Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НОЧ З 13 НА 14 ВЕРАСЬНЯ НЕВЯДОМЫЯ МОЦНА ЗЬБІЛІ Й АБРАБАВАЛІ АПАЗЫЦЫЙНАГА ПАЛІТЫКА АЛЯКСЕЯ КАРАЛЯ


Ганна Соўсь, Менск

Калі стаіш ля пад’езду дома Аляксея Караля па вуліцы Чырвонай, на месцы, дзе адбыўся напад, добра бачны будынак Акадэміі міліцыі. Але ўвечары 13 верасьня, калі Аляксей Кароль вяртаўся дахаты пасьля паездкі ў Вільню, ніводнага міліцыянта побач зь ягоным домам не было. Апроч таго, не гарэў ліхтар ля пад’езда. Распавядае Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “У мяне, Валянціны Палевіковай і спадара Шушкевіча ў Вільні была сустрэча з нашымі літоўскімі калегамі Юршанасам, першым намесьнікам Бразаўскаса па партыі, і Алексасам, таксама першым намесьнікам. Вярталіся мы апошнім аўтобусам, і я быў ля дома каля 11 гадзінаў. Ішоў ад праспэкту праз нашыя двары. Я ня чуў, каб за мной ішлі. Апошняе маё сьвядомае ў прытомнасьці дзеяньне — я адчыняў дзьверы пад’езда.

І потым зноў асэнсаванае сьвядомае — памятаю, як наш сусед Аляксей Фралоў на вуліцы падыходзіць да мяне й кажа: “Спадар Аляксей, што з Вамі здарылася?” Калі я ўжо прыйшоў дахаты, на пытаньне жонкі: “Дзе ты быў?”, я адказаў, што ня памятаю. Балела патыліца, там таксама была кроў. Я зразумеў, што ззаду нехта нечым ўдарыў мяне”.

Пазьней лекары паставяць дыягназ Аляксею Каралю — страсеньне мазгоў. Невядомыя злачынцы абрабавалі палітыка — узялі партаманэ, дзе быў пашпарт, і крыху грошай, а таксама сумку з рэчамі.

Ужо ўначы Аляксей Кароль даў паказаньні сьледчым з Савецкага райаддзелу міліцыі. Жонка палітыка Вольга Кароль узгадвае адметныя дэталі таго дня:

(Вольга Кароль: ) “Алёша ад’ехаў а сёмай гадзіне, а а восьмай раздаўся тэлефонны званок, і мужчынскі вельмі прыемны голас, не прадставіўшыся, папрасіў Аляксея. Я сказала, што яго няма, а што будзе ён позна, каля 10 гадзінаў. Ён запытаўся, ці можна патэлефанаваць пазьней. Я сказала, што можна. І потым увечары ніхто не тэлефанаваў”.

Аляксей Кароль, старшыня выканкаму Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай кааліцыі, мяркуе, што, хутчэй за ўсё, гэта быў не выпадковы напад, і, магчыма, ён быў зьвязаны зь ягонай палітычнай дзейнасьцю. Ёсьць шэраг супадзеньняў. У той вечар Валянціну Палевікову зь віленскага аўтобуса сустракаў яе сын зь сябрамі. Аляксей Кароль працягвае:

(Кароль: ) “Сын правёў маці да кватэры, а потым вярнуўся да сяброў і пабачыў, што там ідзе бойка. Два чалавекі кінуліся на гэтых хлопцаў, а калі падбег ён, трэці, яны рэтыраваліся. Вось гэты эпізод здымае вэрсію выпадковасьці чыста крымінальнага характару. І потым ужо ўзьнікаюць асацыяцыі — гэткім жа чынам два месяцы таму быў зьбіты муж Палевіковай. І прыкладна такі ж выпадак у пад’езьдзе адбыўся з грамадзкім актывістам Іванам Анташкевічам падчас выбарчай кампаніі”.

Аляксей Кароль адчувае сябе пакуль даволі кепска. Наступны тыдзень, паводле прадпісаньняў лекараў, ён павінен заставацца дома. Дарэчы, з прычыны адсутнасьці пашпарту ён ня здолее ўзяць удзел у некалькіх раней заплянаваных важных сустрэчах у Польшчы і Літве.
XS
SM
MD
LG