Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ХАЛОДНАЯ ВАЙНА” РАСЕІ СУПРАЦЬ КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Прага

Беларускія памежнікі патлумачылі, што ягоны касьцёл у Растове зачынены, а ўсе памежныя пераходы пасьля кансультацыяў зь Менскам (а Менск, у сваю чаргу, узгадняў свае дзеяньні з Масквой) атрымалі загад не пускаць яго ў Беларусь. Гэта другі выпадак выдаленьня каталіцкага сьвятара з Расеі за апошнія два дні і пяты за апошні час.

Польскія сродкі масавай інфармацыі называюць гэткія паводзіны расейскіх уладаў сапраўднай “халоднай вайной” супраць каталіцкай царквы.

“У Расеі працягваецца антыкаталіцкая кампанія”, “Халодная вайна супраць каталіцкай цярквы”, – гэткія загалоўкі зьявіліся ў сёньняшніх польскіх газэтах, якія распавядаюць пра чарговыя выдаленьні з Расеі каталіцкіх сьвятароў.

У панядзелак на лётнішчы Хабараўску быў затрыманы сьвятар Яраслаў Вішнеўскі, які зь Японіі накіроўваўся ў Расею. Расейскія памежнікі анулявалі ягоную расейскую візу ды выслалі сьвятара назад у Японію. Учора беларускія памежнікі не дазволілі ўехаць на тэрыторыю Беларусі сьвятару Эдварду Мацкевічу, які працуе ў расейскім Растове, ды перакрэсьлілі службовы штамп “АБ” у ягоным пашпарце.

Раней у чэрвені расейскія ўлады не дазволілі знаходзіцца на тэрыторыі краіны каталіцкаму сьвятару, грамадзяніну Італіі Стэфано Капрыё, які служыў ва Ўладзіміры, і грамадзяніну Польшчы, біскупу з Іркуцка Ежы Мазуру, а ў жніўні з Расеі быў выдалены славацкі сьвятар Станіслаў Крайняк.

Польскія газты падаюць у гэтай справе словы афіцыйных прадстаўнікоў Ватыкану, якія заяўляць, што ў Расеі распачаўся сапраўдны перасьлед каталіцкай царквы.

Найбольш дзіўна тое, што, нягледзячы на шматлікія звароты прадстаўнікоў Ватыкану, Міністэрства замежных справаў Расеі ніводнага разу не патлумачыла падставы, паводле якіх сьвятары былі выдаленыя з Расеі.

Штодзёньнік “Rzeczpospolita” піша ў сёньняшнім нумары, што паводле заяваў Рускай праваслаўнай царквы, яна ня мае з гэтымі захадамі сьвецкіх уладаў нічога супольнага.

Паводле польскіх газэтаў, антыкаталіцкая кампанія ў Расеі распачалася пасьля таго, як сёлета ў лютым Папа Рымскі стварыў на тэрыторыі Расеі новыя біскупствы. Тады каля касьцёла ладзіліся пікеты супраць прысутнасьці каталікоў на расейскай зямлі, якая, паводле ўдзельнікаў акцыяў, спрадвеку належыць выключна праваслаўю.

Сытуацыя яшчэ ўскладнілася пасьля таго, як расейскі каталіцкі штотыднёвік “Сьвятло Эвангельля” надрукаваў мапу новых біскупстваў, дзе замест расейскага назову Сахалін гэтая выспа называлася па–японску – Карафуто. Як да 1945 году, калі выспа належала Японіі.

Пасьля гэтай, паводле Ватыкану выключна тэхнічнай памылкі, у Расеі пачалі гаварыць, што Ватыкан хоча перайначыць вынікі другой сусьветнай вайны ды разьдзяліць Расею.

“Gazeta Wyborcza” падае словы сьвятара Яраслава Вішнеўскага, паводле якога расейскія ўлады не пускаюць тых сьвятароў, якія нешта сапраўды робяць – прыкладам, як ён, будуюць у Расеі касьцёлы.

Дарэчы, учора раніцай з малакалібернай зброі быў абсраляны каталіцкі храм у Растове. У выніку сама прынамсі 10 стрэлаў выбітыя 6 вокнаў. У касьцёле нікога не было, і таму пацярпелых няма.
XS
SM
MD
LG