Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬФГАНГ БЭРЭНДТ: “ПЕРАСЬЛЕД НЕЗАЛЕЖНЫХ СМІ НЕ СПРЫЯЕ АДНАЎЛЕНЬНЮ ГАСЬЦЯВОГА СТАТУСУ БЕЛАРУСІ Ў ПАРЭ”


Алена Панкратава, Менск

Як вынікае з заявы, дэпутат Бундэстагу з занепакоенасьцю назірае за працэсам супраць галоўнага рэдактара газэты “Рабочы” Віктарам Івашкевічам і папярэджвае Менск наконт таго, што апошняе разьвіцьцё падзеяў пагражае нармалізацыі кантактаў між Беларусьсю і Эўропай.

Пытаньне далейшых дачыненьняў паміж Менскам і Радай Эўропы ўключанае ў парадак дня маючай адбыцца пры канцы верасьня сэсіі ў Страсбуры. Як паведаміў Свабодзе Вольфганг Бэрэндт, днямі ў часе паседжаньня палаты дэпутатаў Рады Эўропы большасьцю галасоў было выказанае меркаваньне, што цяперашняя сытуацыя са свабодай слова ў Беларусі ніяк ня можа спрыяць аднаўленьню гасьцявога статусу Беларусі ў гэтай эўрапейскай структуры.

Занепакоенасьць эўрапейскіх палітыкаў выкліканая перасьледам журналістаў з боку ўладаў у адпаведнасьці з надзвычай недэмакратычнымі тэзамі Закону аб друку: паклёп і абраза кіраўніка дзяржавы, а таксама найвышэйшых службовых асобаў. Эўрапейскія парлямэнтары чарговы раз заявілі, што Беларусь дагэтуль не прадставіла Страсбуру дэмакратычнага Закону пра СМІ.

(Бэрэндт: ) “Калі Віктар Івашкевіч будзе асуджаны да турэмнага пакараньня, то гэта толькі пераканае Эўропу, што беларускія ўлады ня хочуць зрабіць ніякіх пазытыўных зьменаў у сваёй мэдыйнай палітыцы. Днямі ў Парыжы я меў першую на гэты конт размову з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, я сустракаўся зь беларускім амбасадарам у Францыі і выказаў яму сваю занепакоенасьць”.

(Карэспандэнт: ) “І якую вы пачулі рэакцыю ў адказ?”

(Бэрэндт: ) “Ён сказаў мне, што я гляджу на сытуацыю ў Беларусі вельмі нэгатыўна, што трэба бачыць у ёй пазытыўныя моманты. Мой адказ на гэтыя словы быў наступным: пры ўсім жаданьні знайсьці пазытыўныя моманты ў беларускай сытуацыі нельга. Магчыма, гэтых момантаў Эўропе трэба чакаць у будучыні? У любым выпадку, у Страсбуры мы ўздымем гэтае пытаньне з прадстаўнікамі беларускай дэлегацыі. А ў лістападзе я пляную наведаць Беларусь, каб на ўласныя вочы пераканацца, што ў гэтым напрамку робіцца”.

Як лічыць спадар Бэрэндт, у эўраструктураў дастаткова цярпеньня, каб давесьці да беларускага кіраўніцтва свае патрабаваньні. Паводле словаў дарадцы Рады Эўропы па Беларусі, у адносінах да Беларусі Эўропа не вядзе ніякай прымусовай палітыкі. Паколькі Беларусь хоча зьмены свайго статусу ў такіх структурах як ПАРЭ і АБСЭ і заяўляе пра гэта, Эўропа мае права апэляваць да Менску, каб ягонае кіраўніцтва падло адпаведныя гарантыі дэмакратызацыі ў грамадзтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG