Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭМ’ЕР-МIНIСТАР БЕЛАРУСI ГЕНАДЗЬ НАВIЦКI НАВЕДАЎ ГОМЕЛЬ


Казiмер Яноўскi, Гомель

Просьбу адносна ўвядзеньня пошліны ці ліцэнзіі на продаж у Беларусі расейскага маргарыну і гаспадарчага мыла выказаў сёньня дырэктар тлушчакамбінату Яраслаў Якімік падчас візыту прэм’ера Навіцкага на гэтае прадпрыемства. Дырэктара падтрымаў і віцэ-прэзыдэнт канцэрну Белдзяржхарчпрам Аляксей Рубец. Інакш 1100 рабочых тлушчакамбінату могуць пазбавіцца працы.

Зараз у Беларусь увозіцца амаль 25 тысячаў тон маргарынавай прадукцыі і звыш 9 тысячаў тон – гаспадарчага мыла. Між тым, унутры краіны на прадукцыю Гомельскага тлушчакамбінату і Менскага маргарынавага заводу ўведзеная квота. Агулам – 5 тысячаў тон, альбо меней 17% ад таго, што купляюць у Беларусі. Гэта для кіраўнікоў канцэрну і тлушчакамбінату дзіўна і не зразумела, бо нават гамельчукі бязь менскага заводу здольныя цалкам забясьпечыць Беларусь маргарынам.

Як перакананы Яраслаў Якімік, расейская прадукцыя таньнейшая, але горшай якасьці. Расейцы адышлі ад ранейшых дзяржстандартаў і выпускаюць яе зараз на падставе уласных тэхнічных умоваў. Таму і стаўленьне да прадукцыі суседзяў у дырэктара адпаведнае:

(Якімік: ) “Няхай расейцы сваю прадукцыю ядуць самі. А то яны дзярмо робяць і вязуць яго нам. Гэта ж няправільна!”

Прапанову пра ўвядзеньне пошліны ці ліцэнзіі на расейскую маргарынавую прадукцыю і гаспадарчае мыла ўрад разгледзіць ужо заўтра. Прэм’ер пры гэтым заяўляе пра ўважлівае стаўленьне да праблемы. Тлушчакамбінат у надзвычай цяжкіх умовах.

Паводле словаў Генадзя Навіцкага, урад разглядае і варыянты работы беларускіх прадпрыемстваў ва ўмовах павышэньня Расеяй коштаў на газ ды іншыя энэрганосьбіты:

(Навіцкi: ) “Так, мы такія рэчы разглядаем. Я скажу гэтак: і час прыйшоў, і ўмовы высьпелі для таго, каб мы былі падрыхтаваныя. І падрыхтаваныя за кошт скарачэньня тых выдаткаў вытворчасьці , якія у нас ёсьць і якіх шмат”.

У прыклад прэм’ер паставіў працу таго ж тлушчакамбінату, які працуе 3 дні на тыдзень, але ў дзьве зьмены. Прычым другая зьмена пачынаецца ў 10 гадзінаў вечару, калі кошт на электраэнэргію значна ніжэйшы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG