Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭПІЦЭНТАР: 11 ВЕРАСЬНЯ


Сяргей Шупа, Прага і Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк

Буш выступіў з гэтым зваротам на востраве Эліс-Айленд, пад адкрытым небам, на фоне ілюмінаванай статуі Свабоды. Сёньня, у нашай апошняй перадачы з цыклу “Эпіцэнтар – 11 верасьня” я пазнаёмлю вас з асноўнымі момантамі тэлезвароту. Але на пачатку слова майму калегу Сяргею Навумчыку, які распавядзе, як выглядае Нью-Ёрк на другі дзень пасьля гадавіны.

***

(Навумчык: ) “У Нью-Ёрку працягваюцца цырымоніі пахаваньня ахвяраў леташняга тэракту – бо толькі цяпер удаецца ідэнтыфікаваць рэшткі чалавечых целаў паводле аналізу ДНК.

На сёньняшні дзень апазнаныя рэшткі толькі паловы загіблых ува Ўсясьветным Гандлёвым Цэнтры – 1401 чалавека . Пры гэтым цэлымі былі дастаўленыя ў шпіталі толькі 293 цела. Сёньня ў нью-ёрскім шпіталі Бэльвю усё яшчэ знаходзяцца каля сотні неапазнаных целаў ахвяраў тэракту 11 верасьня. А усяго ў моргах Нью-Ёрку – 19 тысячаў 898 так званых “адзінак” – большай часткай, найдрабнейшых кавалкаў скуры ці костак. Візуальна іх апазнаць немагчыма, і ўся надзея толькі на аналізы ДНК, а яны займаюць шмат часу.

Учорашні вецер, які ахінуў Нью-Ёрк і ўзьняў з “Граўнд-зіро” пясок, аказваецца, быў вынікам урагану, які валіў дрэвы і пашкодзіў лініі электрасувязі. Сёньня таксама вецер, хаця і меншы. У горадзе аўтамабільныя заторы – бо адна з асноўных трасаў уздоўж Мангэтэну, якая праходзіць пад комплексам будынкаў штаб-кватэры ААН – перакрытая. Так заўсёды робіцца ў дзень адкрыцьця “аанаўскіх” самітаў, а сёньня захады бясьпекі яшчэ большыя, бо якраз сёньня ў ААН выступае прэзыдэнт Буш.

З раніцы амэрыканскія каналы трансьлявалі зварот Буша, запісаны на фоне начнога Мангэтэну, за сьпіной прэзыдэнта была статуя Свабоды і амэрыканскі сьцяг. Прэзыдэнт казаў пра вайну з Іракам. І ў ААН Буш будзе заклікаць сусьветных лідэраў падтрымаць амэрыкансую пазыцыю ў дачыненьні да Хусэйна.

І цяпер колькі словаў пра рэакцыі на гэта амэрыканскіх беларусаў, зь якімі мне давялося пагутарыць. З аднаго боку, яны лічаць неабходнай працягваць барацьбу з тэрарызмам, і Амэрыка, якая спазнала трагедыю 11 верасьня, мае маральнае права на такую барацьбу. Але пры гэтым з-пад увагі Вашынгтону не павінны зьнікаць і праблемы іншых краінаў, існаваньне якіх пад пагрозай. Беларуская дыяспара ўспрыняла апошнія інтэграцыйныя заявы прэзыдэнта Расеі вельмі сур’ёзна і бачыць у іх пагрозу незалежнасьці – і дыяспара мае намер нагадваць амэрыканскім палітыкам, што дзесяць гадоў таму менавіта Вашынгтон выступіў гарантам незалежнасьці Беларусі, калі зь яе тэрыторыі выводзілася ядзерная зброя.

Пра гэта, дарэчы, і будзе гаворка на сходзе нью-ёркскіх беларусаў, які пройдзе ў наступную суботу ў памяшканьні фонду імя Крэчаўскага”.

***

А зараз – пра тое, што сказаў у сваім тэлевізійным звароце да амэрыканскага народу прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш.

“Для ўсіх амэрыканцаў гэта быў год прыстасаваньня, звыканьня зь цяжкай думкай пра тое, што нашая краіна мае ворагаў, гатовых на ўсё, і што мы не абароненыя ад іх нападаў”.

Прэзыдэнт Буш зазначыў важнасьць гуманістычных ідэалаў у барацьбе з тэрарызмам: “Напад на нашую краіну быў таксама нападам на тыя ідэалы, які складаюць сутнасьць нашай краіны. Нашае найглыбейшае нацыянальнае перакананьне палягае ў тым, што кожнае жыцьцё каштоўнае, бо кожнае жыцьцё – гэта дар творцы, які стварыў нас, каб мы жылі ў свабодзе і роўнасьці.

І гэта больш чым што іншае разьдзяляе нас з ворагамі, супраць якіх мы змагаемся. Мы цэнім кожнае жыцьцё. Нашыя ворагі ня цэняць ніякага жыцьця, нават невінаватага, нават свайго ўласнага”.

Гаворачы пра антытэрарыстычную кампанію, Джордж Буш ускосна згадаў рэжым Садама Хусэйна ў Іраку, не называючы яго даслоўна: “Амэрыка ўступіла ў вялікую барацьбу, дзе выпрабоўваецца нашая сіла і яшчэ больш – нашая рашучасьць. Наш народ цярплівы і трывалы. Мы працягваем пошукі тэрарыстаў у гарадах, лягерах і пячорах па ўсёй Зямлі.

З намі разам – вялікая кааліцыя дзяржаваў, і нашая мэта – пазбавіць сьвет ад тэрору. І мы не дазволім ніякім тэрарыстам або тыранам пагражаць цывілізацыі зброяй масавага зьнішчэньня”.

Буш запэўніў у тым, што барацьба будзе весьціся да канца: “На руінах вежаў-блізьнятаў, пад сьцягам, што лунае над Пэнтагонам, на пахаваньнях загіблых, мы далі сьвятое абяцаньне самім сабе і ўсяму сьвету: Мы ня спынімся, пакуль ня будзе ўчыненае правасудзьдзе і пакуль наша краіна ня будзе ў бясьпецы. Тое, што распачалі нашыя ворагі, мы закончым”.

Гаворачы пра рэлігійны аспэкт барацьбы, Буш зазначыў: “Мы паважаем веру Ісьляму, змагаючыся з тымі, чые дзеяньні заплямілі гэтую веру. Мы змагаемся не для таго, каб навязаць сваю волю, а каб абараніць сябе і пашырыць блаславёны дар свабоды”.

Заканчваючы свой зварот, прэзыдэнт Злучаных Штатаў сказаў: “Заўтра настане 12 верасьня. Вяха засталася ззаду, але наша місія працягваецца. Будзьце пэўныя; наша краіна моцная. А наша справа яшчэ большая за нашую краіну. Наша справа – бараніць чалавечую годнасьць і свабоду... Гэты ідэал Амэрыкі – надзея ўсяго чалавецтва. Гэтая надзея надалей асьвятляе наш шлях. І сьвятло сьвеціць у цемры, і цемра не агорне яго”.
XS
SM
MD
LG