Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЎЛУ БАРАДЗІНУ ПАДАБАЮЦЦА ЎСЕ ТРЫ МАДЭЛІ ДАЛЕЙШАГА РАЗЬВІЦЬЦЯ САЮЗУ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ


Валер Каліноўскі, Менск

Павал Барадзін абмяркоўваў зь беларускім прэм’ерам Генадзем Навіцкім парадак дня паседжаньня саюзнага саўміну, якое прызначанае на 17 верасьня ў Маскве. Палітычная напружанасьць паміж кіраўніцтвам Беларусі й Расеі, што назіраецца апошнім часам, сталася выразным фонам для гэтых перамоваў. Гаворыць Генадзь Навіцкі:

(Навіцкі: ) “Нягледзячы на апошнія падзеі, якія, на жаль, маюць месца, я гэта называю пэўнымі непаразуменьнямі... Яны сыдуць у гісторыю, а мы павінныя каструктыўна выконваць тую справу, якую мы пачалі на даручэньне двух прэзыдэнтаў, першых прэзыдэнтаў нашых дзяржаваў”.

Прэм’ер Навіцкі мяркуе, што палітычныя праблемы ў дачыненьнях дзьвюх дзяржаваў будуць пераадоленыя.

Дзяржсакратар саюзнае дзяржавы Павал Барадзін на пытаньне аб тым, які з трох прапанаваных У.Пуціным варыянтаў далейшага разьвіцьця саюзу больш імпануе асабіста яму, адказаў:

(Барадзін: ) “Мне падаецца, што дамова ў нас ёсьць, працуе, хаця можа ў яе ёсьць пэўныя “шурпатасьці”. Другі этап — гэта мадэль Эўразьвязу, адзінае грамадзянства, вольнае перамяшчэньне людзей і капіталу, адзіная эмісійная і бюджэтная палітыка. І трэці этап — гэта стварэньне адзінай дзяржавы... Усе варыянты падабаюцца, але ў розны час. Проста ня трэба сьпяшацца, ня трэба хвалявацца”.

Павал Барадзін выказаў сёньня свой ня менш адназначны погляд і на будучыню постсавецкай прасторы:

(Барадзін: ) “Запэўніваю вас, што ўся постсавецкая прастора ў самы найбліжэйшы час будзе адноўленая, і будзе адзіны эмісійны цэнтар, адзіны плацёжны сродак, адзіныя тавараправодныя патокі. Потым мы інтэгруемся ў эўрапейскую і міжнародную эканамічную прастору. Таму што людзі дакладна разумеюць, што сёньня няважныя гімн, герб, службовыя мэрсэдэсы — важна, каб народ меў будучыню. Я запэўніваю вас: мы адзін народ, мы проста па-рознаму называліся: Русь, Расея, РСФСР, СССР, СНД, ЭўразЭС, саюзная дзяржава... Нам наканавана жыць разам”.

Што да камэнтароў расейскіх палітыкаў пра будучыню саюзнае дзяржавы, то тут ён быў ня менш шчыры:

(Барадзін: ) “Я пытаюся ў тых людзей, якія там камэнтавалі: вы калі ў Беларусі былі? Яны кажуць — восем гадоў таму, дзевяць гадоў таму, а я чытаў пра Беларусь... Што ж ты сукін сын, калі ты чытаў у газэце, ты камэнтуеш тое, што сёньня адбываецца на самой справе?”

Дзяржсакратар саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі запэўніў, што яму з расейцамі “таксама цяжка”, бо ён большую частку жыцьця жыў з тувінцамі, якутамі, мардвой.
XS
SM
MD
LG