Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПЕРШАМАЙСКІМ СУДЗЕ МЕНСКУ ПАЧАЎСЯ СУД НАД РЭДАКТАРАМ ГАЗЭТЫ “РАБОЧЫ” ВІКТАРАМ ІВАШКЕВІЧАМ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Першамайскім раённым судзе сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, каб выказаць падтрымку Віктару Івашкевічу. Сярод прысутных былі калегі-журналісты, палітыкі, прадстаўнікі амэрыканскай амбасады. Перад пачаткам суду сакратарка абвесьціла, што паседжаньне будзе закрытым. Віктар Івашкевіч так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Івашкевіч: ) “Напэўна, судзьдзя ня хоча, каб людзі пачулі новыя зьвесткі пра злачынную дзейнасьць рэжыму, калі я буду сябе абараняць. Фармальна яны заявілі, што ў сувязі з тым, што ў Горадні падчас суду над Маркевічам і Мажэйкам былі нейкія эксцэсы. З гэтае прычыны яны вырашылі суд зрабіць закрытым. Але калі нехта паводзіць сябе непаважліва да суду, то менавіта той і выдаляецца з судовага паседжаньня, а ня ўсе прысутныя”.

Прысутныя абурыліся і не жадалі пакідаць судовую залю.

Удзельнікі паседжаньня перайшлі ў іншае памяшканьне. Валеры Шчукін намагаўся трапіць у судовую залю. Паміж ім і амонаўцамі адбылася сутычка. На думку прадстаўніка праваабарончага цэнтру БАЖ Андрэя Бастунца, суд пачаўся з парушэньнем Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

(Бастунец: ) “У 23 артыкуле няма такой падставы, каб абвесьціць гэтае судовае паседжаньне закрытым. Там ёсьць пералік гэтых выпадкаў. Судзьдзя абгрунтаваў сваё рашэньне забесьпячэньнем парадку ў судовым паседжаньні. Закрытае судовае паседжаньне і забесьпячэньне грамадзкага парадку — розныя рэчы. Абвяшчэньне працэсу закрытым зроблена з парушэньнем Крымінальна-працэсуальнага кодэксу”.

Нагодаю для крымінальнай справы і судовага разьбіральніцтва стаў артыкул “Злачынца павінен сядзець у вязьніцы”, надрукаваны летась у газэце “Рабочы” падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. У ім пералічваліся некаторыя зьвесткі пра дзейнасьць кіраўніка краіны і яго найбліжэйшага атачэньня. Да чытачоў газэта не дайшла — прадстаўнікі спэцслужбаў канфіскавалі наклад газэты непасрэдна ў друкарні.

Да абеду судзьдзя Ўладзімер Кобышаў апытваў сьведкаў з боку абвінавачаньня. Прадстаўніца Міністэрства інфармацыі выказала ў судзе пазыцыю сваёй установы: паколькі не было распаўсюду газэты, то не было й паклёпу. Гаворыць Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Сьведкі ня могуць зразумець, як сыгнальны экзэмпляр газэты з друкарні патрапіў міністру Падгайнаму. Ніхто кур’ераў яму не пасылаў, сыгнальных экзэмпляраў ня браў... Як той Падгайны трапіў на тэрыторыю друкарні й выцягнуў той матэрыял? Гэта таямніца. Будзем патрабаваць, каб выклікалі Падгайнага і спыталі, дзе ён браў тыя матэрыялы.

Таксама высьветліўся факт ажыцьцяўленьня цэнзуры намесьнікам міністра Глушаковым. Мы патрабуем, каб таксама выклікалі і тых дзяржаўных чыноўнікаў, якія далі нейкія “адпіскі”. Лісты з генэральнай пракуратуры, што пра фонд Эсамбаева, пра “Торгэкспо” матэрыялы зьнішчаныя. Яны так і напісалі: “Мы іх зьнішчылі”. Так? Дык я паставіў пытаньне перад судзьдзёй, што трэба праверыць усе астатнія матэрыялы. Можа і яны зьнішчаныя. Чыноўнікі пішуць адпіскі: “Мы нічога ня ведаем і пра факты, якія надрукавалі ў газэце, ня маем ніякага ўяўленьня”.

Віктар Івашкевіч паведаміў Радыё Свабода, што ў матэрыялах гэтай крымінальнай справы ёсьць заключэньне КГБ на запыт пракуратуры, ці зьяўляюцца праўдзівымі факты, надрукаваныя ў артыкуле. КГБ адказвае, што спраўдзіць ці абвергнуць інфармацыю ня мае магчымасьцяў.

(Івашкевіч: ) “Калі КГБ ня здолела ўстанавіць, што я хлусіў, то я сумняюся, што яны здолеюць. Але, я думаю, што ўсё будзе вырашацца ня ў гэтых сьценах”.

Адвакат Віктара Івашкевіча Тацяна Станкевіч заявіла хадайніцтва, каб апыталі ў якасьці сьведкі былога намесьніка міністра Ўладзімера Глушакова. Уладзімер Глушакоў у судзе па сутнасьці справы нічога новага не паведаміў. Ён патлумачыў, што насамрэч яго, так бы мовіць, “падставілі”, каб звольніць з працы.

Судзьдзя Ўладзімер Кобышаў на заўтра прызначыў судовыя спрэчкі. Віктару Івашкевічу пагражае пазбаўленьне волі, вялізны штраф, альбо, як журналістам “Пагоні” Паўлу Мажэйку і Міколу Маркевічу — “хімія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG