Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗАКРАНЕ БЕЛАРУСЬ МАГЧЫМЫ РАСЕЙСКА-ГРУЗІНСКІ КАНФЛІКТ?


Уладзімер Глод, Менск

(Латушка: ) “Беларускі бок бачыць, што ёсьць законныя патрабаваньні Расеі выдаць тэрарыстаў расейскім уладам. Доказы іх тэрарыстычнай дзейнасьці ў расейскага боку ёсьць. Пазыцыя МЗС Беларусі агучвалася і застаецца ранейшай — ніхто не павінен заахвочваць дзеяньняў тэрарыстаў. І ў гэтым выпадку МЗС Беларусі падзяляе падыходы расейскага боку”.

Рэакцыю грузінскага боку на гэтую пазыцыю атрымаць у Менску немагчыма. Да гэтага часу Грузія ня мае ў Беларусі ня тое што амбасады, а нават консульскага аддзяленьня. Усе пытаньні вырашае сталы прадстаўнік Грузіі ў выканаўчых структурах СНД Зураб Шотханіладзэ. Але як мне паведамілі сёньня ў СНД, ён зьехаў зь Менску адпачываць.

Між тым, нельга забывацца пра тое, што Беларусь уваходзіць у міжнародную рэгіянальную структуру “Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы”, так званую АДКБ. Яна была ўтвораная сёлета 14 траўня на адмысловым паседжаньні ў Маскве. Разам з Расеяй у яе ўвайшлі Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргыстан і Таджыкістан.

Важна адзначыць, што галоўным ініцыятарам новай структуры, якая была ўтвораная на базе Ташкенцкай Дамовы аб калектыўнай бясьпецы 1992 году, выступіў Аляксандар Лукашэнка. Менавіта ён дамагаўся мадэрнізацыі пасьля таго, як Таджыкістан і Кыргыстан разьмесьцілі на сваёй тэрыторыі амэрыканскія вайсковыя кантынгенты, што дзейнічалі ў антытэрарыстычнай апэрацыі ў Афганістане.

Юрыдычна новая арганізацыя знаходзіцца ў стане фармаваньня. Да пачатку лістапада яна павінна падрыхтаваць свой статус. Ствараецца адзінае вайсковае камандаваньне. Усе краіны АДКБ мусяць праводзіць узгодненую вайскова-палітычную і вайскова-тэхнічную палітыку. А гэта, як лічаць экспэрты, пачатак паўнавартаснага вайскова-палітычнага хаўрусу.

Ці ёсьць верагоднасьць таго, што беларускія вайскоўцы ў такой сытуацыі могуць быць уцягнутыя ў магчымы расейска-грузінскі канфлікт?

Свой погляд выкладае дырэктар Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Вячаслаў Паздняк:

(Паздняк: ) “Гэта малаверагодна і амаль што практычна выключана. Дамова аб калектыўнай бясьпецы прадугледжвае кансультацыі ў выпадку пагрозы для яе ўдзельнікаў. Такія кансультацыі, мне падаецца, наўрад ці могуць быць ініцыяваныя.

Таму што Расея мае шмат магчымасьцяў, каб правесьці гэтую апэрацыю самастойна. Беларускае заканадаўства абмяжоўвае магчымасьці таго, каб беларускія вайскоўцы ўдзельнічалі ў вайсковых апэрацыях за межамі нашай краіны”.
XS
SM
MD
LG