Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСЕЙСКІЯ МЭДЫІ КАМЭНТУЮЦЬ ПАНЯДЗЕЛКАВЫ ВЫСТУП АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ У ПРАМЫМ ЭФІРЫ НТВ


Юры Дракахруст, Прага

Паводле “Комсомольской правды”, шмат на каго мог паўзьдзейнічаць расповед кіраўніка Беларусі пра тое, як ён асабіста ня даў сквапным замежным алігархам за капейку купіць беларускія прадпрыемствы.

Дарэчы, менавіта сёньня прэзыдэнт піўнога канцэрну “Балтыка” Тэймураз Балоеў паведаміў, што шэраг ўмоваў прыватызацыі беларускага заводу “Крыніца”, выстаўленых беларускім бокам, для “Балтыкі” абсалютна непрымальныя. Прынамсі, “Балтыка” не зьбіраецца ў абмен на акцыі “Крыніцы” будаваць у Менску лядовы палац.

На думку “КП” асабліва бязьзьвязнымі былі выказваньні Лукашэнкі наконт праблемаў інтэграцыі. “Аляксандар Рыгоравіч, як можа існаваць адна дзяржава з двумя сувэрэнітэтамі? Наўрад ці нават Вы зможаце зрабіць гэтую казку быльлю”, – піша “КП”. Газэта зьвяртае ўвагу на словы Лукашэнкі наконт таго, што калі Беларусь усё ж пойдзе на далучэньне да Расеі, то адкуль упэўненасьць, што адзіным прэзыдэнтам стане расейскі грамадзянін. З гэтых словаў можна здагадацца, піша газэта, што Лукашэнка дагэтуль усур’ёз думае: ці не прыняць гэты варыянт?

Дарэчы, учора расейская інфармацыйная агэнцыя Ітар-ТАСС распаўсюдзіла ананімны камэнтар прадстаўніка расейскага ўраду, у якім гэтыя словы беларускага кіраўніка таксама разглядаюцца як намёк на магчымасьць таго, што Лукашэнка нарэшце пагодзіцца на далучэньне Беларусі да Расеі.

“Независимая газета” называе выступ Лукашэнкі ў прамым эфіры НТВ “агрэсіўнай піяраўскай акцыяй”. Аднак, на думку выданьня, наўрад ці яна можа вывесьці Крэмль з раўнавагі. Хаця Лукашэнка дэкляруе, што выступае за трэці варыянт – гэта значыць, за працяг працы над існай саюзнай дамоваю, - аднак тон ягоных заяваў такі, што час казаць пра зварочваньне ўсіх імкненьняў да якога б то ні было аб’яднаньня”, – піша “Независимая газета”.

Выданьне камэнтуе таксама абвінавачаньні Лукашэнкі на адрас расейскіх кампаніяў: у сваім выступе ён даў зразумець, што не зьбіраецца дапускаць “Газпрам” да прыватызацыі “Белтрансгазу”, бо “Газпрам” не выконвае сваіх абавязкаў: абяцаў пастаўляць у Беларусь 30 мільярдаў кубамэтраў газу, а пастаўляе толькі 18. Газэта прыводзіць меркаваньне “Газпраму”, які мяркуе, што гэтыя абвінавачаньні некарэктныя. Прадстаўнікі расейскага газавага канцэрну нагадваюць, што доўг Беларусі за газ перавышае 200 мільёнаў даляраў і працягвае павялічвацца. Зусім натуральна, што ў гэтай сытуацыі “Газпрам” настойвае на сплаце даўгоў у той ці іншай форме.

Газэта называе дзіўнымі намёкі Лукашэнкі на магчымасьць паспаборнічаць з Пуціным на магчымых выбарах прэзыдэнта адзінай дзяржавы. “Лукашэнка не настолькі дурны, каб спадзявацца перамагчы Пуціна на гэтых гіпатэтычных выбарах”, – піша “Независимая газета”.
XS
SM
MD
LG