Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЖАЛЕЗНАГА ФЭЛІКСА” Ў БЕЛАРУСІ ПА-РАНЕЙШАМУ ШАНУЮЦЬ


Ігар Карней, Менск

За савецкім часам Дзяржынава ўваходзіла ў абавязковы турыстычны маршрут разам з Курганам Славы ды Хатыняй. Супрацоўнікі дому-музэю ўзгадваюць, як штогод сюды прыяжджала болей за сто тысяч арганізаваных турыстаў. Цяпер у Дзяржынава ніхто ня едзе. Адно толькі супрацоўнікі КГБ напярэдадні дня нараджэньня Дзяржынскага адведваюць радзіму заснавальніка камітэту, каб паклясьціся ў адданасьці справе “жалезнага Фэлікса”.

Кіраўнік музэю Дзяржынскага ў Івянцы Алег Раманоўскі кажа, што не адышлі ад традыцыі і сёлета:

(Раманоўскі: ) “5 верасьня адбылося мерапрыемства. Яны лічаць, што гэта заснавальнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і выяжджаюць у гэтую мясьціну. Цяжка сказаць, наколькі ўсё гэта маральна... Рэвізію зробіцьчас. Прыйдзе час, калі будуць прааналізаваныя ўсе факты”.

А вось гісторык Аляксей Кароль лічыць, што час высноваў наступіў даўно. Рамантызаваны Дзяржынскі насамрэч быў вельмі жорсткім чалавекам, які дзеля палітычнай мэты ператвараў краіну ў сетку канцэнтрацыйных лягераў.

(Кароль: ) “Фігура Дзяржынскага ўвайшла ў савецкую гісторыю як фігура “жалезнага Фэлікса”, аднаго са стваральнікаў ВЧК. Яна была рамантызаваная і, безумоўна, не адпавядала той рэальнасьці, якая існавала. Вядомыя факты зь ягонай біяграфіі, якія паказваюць яго як кіраўніка жорсткага, як аўтара і выканаўцу тых плянаў, якія дапамаглі ўсталявацца таталітарнаму рэжыму. Таму помнік Дзяржынскаму, я думаю, не патрэбны — як дзяржаўнаму і палітычнаму дзеячу”.

На пасьлясавецкай прасторы Беларусь застаецца адзінай краінай, дзе стаўленьне да Дзяржынскага на дзяржаўным узроўні не памянялася. Ягоны помнік па-ранейшаму стаіць насупраць будынка КГБ, як і раней ягонае імя носяць калгасы і вуліцы, у школьных дапаможніках ён называецца “палымяным рэвалюцыянэрам”.

А год таму кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, які, дарэчы, зьяўляецца адзіным спонсарам дома-музэя ў Дзяржынаве, абвесьціла пра намер аднавіць фальварак у першасным выглядзе. Памер фінансавых укладаньняў не афішуецца, але відавочна, што сам камітэт такую будоўлю не адужае: прынамсі, адкрыты адмысловы рахунак, куды добраахвотна можна пералічыць сродкі.

Дырэктар музэя Алег Раманоўскі лічыць, што гіганцкая будоўля недарэчная. Не так шмат “пілігрымаў”, якія скіроўваюцца да бацькоўскага куту чэкіста №1. Але, на ягоную думку, калі б у Беларусі быў створаны музэй шляхты, то там, натуральна, знайшлося б месца і для Фэлікса Эдмундавіча.

(Раманоўскі: ) “Гэта было б добра. Чаму б не паказаць шляхетны род, як яны жылі. Насамрэч гэта старажытны шляхетны беларускі род. Іх было шмат: лекары, архітэктары, мастакі. Натуральна, што ў іх розныя погляды былі”.

Сёньня ля помніка Фэлікса Дзяржынскага, што насупраць КГБ, зьявіліся кветкі... А ўвечары ў клюбе імя Дзяржынскага заплянаваны ўрачысты сход з удзелам прадстаўнікоў сілавых структураў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG