Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКАЯ Ў ЦЫГАНОЎ ВЕРА І МАРАЛЬ?


Кастусь Бандарук, Прага

У амаль 40 краінах сьвету жывуць арганізаваныя грамады цыганоў. Некалі качэўнікі, а зараз больш аседлыя, яны жывуць даволі адасоблена, паводле сваіх нормаў і традыцыяў. Яны праслылі сваёй музыкальнасьцю, свабодай і незалежнасьцю, але існуюць і нэгатыўныя стэратыпы пра іх: што ня хочуць працаваць, што крадуць і ашукваюць. А якая ў цыганоў вера і мараль? Ці ў кантэксьце нэгатыўнага стаўленьня да іх з боку мясцовай большасьці можна сказаць, што яны рэлігійныя? Пра гэта пойдзе гаворка ў сёньняшнім выпуску перадачы. У ёй удзельнічаюць: прэзыдэнт-барон Беларускай Асацыяцыі Цыганоў “Рома” Ўладзімер Матвееў, а таксама прадстаўнікі польскіх цыганоў: старшыня Таварыства цыганоў Польшчы Раман Квяткоўскі і сакратара Саюзу Польскіх Цыганоў Яана Хайнацкая.

(Бандарук: ) “Паводле розных ацэнак, у сьвеце жывуць ад 26 да 120 мільёнаў цыганоў. Гэтае вялікае разыходжаньне ў лічбах зьвязанае з тым, што некаторыя залічаюць да цыганскага этнасу плямёны ў Індыі. Арганізаваныя цыганскія абшчыны існуць у 39 краінах сьвету. З 2000 году, з часу Кангрэсу, які праходзіў у будынку Радыё Свабода – Радыё Свабодная Эўропа ў Празе, цыганы маюць сваю Канстытуцыю, парлямэнт, гімн і сьцяг. На цыганскім сьцягу дзьве паласы – сіняя і зялёная, сымбаль неба і зямлі, а пасярэдзіне – кола, сымбаль качавога ладу жыцьця.

Зараз з тыповых качэўнікаў цыганы ператварылся пераважна ў аседлы народ. Яны карыстаюцца рознымі дыялектамі, але цыган з Аўстраліі лёгка паразумеецца зь беларускім цыганом. Цыганы маюць таксама сваю Біблію. Яе цалкам пераклаў на цыганскую мову беларускі цыган Вальдо Калінін, які нарадзіўся каля Віцебску, але зараз жыве ў Лёндане. Цыганы маюць нават свайго сьвятога. Гэта кананізаваны Янам Паўлам ІІ ў 1997 годзе гішпанскі цыган Зэфэрыно Йімэнэз Мальля, які мужна заступаўся за хрысьціянаў ў гады грамадзянскай вайны 30-х гадоў. Аднак рэлігійнасьць цыганоў застаецца загадкай, і таму з пытаньнем: якая ў цыганоў рэлігія? – я найперш зьвярнуўся да прэзыдэнта-барона Асацыяцыі Беларускіх Цыганоў Уладзімера Матвеева:”

(Матвееў: ) “У цыганоў няма сваёй краіны, таму яны, дзе затрымліваліся, дзе жылі, такую і прымалі веру. Калі яны жывуць, напрыклад, у Азэрбайджане – яны мусульмане, калі жывуць у Расеі – яны праваслаўныя. Усё гэта практыкуецца ад найдаўнейшых часоў. У нас у Беларусі жывуць польскія цыгыны і праваслаўныя цыганы. Польскія адзначаюць усе каталіцкія сьвяты, а мы – праваслаўныя: Пасху, Раство Хрыстовае, Тройцу.

Цыганы вельмі рэлігійныя. Мы верым у Бога, мы акуратна адзначаем сьвяты, мы хрысьцім дзяцей. Усё як належыць. Ёсьць, праўда, цыганы-пяцідзясятнікі. Некалькі цыганоў, прыблізна 15 чалавек, перайшлі ў гэтую сэкту, але ўсе астатнія ня хочуць туды йсьці, яны ня вераць ім, яны праваслаўныя і прывязаныя да сваёй царквы, дзе іконы, дзе крыжы. І колькі нашых людзей не спакушалі і не агітавалі – вось, напрыклад, прыяжджалі да нас місіянеры з Амэрыкі, аднак ніхто з цыганоў не хацеў йсьці ў гэтыя сэкты”.

(Бандарук: ) “Гаварыў прэзыдэнт-барон Асацыяцыі Беларускіх Цыганоў – Уладзімер Матвееў. У 1997 годзе ягоную функцыю пацьвердзіў Мінюст Беларусі. Дарэчы, як тлумачыць адзіны цыганскі гісторык Ваня дэ Жыла-Каханоўскі, родам зь Берасьця, які, аднак, зараз жыве ў Парыжы, слова “барон” ня мае нічога супольнага са шляхецкім званьнем. Цыганскі барон – гэта традыцыя. У цыганоў наагул шмат традыцыяў. Гэтае слова паходзіць ад цыганскага слова “баро” – вялікі.

Зараз цыганоў у Беларусі 60 тысячаў, зь якіх да 70% жывуць у гарадох. Для параўнаньня: у Расеі – 150 тысячаў цыганоў, у Чэхіі – каля 150 тысячаў, а ў суседняй Польшчы – 50 тысячаў. Дарэчы, мне самому аднойчы ў Беластоку здарылася хрысьціць цыганскае дзіцё, але пасьля гэтага цыганоў у царкве я неяк больш не сустракаў. Можа, у польскіх цыганоў ёсьць нейкія асаблівасьці? Я спытаўся пра гэтае ў сакратара Саюзу Польскіх Цыганоў Яаны Хайнацкай:

(Хайнацкая: ) “Вядома, што цыганы паходзяць зь Індыі, але ў Індыі існуюць касты, і нашы цыганы належалі да шляхецкай, рыцарскай касты. Яшчэ перад пашырэньнем хрысьціянства яны верылі ў бога-Сонца, сымбаль любові і абсалютнай талеранцыі. Пазьней, калі распачалася міграцыя, то цыганы сяліліся ў розных краінах. Можна сказаць, што ўсе цыганы, дзе б яны ні жылі, вераць у Бога, у тое, што Бог стварыў чалавека на свой вобраз.

Можна сказаць, што рэлігіяй цыганоў зьяўляецца свабода. Гэта лейтматыў нашага жыцьця. Магчыма, за гэтую свабоду цыганы цярпелі перасьлед. Магчыма, у гэтым і прычына той надзвычайнай лёгкасьці, зь якой нашыя людзі інтэгруюцца, уліваюцца ў мясцовыя рэлігіі. У Беластоку шмат праваслаўных, і нармальна, што, як вы гаварылі, хрост адбываўся ў царкве. У нас, у заходняй частцы краіны дамінуе каталіцызм, і хросты, шлюбы ды паховіны адбываюцца ў касьцёлах.

Яшчэ з табарных часоў у розных цыганскіх плямёнаў захаваліся некаторыя элемэнты магіі, варажбы. Што тычыцца рэлігійнасьці цыганоў, дык гэта залежыць ад сям’і. Бываюць вельмі набожныя сем’і, у іх мноства абразоў, перад хатамі – каплічкі зь фігурамі Божай Маці. Яны рэгулярна ўдзельнічаюць у багаслужбах. Праўда, некаторыя з нашых людзей паддаліся агітацыі з боку Сьведкаў Яговы.

Сярод цыганоў шмат адметнасьцяў, у тым ліку ў сэнсе маралі, звычаяў і штодзённага ладу жыцьця. Напрыклад, чэскія цыганкі ходзяць у нагавіцах і стрыгуць валасы, а нашыя цыганкі – не. Калі прыглядзецца адным і другім, дык вы сказалі б, што гэта дзьве цалкам іншыя этнічныя групы”.

(Бандарук: ) “Згаданы вышэй цыганскі гісторык Ваня дэ Жыла-Каханоўскі пацьвердзіў, што практычна ўсе цыганы – вернікі, атэіст сярод іх – зьява даволі рэдкая. Аднак, у адрозьненьне ад Уладзімера Матвеева і Яаны Хайнацкай, Ваня дэ Жыла-Каханоўскі лічыць, што канфэсія і абрадавы бок рэлігіі для цыганоў ня маюць асаблівага значэньня. “У нас няма сваёй рэлігіі, але ёсьць свая мараль. Наш Бог – Сонца, таму што яно сьвеціць усім”. Паколькі спадарыня Хайнацкая згадала пра значную адметнасьць чэскіх цыганоў, з пытаньнем пра іхную рэлігію і рэлігійнасьць я зьвярнуўся да маладога чэскага цыгана – Патрыка Краўса”.

(Краўс: ) “Па мойму, спэцыфіка рэлігійнасьці чэскіх цыганоў у тым, што яны ня ходзяць у царкву, што для лучнасьці з Богам яны не патрабуюць храму. Яны маюць Бога ў сэрцы. Дарэчы, гэтага хацеў і Хрыстос, калі гаварыў, што каменны храм не такі важны. Цыганы патрабуюць сьвятара перш за ўсё дзеля хросту і пахаваньня. Шлюб у царкве з удзелам сьвятара вельмі рэдкі, такога амаль не здараецца. Сьвятар патрэбны цыганом у пачатку і пра канцы чалавечага жыцьця”.

(Бандарук: ) “Тут хачу дадаць, што Патрык Краўс належыць да цыганскага племя сынтаў, і на Карлавым Унівэрсытэце ў Празе вывучае каталіцкую тэалёгію. Ён пацьвердзіў, што цыганы хаця і жывуць побач с чэхамі, але ўсё ж яны даволі закрытыя. Цыганы вельмі салідарныя, адны адным дапамагаюць у бядзе. Яны традыцыйна ня хочуць, каб нехта ўмешваўся ў іхныя справы. Цыганы вераць, што душы продкаў “муле” вяртаюцца паміж жывых і даюць ім парады.

Як самі цыганы кажуць, яны ня любяць выносіць сваё сьмецьце з хаты. Усе ўнутраныя праблемы вырашае цыганскі суд, званы “крысам”, які ўзначальвае барон. У цыганоў свае звычаі. Жонка ня можа сядзець за сталом разам з мужам або мужчынамі. Калі малады цыган хоча жаніцца, ён, умоўна кажучы, ”выкрадае” нявесту, але на гэты крадзеж сьпярша павінны пагадзіцца абедзьве сям’і. Самы вялікі грэх для цыгана – спаць з жанчынай, якой ён не кахае. Атрымліваецца, што цыгане маюць свае нормы паводзінаў. Гэта пацьвердзіў старшыня Таварыства Цыганоў Польшчы Раман Квяткоўскі:”

(Квяткоўскі: ) “Цыганы маюць свае ўнутраныя каштоўнасьці, званыя “романіпэн”. Па-першае, мы зьвяртаемся да Бога, а затым да нашых ўласных каштоўнасьцяў. Мы прытрымліваемся ў першую чаргу іх, а справа канфэсійнай прыналежнасьці, веры – гэта ўжо асабістая справа кожнага з цыганоў. Для нас рэлігійныя догмы і сымбалі маюць другараднае значэньне. Мы іх паважаем, прытрымліваемся, але без асаблівага перакананьня. Романіпэн – гэта непісаны закон, пераказваны з пакаленьня ў пакаленьне. Гэта нешта накшталт хрысьціянскіх або каталіцкіх каштоўнасьцяў. Мы прытрымліваемся іх гэтак, як добры каталік прытрымліваецца прынцыпаў каталіцкага жыцьця. На практыцы романіпэн найперш прадугледжвае пашану да старэйшых асобаў. Романіпэн акрэсьлівае, як цыганы павінны ставіцца адзін да аднаго, як паважаць сябе, што ім дазволена і чаго нельга. Напрыклад, не бывае такога, каб цыган не дапамог іншаму цыгану ў бядзе”.

(Банадарук: ) “Гаворачы пра цыганоў, немагчыма не згадаць пра адзін вельмі пашыраны стэратып, прынамсі ў Чэхіі і Польшчы: што цыганы ня хочуць працаваць, што яны крадуць. У мяне самога малады цыган украў у трамваі сумку. Нядаўна ў чэскім горадзе Усьці над Лабам мясцовая большасьць адгарадзілася ад цыганоў высокай сьцяною.

З прычыны нэгатыўнага стаўленьня да цыганоў у шэрагу краінаў іх яўна дыскрымінуюць і перасьледуюць. Прэзыдэнт Усясьветнай Асацыяцыі Цыганоў Эміль Шчука лічыць, што “самая вялікая праблема цыганоў – неадукаванасьць. 80% эўрапейскіх цыганоў непісьменныя. Гэта спараджае сацыяльныя праблемы, бо без адукацыі няма высока аплочванай працы”.

Толькі ці можа гэта быць апраўданьнем? Калі, як гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні, “вера бяз добрых учынкаў мёртвая”, дык выглядае, што і вера цыганоў ня надта глыбокая. Спадар Квяткоўскі, а што Вы адказалі б на гэты папрок?”

(Квяткоўскі: ) “Цыганы абсалютна не адрозьніваюцца ад астатняга грамадзтва. Па першае, крадуць злодзеі, а не цыганы, і нельга ў гэтым абвінавачваць увесь народ. У несумленнасьці можна папракнуць любую нацыю. Мы ні ў чым не адрозьніваемся ад большасьці”.

(Бандарук: ) “А як у гэтым сэнсе выглядае сытуацыя ў Беларусі? Калі ласка, спадар Матвееў”.

(Матвееў: ) “Я хачу сказаць, што беларускія цыганы – самыя простыя цыганы. І калі кажуць, што яны несумленныя, дык усё гэта няпраўда. Яны вельмі працавітыя, яны любяць свае сем’і, яны паважаюць той народ, сярод якога жывуць. У іх амаль не бывае аніякіх канфліктаў. Вось, напрыклад, у Чэхіі канфлікты ёсьць, але ў нас іх няма, ні з уладамі, ні з кім. Нас паважаюць тут у Беларусі, нас разумеюць, і мы таксама з павагай ставімся да ўсіх. Праблемаў з гэтым у нас няма ніякіх”.

(Бандарук: ) “А ці згодны з папрокамі на адрас цыганоў прадстаўнік чэскіх цыганоў Патрык Краўс?”

(Краўс: ) “Абсалютна гэта ня так! Гэта абагульненьне, зь якім я ня згодны. Я хачу адзначыць, што сытуацыя цыганоў ў нашым грамадзтве вельмі цяжкая. Аднак, паводле маіх назіраньняў, цыганы намагаюцца жыць ў адпаведнасьці з Эвангельлем, яны баяцца Бога. Частка цыганоў апускаецца да непахвальных рэчаў, але большасьць – не. Цыганы часта ня маюць пэрспэктываў на лепшую будучыню, на працу. Яны бачаць, што ў гэтым грамадзтве іх не чакае нічога добрага, і такая сытуацыя можа выклікаць розныя адмоўныя зьявы. Само грамадзтва паводзіць сябе ў дачыненьні да цыганоў далёка не дасканала. Некаторыя спрабуюць цыганом дапамагаць, але гэта вельмі павярхоўнае. Грамадзтва ня ведае цыганоў, іхнай культуры і ладу жыцьця, і паколькі ня ведае, дык і ня можа любіць. Сьпярша трэба пазнаць цыганоў. На заканчэньне хачу працытаваць выказваньне аднаго разумнага сьвятара: “калі б Ісус меў нарадзіцца яшчэ раз, дык ён нарадзіўся б цыганом, у такой пакоры і беднасьці”.

Дзякуй Патрыку Краўсу, прадстаўніку цыганоў Чэхіі, а таксама цыганскім дзеячом зь Беларусі і Польшчы. Зь іхных выказваньняў вынікае, што вера цыганоў своеасаблівая. Качэўніцкія традыцыі і адасобленасьць гэтага народу паўплывалі на тое, што яны не прывязваюцца ні да статычных храмаў, ні да мясцовых формаў рэлігійнасьці. Аднак яны ў асноўным вернікі, і для іх Бог у сэрцы. Аб гэтым, дарэчы, сьведчыць і цыганская прымаўка: “Savoro pes predzal, ca o Del achel” – “Усё праходзіць, устойлівы толькі Бог”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG