Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ІВАЦЭВІЦКАЙ КАЛЁНІІ ВЯЗЬНЯМ НЕ ХАПАЕ ЕЖЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Двор Івацэвіцкай калёніі ўпрыгожаны клюмбамі з кветкамі і чыста падмецены. Але адчуваньне ўтульнасьці адразу зьнікае, калі наведнік трапляе ўсярэдзіну, дзе ўсё падпарадкавана жорсткаму рэжыму.

“Больш мне не хацелася б там пабываць, нават каб пабачыць сына. Усё ж вельмі змрочная абстаноўка”, — гэтак каротка вызначыла свае ўражаньні пасьля сёньняшняга наведваньня Івацэвіцкай калёніі Юлія Чыгір. Асабліва яе зьдзівіла ў расповедзе сына тое, што вязьні пакутуюць ад недахопу ежы.

(Чыгір: ) “Людзі настроеныя агрэсіўна, бо галодныя, многія не атрымліваюцьз волі перадачаў, і гэта адбіваецца на настроі”.

Паводле Юліі Чыгір, Івацэвіцкая калёнія перанаселеная на цэлую чвэрць. Замест трох тысяч зьняволеных тут утрымліваецца больш чатырох тысяч. Гэта адбіваецца на ўмовах жыцьця, у тым ліку прыводзіць да парушэньняў правілаў санітарыі. “На твары сына я заўважыла маленькія балячкі, быццам ад укусаў мошак”, — распавядае жонка былога прэм’ера. Яна пацікавілася, што гэта, і вось пра што даведалася:

(Чыгір: ) “Ён патлумачыў, што гэта клапы. Калі я прапанавала прывезьці для апрацоўкі памяшканьня нейкі хімікат, ён толькі ўсьміхнуўся. Кажа, ты не ўяўляеш, які гэта вялікі барак”.

Праблемай івацэвіцкіх вязьняў, паводле Юліі Чыгір, ёсьць і тое, што большасьць не працуе — такой колькасьці вязьняў проста не хапае працоўных месцаў у маленькім мэблевым цэху, які дзейнічае пры калёніі. Але і тыя, каму пашчасьціла атрымаць працу, амаль нічога за яе ня маюць. Аляксандар Чыгір трапіў у атрад, якому дазволена працаваць, але працоўнага месца не атрымаў і нават калі яно будзе, наўрад ці ім скарыстаецца.

“Сын сказаў, што там фактычна нічога ня плацяць, а быць нявольнікам ён наўрад ці пагодзіцца”, — распавяла Юлія Чыгір.

У Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі больш за 44 тысячы вязьняў. Афіцыйна зь іх амаль палова мае магчымасьць у няволі працаваць і заробленыя грошы ашчаджаць альбо траціць на харчы. Але ў рэальнасьці атрымліваецца інакш. Часта праца ў калёніі ператвараецца ў нявольніцтва, бо калі чалавек ня можа зарабіць сабе нават на хлеб, гэта цяжка назваць заробкам. Застаецца месьці турэмныя калідоры ды даглядаць кветкі, што і робяць вязьні Івацэвіцкай калёніі.

Дарэчы, у 1980-я гады ў гэтай калёніі працаваў былы дэпутат Вярхоўнага Савету, вядомы апазыцыянэр Уладзімер Кудзінаў. У першыя незалежніцкія гады ён звольніўся з калёніі, пайшоў у бізнэс ды дасягнуў нядрэнных посьпехаў, а апроч таго быў абраны дэпутатам. У 1996 годзе Кудзінаў актыўна падтрымаў ініцыятараў імпічмэнту Лукашэнку, за што пазьней быў пакараны. Яго справакавалі на дачу хабару міліцыянту, а потым асудзілі на шэсьць гадоў. Летась Кудзінаў выйшаў з турмы і празь некалькі месяцаў зьехаў зь Беларусі. Паводле зьвестак, цяпер ён спрабуе разьвіць свой бізнэс у Крыме.

Што да Івацэвіцкай калёніі, дзе ён калісьці працаваў, там яго яшчэ памятаюць як апазыцыянэра. І пра Аляксандра Чыгіра ўжо ходзяць менавіта такія зьвесткі — што пацярпеў за палітыку. Юлія Чыгір сьцьвярджае, спасылаючыся на крыніцы ў турме, што ажно зь Менску загадана за Чыгіром-малодшым назіраць асабліва пільна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG