Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ПАЧАЛА ДАМОВЫ ПРА ПАСТАЎКІ ЭЛЕКТРАЭНЭРГІІ ЗЬ ЛІТВЫ


Тацяна Поклад, Літва

Беларусь пачала дамовы пра пастаўкі электраэнэргіі зь Літвы. Міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Сямашка пісьмова зьвярнуўся да міністра гаспадаркі Літвы Пятраса Чэсны. Беларусь дамагаецца, каб канцэрн “Белэнэрга” атрымаў дазвол наўпрост набываць у “Літоўскай энэргіі” 2,5 млрд. кілаватгадзінаў электраэнэргіі штогод. Здольнасьць Беларусі плаціць гарантуецца швайцарскім банкам “Banque Bruxelles Lambert”.

Цяпер канцэрн “Літоўская энэргія” прадае сваю прадукцыю празь пасярэдніцтва расейскай кампаніі “Inter RAO JES”. Кіраўнік “Літоўскай энэргіі” Рімантас Юозайціс цьвердзіць, што зьмены у дамовах з гэтай кампаніяй пагражаюць Літве фінансавымі штрафамі. Аднак, паводле яго словаў, паколькі Беларусь падае гарантыі швайцарскага банку, то трэба параўнаць наступствы прыпыненьня дамовы з “Inter RAO JES” і магчымыя выгоды, і калі новыя беларускія прапановы будуць надзейныя, да іх варта паставіцца сур’ёзна.

Беларусь прапануе плаціць за літоўскую энэргію крыху болей, чым зараз плаціць расейскі экспарцёр. Менавіта таму гэтая прапанова прывабная для Літвы. Аднак Беларусь усё адно выйграе, бо кошты электраэнэргіі праз пасярэдніка значна вышэйшыя.

Паводле існуючай дамовы, дазвол на экспарт літоўскай электраэнэргіі ўсім іншым экспарцёрам трэба атрымаць ў расейскай кампаніі “Inter RAO JES”. Старшыня кіраўніцтва “Літоўскай энэргіі” Юргіс Віленас, які раней пратэставаў супроць пагадненьня з гэтай расейскай кампаніяй, выказаў меркаваньне, што ня варта рызыкаваць з такім нестабільным партнэрам, як Беларусь.

Міністар гаспадаркі Літвы Пятрас Чэсна пакуль паведаміў, што мае сумневы, ці можна будзе пастаўляць у Беларусь дадатковую энэргію, калі асноўная яе колькасьць прадаецца расейскаму экспарцёру. У Літве мяркуюць, што за гэтым хаваецца няупэўненасьць, ці здолее Беларусь плаціць. Калі гарантыі швайцарскага банку пераканаюць літоўскіх энэргетыкаў, Беларусі больш не давядзецца пераплочваць расейскаму пасярэдніку за энэргію з суседняй Літвы.
XS
SM
MD
LG