Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛГАСЬНІЦЫ ПУЖАЮЦЬ НАЧАЛЬНІКАЎ СТРАЙКАМІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Выглядае гэта наступным чынам: калгасьніцы зьбіраюцца й ідуць да будынку адміністрацыі, там яны заяўляюць пра нежаданьне працаваць бяз грошай і вельмі настойліва просяць выдаць ім заробкі. Гэта называецца “пужаць начальства”.

Кароткатэрміновыя страйкі цяпер адбываюцца ў рэгіёне ледзьве не штотыдня ў розных сельскіх раёнах — у многіх сельскіх гаспадарках заробак ня выплацілі за чэрвень і нават травень. Агульная запазычанасьць перад сялянамі Магілёўскай вобласьці складае больш за 3 мільярды рублёў.

У калгасе “Чырвоны кастрычнік” Шклоўскага раёну заробак за чэрвень яшчэ не давалі. Грошы за травень удалося атрымаць пры канцы жніўня з дапамогай “спалоху начальства”. Візыт у кантору жанчын зь вёскі Камароўка, якія запатрабавалі грошы напярэдадні навучальнага году, даў плён.

Аднак на гэтым тыдні ў сераду калгасьніцам “Чырвонага кастрычніка” давялося паўтарыць манэўр дзеля атрыманьня заробку за чэрвень.

(Спадарыня: ) “На страйкі ходзім. Пужаем. Прыйдзем, сядзем: маўляў, ня будзем працаваць, аддавайце грошы. Нам: “Дамо, дамо!” Паабяцаюць і праз тыдзень дадуць”.

Заробак за чэрвень у “Чырвоным кастрычніку” паабяцалі аддаць у панядзелак. Страйк завершыўся у той жа дзень: жанчыны сказалі, што ім шкада жывёлу, якая ні ў чым не вінаватая.

Калгасьнікі павінныя былі ў гэтыя дні атрымаць грошы за жнівень. Аднак у калгасе — фінансавы крызыс. Зьмяніўся чацьверты кіраўнік за год, а “Чырвоны кастрычнік” па-ранейшаму мае 400 мільёнаў рублёў запазычанасьці і, нягледзячы на прыстойнае пагалоў’е кароваў ды сьвіней, а таксама збожжавыя, гаспадарка працуе без прыбыткаў.

У тым, што склалася такое цяжкае становішча, калгасьнікі вінавацяць дзяржаву:

(Спадар: ) “Заробку няма — вось уся праблема. А зарплата ў дзяржавы. Таму што збожжа ўбралі, а цэны засталіся на ўзроўні мінулага году. Мяса танна дзяржаве аддаем. Усё аддаем дзяржаве танна!”

Сяляне з Камароўкі, як і ўсе іншыя, разьлічваюць больш на свае сілы і рукі, чым на ласку кіраўніцтва. Таму што на калгасны заробак чалавеку ўсё роўна пражыць немагчыма. Уся надзея на ўласную гаспадарку, яна ня дасьць памерці з голаду.

(Спадарыня: ) “А каму гэтага хапае? Тут у кожным калгасе такія капейкі атрымліваюць. Не было б свайго агароду, гаспадаркі, дык і ўсё…”

(Спадар: ) “Калі ёсьць свой участак, свая зямля і калі ты ня будзеш гультайнічаць на ёй, то жыць можна. Свая бульба, сваё мяса, сваё яйка. Хапае!”

Свае харчы не вырашаюць праблемаў зь дзецьмі. Іх трэба апранаць, ім трэба набываць школьныя прылады. Таму кожная маці ў вёсцы Камароўка пачынае рыхтавацца да новага навучальнага году яшчэ ўзімку.

(Спадарыня: ) “Прадавала яйкі я ўсю зіму і ўсю вясну. Зараз куры дрэнна нясуцца. Не было грошай. Дык хлеба хоць набыць. Порвалася зусім, ды яшчэ маю запазычанасьць”.

Шчасьліўчыкамі лічацца тыя вясковыя сем’і, дзе ёсьць пэнсіянэр, якому грошы выдаюць зь мінімальнымі затрымкамі.

(Спадарыня: ) “Нам, пэнсіянэрам, яшчэ трохі жывецца. А маладыя ж гаруюць”.

(Іншая: ) “Я ня ведаю, як людзі жывуць. Калі, канечне, недзе пэнсіянэрка атрымлівае пэнсію, то яшчэ можна хлеб набыць. А так я ня ведаю, як яны дзяцей у школу выправілі і ў чым. Гавораць, толькі адзінае выйсьце, што ў школе харчуюць адзін раз — вось і добра”.

Пытаньні пра сёньняшняе жыцьцё на вёсцы, здараецца, выклікаюць у калгасьнікаў злосьць і раздражнёнасьць: маўляў, самі бачыце ды ведаеце. Аднак найчасьцей людзі гавораць, што прызвычаіліся да ўсяго.

(Спадар: ) “Перабіваемся трохі, працуем”.

(Іншы: ) “Пакуль жывем, не памерлі”.

(Спадар: ) “Загартаваныя ўжо, вытрымліваем”.

(Спадарыня: ) “Крызыс надыходзіць. Тупік!”

Візыты калгасьнікаў з патрабаваньнямі грошай ды абяцаньнямі спыніць працу кіраўніцтва сельскіх гаспадарак і раёнаў за страйкі ня лічыць. Старшыням калгасаў ды чыноўнікам удаецца ўгаварыць людзей, аддаць у якасьці заработнай платы збожжа ці квіткі ў краму альбо атрымаць крэдыты пад заробкі. Але ж і іх давядзецца некалі аддаваць.

У сельскіх раёнах з усіх сілаў спрабуюць схаваць ад грамадзкасьці факты страйкаў у калгасах. Аднак на гэтым тыдні сапраўдны “бабін бунт” быў у калгасе “Кастрычнік” Хоцімскага раёну.
XS
SM
MD
LG