Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯК УПЛЫВАЕ КРЫЗЫС БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІХ ДАЧЫНЕНЬНЯЎ НА ПРАЦЭСЫ Ў АСЯРОДКУ АПАЗЫЦЫІ?


Валер Карбалевіч, Менск

Вядучы Валер Карбалевіч, удзельнікі — старшыня Гомельскага абласнога аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктар Карнеенка і палітычны аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Паўлюк Быкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнія палітычныя падзеі даюць падставу сьцьвярджаць, што расейскі фактар вельмі моцна ўплывае на палітычнае жыцьцё Беларусі. І любыя зьмены ў беларуска-расейскіх адносінах значна ўплываюць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі.

У прыватнасьці, кафлікт з Расеяй ужо выклікаў пэўныя працэсы, зрухі ў асяродку апанэнтаў Лукашэнкі. Так, Л.Сініцын і А.Ярашук падтрымалі ідэю правядзеньня рэфэрэндуму аб беларуска-расейскіх дачыненьнях. Аб’яднаная грамадзянская партыя ўступіла ў перамовы з Саюзам правых сілаў Расеі аб беларуска-расейскай інтэграцыі.

З другога боку, Беларускі Народны Фронт выступіў з ініцыятывай стварыць кааліцыю ў абарону незалежнасьці і супраць дыктатуры. Група партыяў (БСДП “Народная грамада” на чале з М.Статкевічам, ЛДП на чале з С.Гайдукевічам, БПП на чале з А.Бухвоставым, частка Жаночай партыі “Надзея”) выступілі з заявай, у якой асуджаюць дзеяньні, якія яны лічаць здрадай Беларусі, гандлем з Расеяй.

Такім чынам, наколькі сапраўды вялікі ўплыў канфлікту паміж афіцыйным Менскам і Масквой на канфігурацыю ў апазыцыйным асяродку?”

(Карнеенка: ) “Гэтыя падзеі, безумоўна, адаб’юцца на дзеяньнях апазыцыі ня толькі цяпер, але і на больш далёкую пэрспэктыву. Першае, я лічу, што гэты кафлікт даў выразны знак вэртыкалі. Другое, ён можа падштурхнуць да адкрытай палітычнай дзейнасьці новых асобаў, якія, магчыма, чакалі такога вось моманту. Я маю на увазе, прынамсі, ня толькі людзей з вэртыкалі, а і навукоўцаў, бізнэсоўцаў і г.д.

Што тычыцца палітычных партыяў, то гэтыя падзеі прымусяць іх да больш актыўнай дзейнасьці. Таму што ўлетку яны звычайна адпачываюць. А зараз ёсьць падстава выпрацаваць свой пункт гледжаньня і магчымасьць засьведчыць свае пазыцыі. Таму я згодны з тым, што адносіны з Расеяй ёсьць важным чыньнікам беларускага палітычнага жыцьця. І таму ўсе палітычныя сілы павінныя будуць улічваць яго ў сваёй дзейнасьці”.

(Быкоўскі: ) “Пагаршэньне дачыненьняў Лукашэнкі з кіраўніцтвам Расеі вядзе да аслабленьня самого Лукашэнкі. Бо дачыненьні з Расеяй — гэта тэза, зь якой ён ішоў на выбары і ўвесь час высоўваў наперад. Паколькі цяпер інтэграцыя з самім сабой немагчыма, то гэты канфлікт з Масквой аслабляе пазыцыі Лукашэнкі.

А калі аслабляюцца пазыцыі Лукашэнкі, то ўсе ягоныя апанэнты будуць спрабаваць выкарыстаць гэта. Праўда, спрэчна, наколькі гэта можа атрымацца, таму што цяперашняе пагаршэньне стасункаў з Масквой неабавязкова працягнецца дастаткова доўга”.

(Карбалевіч: ) “Мне здаецца, што ў Беларусі склалася даволі дзіўная сытуацыя. Нягледзячы на тое, што афіцыйныя СМІ восем гадоў прапагандавалі інтэграцыю з Расеяй, у краіне няма палітычных сілаў, якія б выступалі з панславісцкай палітычнай плятформай.

З 18-ці зарэгістраваных палітычных партыяў няма ніводнай, якая б выступала за далучэньне Беларусі да Расеі. Гэта значыць, што прыхільнікі гэтай ідэі ня могуць сабраць нават 1 тысячу сяброў, як патрабуе закон для рэгістрацыі партыі.

На апошніх дэмакратычных выбарах у Беларусі, выбарах у Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ў 1995 годзе палітычныя сілы панславісцкай арыентацыі не змаглі заваяваць ніводнага дэпутацкага мандату. Як ні дзіўна, зараз у краіне няма ніводнай газэты, якая б выступала з такой пазыцыі. Апошняя газэта такога кшталту зьнікла, здаецца, чатыры гады таму.

І таму ўзьнікае пытаньне: ці магчымае цяпер зьяўленьне ў Беларуі антылукашэнкаўскай прарасейскай апазыцыі? Магчыма, што ўсе спробы беларускіх палітыкаў выкарыстаць гэтую сытуацыю, навязаць кантакт з Масквой — гэта проста гульня.

Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што ні Л.Сініцын, ні А.Ярашук не падтрымалі ініцыятыву Пуціна аб далучэньні Беларусі да Расеі. Яны пакуль што выказваюцца толькі за тое, каб правесьці рэфэрэндум і спытаць у народу. Такім чынам, наколькі верагоднае зьяўленьне ў Беларусі антылукашэнкаўскай прарасейскай апазыцыі?”

(Карнеенка: ) “Каб узьдзейнічаць на Расею, Лукашэнка пачаў называць лічбы, якія сьведчаць пра тое, колькі Беларусь губляе ад інтэграцыі. Але гэта дэзарыентавала беларускіх грамадзян. Яны сталі задаваць сабе пытаньні — дык у чым жа тады сэнс гэтай інтэграцыі? Каб толькі забясьпечваць расейскія інтарэсы?

І гэтая абставіна будзе стрымліваць узьнікненьне апазыцыйнай прарасейскай групоўкі. Я не выключаю, што такія ініцыятывы могуць зьявіцца, але, я лічу, яны будуць беспасьпяховыя. Я не скажу, што ня толькі палітыкі, але і насельніцтва ўсьвядоміла каштоўнасьць незалежнасьці, але ўсё ж час сваю ролю адыграў. І стварыць тут нейкую прарасейскую партыю будзе няпроста”.

(Быкоўскі: ) “Я згодны з тым, што цяпер у нас няма прарасейскай партыі, і нават у мінулым усе спробы таго ж Славянскага сабору “Белая Русь” правесьці сваіх дэпутатаў ня мелі плёну. Але калі сытуацыя будзе мяняцца, а Расея будзе актыўна падтрымліваць тут прарасейскія сілы, то такая партыя можа зьявіцца.

На мой погляд, такая партыя магла б узьнікнуць на аснове Беларускага аб'яднаньня “Яблыка”, якое ўзначальвае В.Абрамава. Бо гэтая арганізацыя дастаткова прыхільна ставіцца да Расеі й досыць крытычна — да палітыкі сёньняшняга беларускага кіраўніцтва. Іншая справа, што гэтая партыя ня будзе панславісцкай. Але чаму абавязкова яна мусіць быць такой?

Рэальна ў нашых умовах апазыцыя мусіць мець стасункі як з Захадам, так і з Расеяй. Іншая рэч, якія гэта будуць стасункі, і ці ня будуць яны перашкаджаць існаваньню незалежнай дзяржавы. А менавіта апошняе стала сьцьвярджаць БСДП “НГ” на чале з М.Статкевічам пасьля надрукаванай тэлефоннай размовы А.Лябедзькі з Б.Нямцовым”.

(Карбалевіч: ) “Вось сп. Карнеенка выказаў думку, што беларуска-расейскі канфлікт разбудзіў партыі ад летняй сьпячкі. Дык можа і добра, што гэтыя падзеі падштурхнулі да нейкіх зрухаў у асяродку апазыцыі? Можа, яны дапамогуць пераадолець пэўны застой?

Але ёсьць і іншы варыянт разьвіцьця падзеяў. Магчыма, гэты канфлікт паміж афіцыйным Менскам і Масквой выклікае раскол апазыцыі, партыі пачнуць змагацца паміж сабой. І той кволы саюз, які існуе паміж апазыцыйнымі партыямі, разбурыцца. І ўсё гэта на карысьць рэжыму. Наколькі верагодны цяпер раскол апазыцыі?”

(Карнеенка: ) “Па-першае, я б адзначыў, што цяперашнія аб’яднаньні апазыцыйных партыяў — КРДС, КРАПП — носяць умоўны характар. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яны існуюць фармальна. Таму ня трэба ўнутраныя праблемы, крызысы ў гэтых структурах называць расколам апазыцыі. Хаця, безумоўна, такая небясьпека існуе. Сэпаратныя захады асобных партыяў шкодныя для адзінства апазыцыі. А я прыхільнік яднаньня ўсіх апазыцыйных сілаў.

Мне здаецца, праблема можа паўстаць і ўнутры саміх партыяў. Сябры партыяў могуць спытаць у свайго кіраўніцтва, ці мелі яны права рабіць такія захады?

Дастаткова выразна сёньня канструююцца два блёкі апазыцыйных палітычных партыяў: левы і правы. І чаго тут больш — шкоднага ці карыснага, сказаць цяжка. Можа, больш карыснага. Але гэта наўрад ці зьвязана з тэмай нашай сёньняшняй размовы. Гэтае разьмежаваньне хутчэй ідэалягічнае. Таму што ўсіх апазыцыянэраў яднае цяпер ня тое, што яны аднадумцы, а тое, што яны сябры па няшчасьці”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы паставіць пад сумнеў тэзу пра тое, што беларускія апазыцыйныя партыі аб’ядноўваюцца на падставе ідэалягічнай блізкасьці.

Напрыклад, якая ідэалёгія ў Лібэральна-дэмакратычнай партыі С.Гайдукевіча? Я б на гэтае пытаньне так адразу і ня змог бы адказаць. Вядома, што да гэтага часу С.Гайдукевіч выступаў з пазыцыі інтэграцыі з Расеяй, быў актыўным інтэгратарам. І некалі нават прапаноўваў правесьці рэфэрэндум аб хутчэйшай інтэграцыі з Расеяй. Зараз генэральная лінія зьмянілася, і Гайдукевіч таксама разам з генэральнай лініяй зьмяніў сваю арыентацыю.

Таму мне здаецца, што тут ня столькі ідэалягічныя, колькі тактычныя чыньнікі ўплываюць на гэтую канфігурацыю. Сп. Быкоўскі, а Вы як лічыце, наколькі верагодны цяпер раскол апазыцыі адносна дачыненьняўз Расеяй?”

(Быкоўскі: ) “На маю думку, раскол немагчымы, бо ў прынцыпе няма чаму раскалвацца. Рэальна апазыцыйныя партыі ня здолелі даказаць, што яны працуюць разам. Аб’яднаньне хутчэй зьяўляецца лёзунгам. Справа ў іншым.

Крызыс у апазыцыі сапраўды ёсьць. Але ён мала зьвязаны з апошнімі падзеямі ў стасунках Беларусі й Расеі. Крызыс у тым, што старое памірае, а новае пакуль што ня можа нарадзіцца. Бо пакуль ня ўзьніклі ўмовы. Магчыма, нейкія падзеі могуць падштурхнуць беларускія партыі да адраджэньня. І тады мы зможам казаць пра раскол у апазыцыі паміж старой, якая прывыкла працаваць у пэўных умовах, і новай, якая можа нарадзіцца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, мы можам зазначыць, што канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй паўплываў на працэсы ў асяродку беларускай апазыцыі. Адбываюцца пэўныя зрухі, ствараюцца новыя канфігурацыі. Цяжка сказаць, наколькі прынцыповымі могуць быць гэтыя зьмены, наколькт гэты канфлікт паўплывае на ўтварэньне новых блёкаў. І самы галоўны чыньнік тут — гэта пытанне пра тое, як доўга будзе працягвацца беларуска-расейскі крызыс”.
XS
SM
MD
LG