Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВОЛЮ ВЫЙШЛІ АРЫШТАВАНЫЯ ІНДУІСТЫ


Любоў Лунёва, Менск

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку трымалі восем чалавек. Сярод іх дзьве сямейныя пары. Індуісты яшчэ ў судзе абвесьцілі галадоўку. Яны матывавалі гэта тым, што паводле іх рэлігіі прыняцьце ежы ёсьць сьвятой таямніцай. Есьці належыць у чыстым месцы з годнымі людзьмі. У камэры, дзе трымаюць арыштаваных хуліганаў, бамжоў і п’яніц, індуісты есьці ня могуць. Усе 10 сутак арышту яны не прымалі ежу, толькі пілі ваду.

Першымі выйшлі Тацяна і Сяргей Акаданавы. Тацяна цяжка дыхала, вельмі кепска выглядала. Шыя і рукі былі абдзертыя. Першым загаварыў Сяргей. Ён зьяўляецца сьвятаром суполкі “Шава-Шакта”.

(Сяргей: ) “У камэры было каля 26 чалавек. Камэра перапоўненая, людзі спалі на падлозе. Тое, што з намі рабілі, можна назваць катаваньнем. Паветра не хапала. Калі я паскардзіўся лекарцы, што кепска сябе адчуваю, бо днямі ў мяне была траўма чэрапа, то яна пачала лаяцца. Міліцыянты, калі я ім казаў пра траўму, прымусілі мяне паставіць подпіс пад чыстым аркушам паперы. Потым яны самі напісалі на ім, што прэтэнзіяў да іх ня маю.

Начальніку спэцпрыёмніка мы напісалі, што адмаўляемся ад ежы. Дык яны кожны раз прыносілі ежу. Ім казалі: “Навошта вы зьдзекуецеся зь іх? Яны ж галадаюць”. Я думаю, што яны рабілі гэта сьвядома”.

Жонку Сяргея Акаданава Тацяну трымалі ў камэры, разьлічанай на шэсьць чалавек, разам зь ейнай паплечніцай Ірынай Галавіной і яшчэ з 17 жанчынамі, арыштаванымі за розныя адміністрацыйныя правапарушэньні.

(Акаданава: ) “Бамжы, алькагалічкі, якія, калі нап’юцца, пачынаюць біцца са сваімі роднымі ці сяброўкамі, сядзелі з намі ў адной камэры. Паміж сабой яны размаўляюць толькі на лаянцы. У памяшканьні няма паветра, гэта пры тым, што ўсе паляць. Можна толькі альбо сядзець, альбо ляжаць. Прычым легчы можна толькі падкурчыўшы ногі.

На нарах ляжаць у два шэрагі. Хадзіць таксама няма дзе. Празь нейкі час пачынаюць балець усе косткі. Спаць практычна немагчыма, бо ўсе гэтыя людзі хворыя.

У адной жанчыны па начах былі праявы “белай гарачкі”. Яна не давала спаць. Сёньня ўначы ў яе было абвастрэньне псыхозу. Жанчына кінулася да Ірыны Галавіной, пачала душыць яе. Я пачала раздымаць іх. Тады вар’ятка пачала драпаць мне шыю і твар. Яна хацела вырваць мае вочы. Мы клікалі ахоўніка, але ён нават не зайшоў у камэру, сказаў: “А што я магу зрабіць?” Мы доўга грукалі ў дзьверы. Тады ахоўнік выклікаў псыхбрыгаду, і вар’ятку забралі”.

Тацяна лічыць, што ня толькі вернікам нельга знаходзіцца ў такіх умовах:

(Акаданава: ) “Я раней лічыла, што адміністрацыйны арышт — гэта папросту пазбаўленьне волі. А тое, што адбывалася тут — катаваньне. Гэта маральны і фізычны зьдзек зь людзей, і ня толькі зь вернікаў. Мы маем намер зьвяртацца ў пракуратуру, таму што там павінныя даведацца пра тое, што тут адбываецца”.

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку застаюцца яшчэ пяць сяброў індуісцкай суполкі, арыштаваных за пікет у абарону рэлігійных меншасьцяў. Яны выйдуць цягам трох дзён у розны час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG