Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПРАПАНУЮЦЬ ЛУКАШЭНКУ СТВАРЫЦЬ КАНЦЭПЦЫЮ РАЗЬВІЦЬЦЯ БІЗНЭСУ Ў КРАІНЕ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

На пляцоўцы ля палацу культуры заводу штучнага валакна ў абласным цэнтры сабраліся прадпрымальнікі, актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі і яе кіраўнік Анатоль Лябедзька — усяго каля паўсотні чалавек.

Супрацоўнікі міліцыі настойліва прасілі разысьціся прысутных, бо дазволу на мітынг гарадзкая ўлада не дала, папярэдзілі аб адказнасьці за правядзеньне і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Анатоль Лябедзька і ягоныя паплечнікі спрабавалі пераканаць міліцыянтаў, што будуць праводзіць ня мітынг і ня сход, а толькі сустрэчу. Аднак арганізатары акцыі не выключаюць, што заўтра атрымаюць позвы ў міліцыю для разьбіральніцтва.

Анатоль Лябедзька распавёў прадпрымальнікам пра эканамічную праграму партыі, адказаў на пытаньні пра міжпартыйныя зносіны і палітыку ў дачыненьні да Расеі. Магілёўскіх прадпрымальнікаў заклікалі аб’ядноўвацца і вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, якія б маглі адстойваць інтарэсы прыватнікаў.

Удзельнікі сустрэчы паставілі свае подпісы пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі. Ініцыятары напісаньня гэтага звароту лічаць, што беларускія прадпрымальнікі апынуліся цяпер у безвыхадным становішчы. А таму вылучаюць свае прапановы для стварэньня спрыяльнага нарматыўна-прававога і адміністрацыйнага асяродку для разьвіцьця прадпрымальніцтва ў краіне.

Магілёўскія прадпрымальнікі прапануюць стварыць групу экспэртаў, якая падрыхтуе і падасьць для абмеркаваньня ў грамадзтве канцэпцыю разьвіцьця бізнэсу ў Рэспубліцы Беларусь.
XS
SM
MD
LG