Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

"Праскі акцэнт". 15 верасьня

Інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі расейскай тэлекампаніі НТВ стала чарговым крокам у інфармацыйнай вайне паміж афіцыйным Менскам і Крамлём. Інтэграцыйны канфлікт працягвае разгарацца. Як адаб’юцца на ім міжнародныя падзеі, якія зараз ва ўсіх на слыху: пагроза Расеі правесьці ваеную апэрацыю ў Грузыі супраць чачэнскіх паўстанцаў, магчымая ваенная апэрацыя ЗША і іх саюзьнікаў у Іраку, верагоднае ўступленьне ў NATO балтыйскіх дзяржаваў? Нарэшце, як паўплывае на беларуска-расейскія адносіны пэрспэктыва расейскіх думскіх і прэзыдэнцкіх выбараў?

Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце”: зь Менску – дырэктар Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Вячаслаў Паздняк, з Масквы – дырэктар Цэнтру стратэгічных дасьледаваньнящ Андрэй Піянткоўскі. Перадачу, якую падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст, слухайце ў нядзелю, 15 верасьня.


“Сымбаль веры”. 14 верасьня

У амаль 40 краінах сьвету жывуць арганізаваныя грамады цыганоў. Некалі качэўнікі, а зараз больш аседлыя, яны жывуць даволі адасоблена, паводле сваіх нормаў і традыцыяў. Яны праслылі сваёй музыкальнасьцю, свабодай і незалежнасьцю, але існуюць і нэгатыўныя стэратыпы пра іх: што ня хочуць працаваць, што крадуць і ашукваюць. А якая ў цыганоў вера і мараль? Ці ў кантэксьце нэгатыўнага стаўленьня да іх з боку мясцовай большасьці можна сказаць, што яны рэлігійныя? Гэтай тэме прысьвечаны чарговы выпуск рэлігійнай перадачы “Сымбаль веры”.


"Па-за тактам". 14 верасьня

"Дзіўны бізнэс". Менавіта так вызначыў сытуацыю на беларускім музычным рынку наш карэспандэнт Зьміцер Падбярэскі. У чарговым выпуску праграмы "Па-за тактам" ён працягвае вывучаць тэму вытворчасьці і продажу запісаў айчынных музыкантаў. Гэтым разам сваімі меркаваньнямі дзеляцца прадусар Юры Цыбін і дырэктар менскай крамы "Мистерия звука" Аляксандар Шлык.


“Вострая брама”. 15 верасьня

Літаратурныя часопісы адлюстроўваюць нашу рэчаіснасьць кожны па-свойму: адзін у нэонава-сініх танах, другі – у яблычна-жоўтых, трэці – у колерах мокрага асфальту... З такіх адлюстраваньняў і складаецца ўрэшце мазаіка літаратурнага жыцьця. А якія вобразы стваралі беларускія літаратурныя часопісы – "Полымя", "Маладосьць", "Крыніца" – да таго, як былі гвалтоўна прыўлашчаныя дзяржавай і аб'яднаныя ў каламутны голдынг? І ў якія колеры афарбоўваюцца новыя выданьні, якія паўсталі і паўстаюць у незалежнай літаратурнай прасторы? Пра гэта пойдзе размова ў новай перадачы "Вострая Брама" з удзелам празаіка Барыса Пятровіча – былога намесьніка галоўнага рэдактара часопіса "Полымя", а сёньня – ініцыятара і рэдактара незалежнага часопіса "Дзеяслоў".


“Вольная студыя”. 15 верасьня

Падчас аднаго са сваіх прыездаў на Беларускае тэлебачаньне Аляксандар Лукашэнка дэмакратычна падыходзіў да кожнага тэлежурналіста й распытваў пра жыцьцё-быцьцё. “Гэта што?” — запытаўся прэзыдэнт у кіраўніка студыі навучальных праграмаў Уладзімера Содаля, кінуўшы погляд на бела-чырвона-белы значак на ягоных грудзях. Той патлумачыў. Праз два дні ён быў адхілены ад кіраўніцтва студыяй, а зь цягам часу й сама студыя была зьліквідаваная.

Поўным ідыятызмам называе тэлевізійнік з 20-гадовым стажам тое, што сёньня адбываецца на БТ. А яшчэ лічыць, што грэблівага стаўленьня да беларускай мовы творчая інтэлігенцыя кіраўніку краіны ня зможа дараваць ніколі — нават калі апошні, як і абяцае, праз тры гады разрэжа чырвоную стужку перад гмахам новай Нацынальнай бібліятэкі... Гутарку Міхася Скоблы з Уладзімерам Содалем слухайце ў нядзельнай “Вольнай студыі”.


“Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”. 15 верасьня

Якое пакараньне можа атрымаць хакер зь Беларусі? Як паведаміць сьвету пра навіны вашага мястэчка, альбо вёскі? Як набыць тавары для офісу ці жытла, не выходзячы з хаты? Што думаюць нашыя суайчыньнікі пра палітычныя падзеі ў Беларусі і сьвеце? – пра ўсё гэта ў чарговым выпуску перадачы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”. Выпуск падрыхтаваў Сяржук Сокалаў-Воюш.
XS
SM
MD
LG