Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП ДАЛУЧЫЦЦА ДА КААЛІЦЫІ Ў АБАРОНУ ДЭМАКРАТЫІ Й НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва АГП склікала Палітычную раду сваёй партыі, бо за апошні час зьявілася шмат пытаньняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэньня. Гэта падрыхтоўка да мясцовых выбараў, дачыненьні партыі са сваімі расейскімі партнэрамі, з прадпрымальнікамі й г.д.

Але бадай, што асноўным стала пытаньне ўдзелу АГП у будучай кааліцыі “За незалежнасьць без дыктатуры”. (Пра стварэньне гэтага аб’яднаньня было абвешчана на нядаўнім Сойме БНФ.) Гаворыць намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Мы лічым, што першаснымі павінныя быць мясцовыя кааліцыі, бо там могуць быць розныя канфігурацыі, розныя палітычныя сілы. Яны лепш ведаюць сытуацыю і лепей могуць між сабой дамовіцца. Вось гэтая кааліцыя на базе КРДС асноўнай сваёй мэтай магла б мець ня толькі мясцовыя выбары, але больш стратэгічную задачу — абарону незалежнасьці й дэмакратыі.

Мы вырашылі, што трэба дамовіцца пра назву, якая мае быць пазытыўнай, а не нэгатыўнай, ня супраць, а за. Сказаць — за што мы. Трэба прапрацаваць плян супольных дзеяньняў, і рабочая група ўжо працуе”.

Сябры рады прапанавалі сваім партнэрам стварыць кааліцыю на базе КРДС, надаць ёй назву “Беларусь і дэмакратыя”, і для больш плённай працы пакінуць у яе складзе толькі палітычныя партыі.

Аляксандар Дабравольскі гаворыць, што ў АГП і БНФ аднолькавыя падыходы ў справе абароны незалежнасьці Беларусі. Аднак высьвятляецца, што гэта не зусім так. БНФ выступае супраць любых саюзаў з Расеяй, якія абмяжоўваюць беларускі сувэрэнітэт.

АГП жа падтрымлівае ідэю агульнага беларуска-расейскага рынку капіталаў, паслугаў і працоўнай сілы, мытны саюз і г.д. Яны выступаюць за беларуска-расейскую інтэграцыю па формуле Эўразьвязу. Але лідэры АГП лічаць, што гэта не перашкодзіць ім разам з БНФ працаваць у кааліцыі.

Палітычная рада АГП вырашыла і надалей пашыраць кантакты з палітыкамі Расеі ў рамках канцэпцыі правага погляду на расейска-беларускае супрацоўніцтва. АГП нават прапануе правесьці грамадзкія слуханьні з удзелам палітыкаў абедзьвюх краінаў, каб патлумачыць людзям — якой бачаць інтэграцыю Лябедзька, Нямцоў ды іншыя.

Палітычная рада АГП таксама ўхваліла барацьбу прадпрымальнікаў ды падтрымала ініцыятыву Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая дамагаецца адмены шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, што прадугледжваюць адказнасьць за абразу прэзыдэнта. Рэгіянальным структурам АГП прапанавана падключыцца да збору подпісаў людзей у гэтай справе.
XS
SM
MD
LG