Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДАФРОНТАВЕЦ ЗЬМІЦЕР ДАШКЕВІЧ АСУДЖАНЫ НА 15 СУТАК


Альгерд Невяроўскі, Менск

21-гадовы Зьміцер Дашкевіч удзельнічаў 8 верасьня ў акцыі пратэсту Маладога Фронту каля амбасады Расеі ў Менску супраць прапановы Ўладзімера Пуціна далучыць Беларусь да Расеі. Маладафронтаўцы спрабавалі перадаць дыпляматам адмысловы зварот, а пасьля перакінулі праз плот на тэрыторыю амбасады муляж-ляльку Ўладзімера Пуціна.

Пасьля акцыі міліцыянты затрымалі Зьмітра Дашкевіча, і сёньня над ім адбыўся суд. Гаворыць спадар Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “На жаль, у нашай краіне адзіная магчымасьць, каб цябе пачулі — стварыць нейкі інфармацыйны прэцэдэнт. Мы правялі акцыю й выказалі думку часткі беларускага грамадзтва пра тое, што мы ніколі ня ўвойдзем у Расею. У нашай дзяржаве чалавек, у якога існуе йншая думка, ён заўсёды вінаваты. А я вінаватым сябе не лічу”.

Міліцыянты з аховы амбасады сёньня казалі ў судзе, што Дашкевіч актыўна ўдзельнічаў у недазволенай акцыі й менавіта ён перакінуў праз плот муляж Ўладзімера Пуціна. Сам Зьміцер сьцьвярджаў, што ляльку ён не перакідваў, а толькі спрабаваў перадаць у амбасаду зварот з пратэстам на пуцінскія прапановы.

Абаронца Дашкевіча Ўладзімер Лабковіч казаў, што такім чынам Зьміцер выконваў свой канстытуцыйны абавязак у справе абароны незалежнасьці Беларусі, а прапановы прэзыдэнта Расеі былі абразьлівымі для беларусаў, што прызнаў Аляксандар Лукашэнка ды йншыя высокія дзяржаўныя чыноўнікі.

Аднак судзьдзя Тацяна Паўлючук на гэтыя аргумэнты ўвагі не зьвярнула і пакарала Зьмітра Дашкевіча 15-сутачным арыштам.

Уладзімер Лабковіч так пракамэнтаваў гэтае судовае рашэньне:

(Лабковіч: ) “Сёньняшні прысуд трэба разглядаць як яшчэ адзін адказ і нашай інтэлігенцыі, і шмат каму ў колах апазыцыі, якія спадзяюцца на нейкія размовы з рэжымам. Тыя, хто спадзяецца, што ўлады зьмянілі сваё стаўленьне да нацыянальнага пытаньня, да незалежнасьці Беларусі — мы бачым, што жорсткае пакараньне панес чалавек за выказваньне сваіх нацыянальных пачуцьцяў. Няма зьмены стаўленьня ўладаў да нацыянальнага”.

Сам Зьміцер Дашкевіч заявіў, што нягледзячы на зьняволеньне, ён зусім не шкадуе, што ўзяў удзел у акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG