Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БІЗНЭСОЎЦЫ ДАМАГАЮЦЦА АДСТАЎКІ ЛУКАШЭНКІ


Міхал Стэльмак, Менск

Ініцыятар сёньняшняй акцыі — Беларускі страйкавы камітэт. Адметнасьцю страйку сталі палітычныя патрабаваньні ягоных удзельнікаў. Вось што заявіў на гэты конт на сустрэчы з прадпрымальнікамі ў Менску старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Мы будзем дамагацца адстаўкі прэзыдэнта да таго часу, пакуль ня зьменіцца не на словах, а ў сапраўднасьці стаўленьне да прадпрымальніцтва. Нас змушаюць да палітычных патрабаваньняў. Таму што “гаварыльняй” мы займаемся з Аляксандрам Рыгоравічам апошнія восем гадоў. Ён абяцае пайсьці насустрач прадпрымальнікам, а насамрэч пачынае іх душыць. Навошта нам патрэбны такі прэзыдэнт?!”

Леванеўскі распавёў, што днём палітычнага страйку невыпадкова сталася дата 11 верасьня. Гэткім чынам, паводле ягоных словаў, яны выказваюць салідарнасьць з амэрыканскім народам і найперш прадпрымальнікамі, што год таму пацярпелі ад міжнароднага тэрарызму. Па-другое, сёньняшні страйк, паводле Леванеўскага, — гэта пратэст супраць эканамічнага тэрарызму ўладаў у дачыненьні да беларускіх прадпрымальнікаў.

Сустрэча арганізатараў акцыі пратэсту з прадпрымальнікамі адбылася на менскім рынку “Дынама”. Як зазначыў лідэр страйкаму гэтага рынку Юрась Грыгор’еў, бізнэсоўцы “Дынама” вельмі расчараваныя вынікамі васьмі гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі:

(Грыгор’еў: ) “У нашага прэзыдэнта заўжды было нэгатыўнае стаўленьне да прадпрымальніцтва. Ён называў нас ці то “вашывымі блыхамі”, ці то дробнымі “нячэснымі” прадпрымальнікамі. У нас з кожным месяцам пагаршаюцца ўмовы для нашай працы. Уводзяцца нейкія дэкрэты, нейкія пастановы, якія абмяжоўваюць нашу свабоду прадпрымальніцтва. З гэтай нагоды мы вылучаем адно палітычнае патрабаваньне — датэрміновую адстаўку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі”.

Паводле зьвестак страйкаму, пратэст супраць палітыкі Лукашэнкі сёньня падтрымалі многія прадпрымальнікі краіны. Як паведаміў Леванеўскі, ня выйшлі на працу бізнэсоўцы многіх рынкаў Менску, Горадні, Віцебску, іншых рэгіёнаў.

З другога боку, частка бізнэсоўцаў байкатавала ініцыятыву страйкаму. Напрыклад, на менскім рынку “Дынама” праігнаравала страйк прыкладна траціна прадпрымальнікаў. Прадпрымальнік Сяргей, які ня браў удзелу ў акцыі, гэтак патлумачыў сваю пазыцыю:

(Сяргей: ) “Чаму мы працуем? Таму што мы супраць палітычных патрабаваньняў. Палітычныя патрабаваньні магчымыя, калі выцякаюць з нашых эканамічных патрабаваньняў. Што тычыцца заявы Леванеўскага пра салідарнасьць з народам ЗША, то мы маглі б прыехаць у амбасаду, пакласьці кветку альбо паставіць сьвечку — і гэткім чынам будзе выказанае спачуваньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG