільным, і прасілілі разысьціся. Пікетоўцы казалі, што гатовыя да затрыманьня й што яны ведаюць, што іхнае пытаньне найхутчэй застанецца без адказу. Але сваёй акцыяй яны хочуць дасягнуць яшчэ адной мэты. Гаворыць Зьміцер Філіповіч:

(Філіповіч: ) “Мы паказалі ўладзе, што беларускае грамадзтва не забыла пра гэтых вядомых палітыкаў і чакае адказу на пытаньне, дзе яны”.

Калі пікетоўцы ўжо зьбіраліся сыходзіць, да іх нечакана пад’ехала цывільная машына, зь якой выскачылі некалькі невядомых людзей таксама ў цывільным. Яны схапілі хлопцаў, пасадзілі ў машыну і павезьлі ў невядомым кірунку. Амонаўцы і міліцыянты, якія стаялі побач, адмовіліся паведаміць, хто гэта быў і куды накіравалася машына з затрыманымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG