Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ Й ГРАМАДЗКІЯ ДЗЕЯЧЫ АСУДЖАЮЦЬ ПРАЦЭС НАД ІВАШКЕВІЧАМ


Валер Каліноўскі, Менск

Тое, што судом было прынятае рашэньне пра закрыты характар паседжаньня, надзвычай абурыла прысутных, як і сам факт чарговага перасьледу журналіста паводле артыкула пра абразу кіраўніка дзяржавы.

Мэта сёньняшняга, як і папярэдніх працэсаў супраць журналістаў і незалежных СМІ, — усталяваць поўны кантроль улады над грамадзтвам, запалохаць СМІ як апошні інстытут кантролю за дзейнасьцю улады, — лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна:

(Літвіна: ) “Я страшэнна абураная, што крымінальная справа Віктара Івашкевіча разглядаецца пры зачыненых дзьвярах. Гэта яшчэ раз наводзіць на думку, што любая цёмная справа патрабуе вось гэтай закрытасьці. Сёньня можна гаварыць, што выканаўчая ўлада зрабіла наступны крок. Пасьля абмежаваньня дзейнасьці журналістаў яна цяпер пераходзіць да таго, што ўсяляк спрабуе пазбавіцца ад грамадзкага кантролю за яе дзейнасьцю”.

Жана Літвіна ўпэўненая, што зроблены замах ня толькі на свабоду дзейнасьці СМІ, але і на канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна — на інфармацыю. Таму БАЖ цяпер праводзіць грамадзкую кампанію дзеля адмены палажэньняў Крымінальнага кодэксу аб адказнасьці за абразу і паклёп на прэзыдэнта.

Адзін зь лідэраў БНФ Юры Хадыка рашэньне Першамайскага суду аб закрытым працэсе назваў “грубым парушэньнем заканадаўства і правоў грамадзянаў”:

(Хадыка: ) “Суд, які адбываецца таемна, губляе сваю місію, якую ён павінен выконваць, таму што любы працэс павінен быць публічным, адкрытым для таго, каб адчуваньне справядлівасьці ў грамадзтве нейкае існавала. А тое, што адбываецца сёньня і ў іншых выпадках такога кшталту, гэта можна толькі жартам ахарактарызаваць. Ёсьць дзьве законныя падставы для закрытага працэсу: інтымная тайна і дзяржаўная тайна. У дадзеным выпадку яны разам — гэта, па-мойму, інтымная дзяржаўная тайна”.

Юры Хадыка ня бачыць ніякай палітычнай мэтазгоднасьці ў працэсе. А адзін зь лідэраў АГП Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што крымінальны перасьлед журналістаў цяпер матываваны кепскім асабістым палітычным становішчам А.Лукашэнкі, які страчвае падтрымку Расеі і намэнклятуры, якая яго баялася:

(Дабравольскі: ) “Цяпер гэты страх зьнікае, таму што Расея як асноўны суб’ект Лукашэнку не падтрымлівае, і тут у яго вялікія пытаньні, разгубленасьць, і ён ня хоча, каб людзі атрымлівалі новую інфармацыю пра тое, што адбываецца. Таму і йдзе расправа з прэсай”.

Лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксей Кароль мяркуе, што працяг і нават узмацненьне рэпрэсіяў праз год пасьля выбараў леташніх маюць сваю лёгіку:

(Кароль: ) “Гэта разьвіцьцё тэндэнцыі — аўтарытарны рэжым, які імкнецца стаць таталітарным. Прыкмета таталітарнага рэжыму — гэта працэсы над сваімі праціўнікамі. Зь іншага боку, гэта праява слабасьці рэжыму. Калі б ён быў упэўнены сам у сабе, ён усё-такі не пачынаў бы працэсаў па абвінавачаньні ў абразе прэзыдэнта.

Ёсьць цікавыя гістарычныя паралелі: такія працэсы аб абразе ягонай вялікасьці імпэратара расейскага былі ў 1904 годзе, а потым пасьля паражэньня рэвалюцыі ў 1907–1912 гадох. І па-трэцяе, гэтае судзілішча імкнецца да той жа мэты, да якой заўсёды імкнулася, — пасеяць страх у грамадзтве, утрымаць гэты страх перад рэжымам”.

Былы палітвязень дэпутат Андрэй Клімаў даў Віктару Івашкевічу параду.

(Клімаў: ) “Я б параіў Івашкевічу не рабіць тую ж памылку, якую зрабілі ў “Пагоні”. Трэба стаяць на сваім пункце гледжаньня да канца. Так, ён абвінаваціў у злачынствах, у карупцыі цяперашнюю ўладу і найвышэйшых службовых асобаў. Гэта палітыка, гэта не крымінальная справа, гэта чыстай вады палітыка. На сёньня кожны такі выпадак, калі ўлада будзе затыкаць рот свабоднай прэсе, трэба выкарыстоўваць для адстойваньня свайго пункту гледжаньня і для чарговага абвінавачаньня ўлады ў злачынствах, учыненых супраць свайго народу, супраць асобаў, у тым ліку у зьнікненьні вядомых палітыкаў”.

Гэтак мяркуе Андрэй Клімаў, які чатыры гады адбыў у турме па палітычна матываванай справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG