Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ ЖОДЗІНСКАЙ РАДЫ КХП БНФ УСТАЛЯВАЛІ Ў КУРАПАТАХ КРЫЖ


Ганна Соўсь, Менск

Трапіць у Курапаты апошнім часам усё больш складана. Будаўнікі робяць падпорныя сьценкі з абодвух бакоў падземнага пераходу, і таму ўваходы практычна ўсе засыпаныя зямлёй. Нарэшце рабочыя прыбралі вялікія каналізацыйныя трубы, якія праляжалі на пляцоўцы ля Крыжа “Пакутнікам Беларусі” некалькі месяцаў.

Сёньня сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ наладзілі ў Курапатах чарговую талаку. Актывісты Жодзінскай Рады КХП БНФ усталявалі на курапацкім пагорку вялікі крыж, які вырабіў іхны зямляк Анатоль Рыбкавец.

Мой суразмоўца Ўладзімер Плотнікаў мяркуе, што ў выходныя лепш папрацаваць у Курапатах, чым браць удзел у пампэзным сьвяткаваньні 935-х угодкаў Менску.

(Плотнікаў: ) “Я ішоў праз горад. Гэта пір падчас чумы. Учора мне некалькі пэнсіянэраў скардзіліся, што мясам тыднямі не харчуюцца, а тут такія сродкі на нікому не патрэбныя гуляньні выдаткоўваюцца... А тут у Курапатах мае крыжы, я іх абараняў. Што, калі астатні народ сьпіць, трэба хоць каму гэта рабіць. У мяне тры дзядзькі пахаваныя, дык я ня ведаю, дзе. Прыходжу сюды, як да іх на могілкі”.

Уладзімеру Плотнікаву за абарону Курапатаў 8–9 лістапада суд прысудзіў штраф 2 мільёны рублёў. Спадар Уладзімер неаднаразова абскарджваў рашэньне суду. 5 верасьня судовыя выканаўцы павінныя былі прыйсьці да яго ў кватэру, каб апісаць маёмасьць, але чамусьці не прыйшлі. Уладзімер Плотнікаў хоча зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека з тым, каб дасягнуць справядлівасьці.

Сёньня я засьпела ў Курапатах аднаго з актыўных удзельнікаў моладзевай вахты памяці ў Курапатах Васіля Парфянкова. Нагадаю, што ён правёў ва ўрочышчы амаль сем месяцаў.

(Парфянкоў: ) “Вядома, сюды прыходзіш, адразу настрой мяняецца. Узгадваеш усё, што тут было”.

Васіль Парфянкоў цяпер аднавіўся на рабоце — ізноў ён працуе аўтасьлесарам у аўтобусным парку.

Сёньня Курапаты наведаў і Вячаслаў Станішэўскі. Шмат гадоў ён зьбіраў сьведчаньні пра сваіх продкаў, якія былі рэпрэсаваныя, і нарэшце выдаў дзьве кнігі пра свой радавод.

(Станішэўскі: ) “Афіцыйна я з КГБ атрымаў ліст пра тое, што адзін з нашых сваякоў Станіслаў Улашчык расстраляны ў 1937 годзе. У КГБ лічаць, што агульная магіла знаходзіцца ў мэмарыяльным комплексе “Курапаты”.

Сёньня ў Курапаты прыйшлі ўзяць удзел у талацэ і школьнікі найбліжэйшай 147-й школы.

(Карэспандэнтка: ) “А вы часта прыходзіце сюды?”

(Школьнік: ) “Амаль кожны дзень пасьля школы. Мы вызваленыя ад фізкультуры, і замест яе прыходзім у Курапаты. Паглядзім, пасядзім трошкі”.

(Другі школьнік: ) “Мы прыходзім сюды, каб успомніць рэпрэсаваных людзей. Гэта ж дрэнна, што іх тут забілі”.

(Школьнік: ) “Гэтых людзей забівалі ні за што. Яны былі нявінныя...” — гэтак мяркуюць школьнікі 147-й менскай школы, якія прыйшлі сёньня ў Курапаты.
XS
SM
MD
LG