Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГРУЗІЯ КАТЭГАРЫЧНА СУПРАЦЬ УВЯДЗЕНЬНЯ НА ЯЕ ТЭРЫТОРЫЮ РАСЕЙСКІХ ВОЙСКАЎ


Вольга Караткевіч, Прага

Пуцін зьвярнуўся да Генэральнага сакратара ААН, лідэраў дзяржаваў – сябраў Рады Бясьпекі ААН і кіраўнікоў дзяржаваў – сябраў АБСЭ. Карыстаючыся актуальнасьцю тэмы барацьбы з тэрарызмам, Пуцін зноў сказаў, што “акапаны ў Чачні міжнародны тэрарызм вымушае Расею разбурыць крымінальную тэрарыстычную інфраструктуру”.

Грузія ўвяла тысячу жаўнераў у раён Панкіскай цясьніны і заявіла, што сама вырашыць пытаньне з узброенымі групоўкамі, але Расея настойвае на вайсковай прысутнасьці ў Грузіі.

Прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзэ адзначыў, што пазыцыя Пуціна выклікае зьдзіўленьне і не адпавядае сур’ёзнай палітыцы. Сытуацыю камэнтуе супрацоўнік Грузінскай службы Радыё Свабода Давід Какабадзэ:

(Какабадзэ: ) “Калі ўвесь сьвет казаў пра трагедыю ў Амэрыцы, Пуцін выкарыстаў гэты момант, каб упісаць у кантэкст барацьбы з тэрарызмам тое, што адбываецца ў Панкіскай цясьніне, хаця зразумела, што ў ніякае параўнаньне гэта ня йдзе з тым, што адбываецца ў Афганістане. Сама заява выклікае ў мяне зьдзіўленьне, не гаворачы пра іншыя эмоцыі. Пуцін спасылаўся на Хартыю ААН адносна ўзброенага нападу. Пра які напад з боку Грузіі на Расею можа йсьці гаворка? Калі кіравацца лёгікай Пуціна, дык у Грузіі ёсьць права бараніць сябе ад Расеі. Бо на тэрыторыі Грузіі ёсьць узброеныя грамадзяне Расеі, а не на тэрыторыі Расеі ўзброеныя грамадзяне Грузіі”.

Спадар Какабадзэ зьвярнуў увагу на факт шматлікіх паведамленьняў у расейскіх СМІ пра грузінскі сьлед у тэрактах 11 верасьня.

Нагадаю, CBS паведаміла, што празь некаторы час пасьля нападаў на будынкі Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру быў тэлефонны званок з Грузіі, гаварыў адзін з набліжаных Бін Лядэна, і прагучала фраза “добрыя навіны”. Гэта абсурд, бо тады ёсьць і нямецкі сьлед у гэтых тэрактах. Бо самазабойцы, якія скіравалі “Боінгі” на хмарачосы, жылі ў Нямеччыне, у Гамбургу.

І зноў пытаньне да Давіда Какабадзэ. Заява Ўладзімера Пуціна і грузіна-расейскі канфлікт – як ён можа паўплываць на магчымасьць Грузіі сувэрэнна і незалежна рэагаваць на падобную палітыку?”

(Какабадзэ: ) “Расея – вялізарная дзяржава. Калі такая вялізарная дзяржава – твой сусед, любы крок у дачыненьні да маленькага суседа – гэта заўсёды важна. Цяпер цяжка казаць пра пляны Пуціна. Чаго ён хоча? Але пра абхазскую праблему ўжо ніхто не памятае... У Грузіі гавораць, што ЗША і Расея абмянялі Ірак на Грузію, ёсьць і такія апасеньні, але я спадзяюся, што вайны ня будзе. Расея хоча саступак і хоча, каб Грузія дазволіла Расеі ўвесьці войскі. Грузія гэта зрабіць ня можа. І правільна робіць, што не дае Расеі. Гэта супярэчыць усім нормам. І яшчэ адзін далікатны момант – стаўленьне Грузіі да Чачэнiі. Чачэнiя – таксама сусед Грузіі. Чачэнiя не даруе Грузіі, калі яна будзе працаваць з Расеяй супраць сувэрэнітэту Чачэнiі”.

Мы папрасілі Давіда Какабадзэ адказаць і на пытаньне, ці гэты канфлікт можа нейкім чынам аб’яднаць апанэнтаў прэзыдэнта Шэварднадзэ ў рэакцыі на палітыку Расеі?

(Какабадзэ: ) “Я думаю, што гэта адно з пытаньняў, вакол якога паразуменьне ёсьць. Апазыцыянэры падтрымліваюць Шэварднадзэ, хаця гавораць, што яго рэакцыя вельмі мягкая. Ён павінен быць вельмі жорсткім, а не казаць, што словы Пуціна – гэта ня словы сур’ёзнага палітыка”.

Зараз адбываецца паседжаньне Рады Бясьпекі Грузіі, вынікі якога будуць вядомыя пазьней.
XS
SM
MD
LG