Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРУГА: АГУРКОВАЕ ПЕКЛА ПАЛЕСЬСЯ


Севярын Квяткоўскі, Струга

Жанчыны прыгожыя й дагледжаныя, мужчыны працавітыя й малапітушчыя, дамы ладныя, а вуліцы заасфальтаваныя — гэта паўднёвая Століншчына, вёска Струга. Дакладней, мэгавёска, якая ўбірае ў сябе Вялікія й Малыя Вікаравічы ды шэраг іншых сатэлітаў. Разам чатыры зь лішкам тысячы чалавек, якіх язык не паварочваецца назваць калгасьнікамі, хутчэй — прадпрымальнікамі.

Століншчына праславілася ў часе першых прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта быў адзіны раён, дзе бальшыня не падтрымала А.Лукашэнку. Распавядаюць такую гісторыю. Прыехаў кандыдат Лукашэнка, паглядзеў на жыцьцё вяскоўцаў, ды кажа: “Ну вы жывяцё! Трэба раскулачваць”. Фраза абляцела ўсе сельсаветы і паўплывала на вынік выбараў.

Зрэшты, цяпер пра палітыку вяскоўцы гавораць неахвотна, бо панятак “палітыка” асацыюецца ўсё з тым жа імём. Кажа спадарыня Людміла:

(Людміла: ) “Увогуле Лукашэнку ўсе слухаюць. Напачатку яму верылі, цяпер ніхто ня верыць, кажуць, што ён брахун, ды ўсё”.

Большасьць вяскоўцаў намінальна лічыцца ў калгасе, дзе атрымліваюць ад 8 да 15 тысяч рублёў. Але асноўны час праводзяць ва ўласных парніках на дзьве, на тры соткі. Парнікі відаць амаль у кожным двары. Парнік — ці не адзіны спадзеў стружанаў на зімовы дабрабыт у хаце.

Гуркамі жыхары Стругі ды іншых вёсак Століншчыны зарабляюць ад 10 да 30 тысяч за дзень. У залежнасьці ад кан’юнктуры рынку й кліматычных умоваў. Па гуркі прыяжджаюць гуртовыя скупнікі, якія пасьля вязуць палескіх “зялёных братоў” у Менск, а таксама ў Расею — у Маскву, Піцер і далей на Поўнач. Сыстэма адладжаная й задавальняе ўсіх.

Першыя парнікі зьявіліся гадоў дваццаць таму ў суседніх Альшанах. За савецкім часам улады спрабавалі змагацца зь вясковымі прадпрымальнікамі, а цяпер ня чыняць перашкодаў. Хіба, штучна ўзьвіліся кошты на плёнку для парнікоў.

Зазвычай улетку жонкі застаюцца прыглядаць за дзецьмі, парнікамі ды й усёй гаспадаркай, а мужчыны едуць на заробкі. Калі ў сям’і ёсьць маладзейшыя жанчыны, яны таксама едуць шукаць працу. Прычым, не за мяжу, усходнюю ці заходнюю, а ў Беларусі. Працуюць у калгасах, бяруць заробак прадукцыяй, якую прадаюць у сваім жа Столінскім раёне.

Канкурэнцыю столінскім складаюць “зюдарбайтэры” з памежных раёнаў Украіны. Тлумачыць Людміла:

(Людміла: ) “Нашыя, калі едуць на заробкі ў Гарадзенскую, Менскую, Гомельскую вобласьці, кажуць, што хахлы прыяжджаюць і работаюць за паўцаны. Кажуць: “Нам бы хаця б на кавалак хлеба зарабіць”.

Струга знаходзіцца ў памежнай зоне. Яшчэ нядаўна жыхары абодвух бакоў мяжы зараблялі кантрабандай. З Украіны везьлі цукар і алей, а ва Ўкраіну везьлі альбо гналі гавяду. Цяпер кажуць, што “граніца на замку”. Затое павысіўся інфармацыйны ўплыў Украіны.

Гутару з Уладзімерам Рамашкам, дырэктарам мясцовага клюбу:

(Карэспандэнт: ) “Якія вы каналы глядзіце па тэлевізіі?”

(Рамашка: ) “У асноўным украінскія. Асабліва “1+1”. Там усё. “БТ” рэдка. Паглядзець, што робіцца ў Менску — напрыклад, бываюць заварушкі, мітынгі несанкцыяваныя — БТ ніколі не пакажа, а ўкраінцы пакажуць”.

Жыхары Стругі ганарацца сваім дабрабытам і дзівяцца на суседзяў з Гомельскае вобласьці. Працягвае Ўладзімер Рамашка:

(Рамашка: ) “Пераяжджаеш мяжу раёнаў, адразу бачна: тут дамы культурныя, буйныя такія. На Гомельшчыну заедзеш, там хаты такія — здаецца, у вугал дасі, і ўсё, рассыплецца будынак. Пэўна, адгукаюцца яшчэ старыя часы, калі былі заходнікі і ўсходнікі. Заходнікі прзвычаіліся рабіць для сябе, а ўсходнікі для кагосьці”.

А вось меркаваньне Людмілы:

(Людміла: ) “Пэўна, болей хочам жыць. Пэўна, болей хочам, каб былі заробкі. Лепей апранацца, лепей выглядаць — пэўна, таму. Увогуле нашыя людзі працуюць, вельмі”.

Гурковы рай Століншчыны мае адваротны бок. Струга й ваколіцы не патрапілі ў зону высяленьня па Чарнобыльскае катастрофе. Кажа Ўладзімер Рамашка:

(Рамашка: ) “Радыяцыя сваё бярэ. У асноўным шчытавідка… Стан сонны, адразу адчуваецца. У нас у Альманах, за Стругай вёска, заяжджаеш, адразу сонны стан. Да гэтага патрэбная звычка. Каму мы патрэбныя — падвопытныя трусы?

Толькі французы прыяжджалі ў Альманы, рабілі дасьледаваньне. Правільна, яны для сябе зрабілі, у іх таксама атамныя станцыі ёсьць. Яны зрабілі на нас вопыты. Харчавацца трэба чыстым, тое чыстае, тое чыстае — а дзе ўзяць? Так што, у Менску ядуць зь нітратамі і з усім астатнім агуркі”.

Вядома, ня ўсе дадаюць ў гуркі нітраты. У Струзе пануе культ дабрабыту й працы. Па словах Уладзімера Рамашкі, у Струзе заўзятары алькаголю не перавышаюць аднаго працэнту ад насельнікаў:

(Рамашка: ) “У асноўным людзі ня вельмі імкнуцца да гэтага спрычыніцца. З думкамі ўстаеш, з думкамі кладзесься”.

Уладзімер ганарыцца тым, што на чатыры тысячы жыхароў струскага сельсавету толькі дзясятак пабываў у турме.

Гаворачы пра асуджаных аднавяскоўцаў, Уладзімер Рамашка вылучае аднаго — Пятра Шаўчука. Спадар Шаўчук вядомая на Століншчыне асоба. Колішні старшыня струскага калгасу, а пазьней кіраўнік раённага масштабу карыстаецца павагай.

Ад інтэрвію Пётар Шаўчук катэгарычна адмовіўся, бо нядаўна вызвалены зь вязьніцы толькі ўмоўна. “Да мяне ў любы момант могуць прыйсьці і надзець кайданкі”, — патлумачыў асуджаны.

Але гісторыя Шаўчука ня ёсьць сакрэтам. Яго затрымалі ў адзін час з былым кіраўніком калгасу, а затым акцыянэрнага таварыства “Расьсьвет” Васілём Старавойтавым. У 1998–99 гадах элітная турма на вуліцы Кальварыйскай у Менску на траціну складалася з дырэктароў, старшыняў і бізнэсоўцаў. Як і Васілю Старавойтаву, Шаўчуку інкрымінавалі нарэзку каўбасы на бутэрброды для афіцыйных гасьцей, перарасход паліва на перавозку тых жа гасьцей ды шмат іншага — разам назьбіралі на 81 даляр “хішчэньняў”, за што далі шэсьць гадоў турмы. У Струзе не сумняюцца, што справа фальсыфікаваная:

(Людміла: ) “Ён прыйшоў да нас у калгас. У нас не было асфальту, каровы кепска стаялі і г.д. Ён усё стараўся для людзей. Роўны плот — гэта ён загарадзіў. Асфальт зрабіў. Калі ён працаваў у калгасе, вельмі шмат пабудавалі дамоў. Камусьці трэба было пасадзіць кіраўніка з раёну. Таму яго й пасадзілі”.

(Рамашка: ) “Я мяркую, гэта была ўказка зьверху. Трэба было знайсьці ахвярнага казла ў раёне. З кіраўніцтва, якое трэ было пасадзіць”.

Цяпер Пётар Шаўчук працуе ў фірме свайго аднавяскоўца Мікалая Васілеў-аглы. Мікалай належыць да праваслаўнага цюркскага народу Гагаузіі, што месьціцца на поўдні сучаснай Рэспублікі Малдовы. Шаснаццаць гадоў таму пабраўся шлюбам са стружанкай і на Заходнім Палесьсі знайшоў сваю другую радзіму.

Дом Мікалая стаіць акурат насупраць сельсавету. А перад домам месьціцца камэрцыйны шапік — першы і адзіны ў Струзе. Але асноўны бізнэс Мікалая ў Століне, да якога ўсяго пяць кілямэтраў. Там Мікалай зь сябрамі адкрыў харчовую краму, дзе прадае сокі й віны Малдовы. Мікалая абурае папулярнасьць у беларускага насельніцтва танных пладова-ягадных сьпіртовых напояў, якія называюць “чарніламі”:

(Мікалай: ) “Я б не лічыў бы, што гэта віно. Я яго не каштаваў ні разу — толькі нюхаў. Ад аднаго паху можна памерці”.

У супрацьлегласьць вытворцам “чарнілаў” Мікалай праводзіць сваю палітыку: заснаваў футбольную каманду, якую мераецца прасунуць у другую футбольную лігу.

У Струскім сельсавеце ёсць яшчэ адзін прадпрымальнік, які рызыкнуў укласьці грошы ва ўласную справу. Калі пытаесься ў вяскоўцаў пра мясцовыя прыкметнасьці, усе на адзін голас раяць схадзіць у нядаўна адчыненую прыватную краму:

(Уладзімер: ) “У Вікаравічах у нас адчынілася крама добрая. Гэта канкурэнцыя нашаму гандлю, які ледзьве дыхае — кіўбаса ляжыць па месяцы, па два, і ніхто браць ня хоча”.

(Карэспандэнт: ) “А ў таго прадпрымальніка добрая?”

(Уладзімер: ) “Вядома, у яго заўжды сьвежая, усе людзі туды ходзяць”.

Шляхам да прыватнае крамы заходжу ва ўстанову, назва якой па ўсёй Беларусі прамаўляецца як “магАзін”. Бачу двох хлапцоў, што прыйшлі па “чарніла”, ды бабульку, якая набывае маленькую чакалядку. Пытаюся, чаму бабуля ня йдзе да прыватнае крамы:

(Бабулька: ) “Шо я буду до часніка ходыт?”

(Карэспандэнт: ) “А што вы тут купляеце?”

(Бабулька: ) “Всэ, шо надо у хозяйстві, всэ купляю. У нас всэ ест в магазіне. Спасыбо нашім завмагам, шо воні нас обэспэчаюць всіма прадуктамі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці часта вы купляеце чакалядкі?”

(Бабулька: ) “Часто. Заўтра будэ очэрэдзь пасьці корові. Будэ рэб’ёнок маленькі такі. Трэ дытя підмануты, шоб воно завлэкалося”.

(Карэспандэнт: ) “А на выбары вы ходзіце?”

(Бабулька: ) “Ходю на віборы”.

(Карэспандэнт: ) “І што вы там робіце?”

(Бабулька: ) “Голосую за нашого прэсыдэнта… э-э… этого… Лукашэнка. Благадара ему… Шо вон нам даў жысьць. Вон нас обэспэчае дзенгамі, пэнсыю плаціць нам. От. І ходю, і благадару”.

Высьветлілася, што бабулька жыве ў суседнім з “магАзінам” доме. А да прыватнае крамы трэба рабіць кілямэтар. Крама завецца “Вікторыя”, а прадпрымальніка завуць Жана Жук. Як і большасьць стружанак, Жана абаяльная і сымпатычная. Яна відавочна ганарыцца сваёй справай:

(Жана: ) “Працуем для насельніцтва. Усе кажуць: “Дзякуй за магазін”. Нават хадакі з Атвержыч прыходзілі, маўляў, адкрывайце ў іх у Атвержычах такі магазін. Нават з Вараней прыяжджаюць, на конях”.

Атвержычы й Варані далёкія вёскі.

За няпоўных два месяцы працы крама ўжо зьведала ці ня поўны комплекс праверак. Працягвае ўладальніца:

(Жана: ) “Я абуралася — на пяты дзень прыйшлі! У мяне дзяўчына працавала першы дзень, няправільна запоўніла касавую кнігу: нам далі штраф. Я тром чалавекам зь вёскі дала заробак. Мала таго, што сама не прашу без работы, дык яшчэ тром чалавекам дала”.

Зрабіцца крамніцай Жана Жук вырашыла пасьля заканчэньня вышэйшае фінансавае адукацыі й дзесяці гадоў працы ў “Белкамбанку”.

Жана Жук — сярод адзінак. А галоўным артыкулам даходу жыхароў струскага сельсавету застаюцца агуркі. Калі я зьяжджаў зь вёскі, пабачыў тыповы нязграбны помнік савецкага часу. Падумалася, можа ў будучыні жыхары Стругі маглі б паставіць новы помнік — гурку-ратаўніку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG