Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЎКАВЫСК


Ягор Маёрчык, Ваўкавыск

Жыцьцё ў Ваўкавыску можна ахарактарызаваць словазлучэньнем, якое і прыдумалі тут, — “самазанятасьць насельніцтва”. Людзі, пакутуючы ад хранічнага недахопу грошай, легальна і не зусім легальна пачынаюць шукаць дадатковую працу. У справе выжываньня жыхарам 50-тысячнага раённага цэнтру дапамагае мяжа. На продаж у суседнюю Польшчу розным чынам перавозяць цыгарэты, гарэлку й паліва.

Вяртаюцца з замежжа звычайна па дарозе, якая зьяўляецца адгалінаваньнем міжнароднай транспартнай магістралі. Доўгі час на ёй стаяла кавярня досыць арыгінальнага выгляду. Бочка, хутчэй нават цыстэрна. Белая з чырвонай паласой пасярэдзіне. З намаляванай “Пагоняй” у дадатак. Уладальнікам гэтай кропкі зьяўляўся колішні афіцэр савецкага войска, нашчадак данскіх казакаў Кастусь Каханоўскі.

(Каханоўскі: ) “Калі адмянілі беларускі сьцяг, тады я нашага ваяўніка на кані намаляваў на бочцы. Пяць гадоў стаяла, а пасьля супрацоўнікі райвыканкаму сказалі, што так нельга. Маўляў, а раптам хто з высокага начальства будзе па гэтай дарозе ехаць. Архітэктар сказаў, што мая гандлёвая кропка не ўпрыгожвае горад Ваўкавыск, таму яе трэба прыбраць”.

(Карэспандэнт: ) “Вы не шкадуеце, што тады размалявалі сваю бочку?”

(Каханоўскі: ) “Абсалютна не. Цяжкасьці, праўда, пасьля гэтага былі, быў некаторы ціск, але нічога страшэннага. Трэба ўсё ж памятаць сваю гісторыю, якая ў нас не пачыналася з 1917 году”.

Пасьля таго выпадку Кастуся Каханоўскага пазбавілі выгаднага месца на міжнароднай трасе, і цяпер ён гандлюе півам, хрусткамі ды канапкамі на ўскрайку гораду.

Разам са жнівом на Ваўкавышчыне пачалася яшчэ адна кампанія. Кантрольныя органы актыўна правяраюць увесь прыватны сэктар эканомікі. Паводле таго ж Каханоўскага, кожны з кантралёраў па-свойму трактуе недасканалыя законы. Як вынік, ужо за перашыя дні яны сабралі вялікі ўраджай штрафаў.

Каго яшчэ дастаюць кантралёры, дык гэта акцыянэрнае таварыства “Беллакт”. Некалі прадпрыемства называлася Ваўкавыскі малочна-кансэрвавы камбінат дзіцячых прадуктаў. Пасьля разьдзяржаўленьня павялічыўся асартымэнт (да 170 відаў) і аб’ёмы вытворчасьці (на 20%) — але падвысілася і ўвага з боку розных дзяржаўных установаў. Яны ўвесь час ладзяць тут праверкі.

Начальнік вытворчай лябараторыі Кацярына Мандрык працуе на прадпрыемстве зь першых дзён.

(Мандрык: ) “Да акцыянэрнага таварыства ставіліся вельмі ўпярэджана. Пасьля ўсьвядомілі, што акцыянэрным таварыствам быць добра. Магчыма, гэта нас і выратавала на сёньняшні дзень. Вядома, што шмат якія прадпрыемствы ляжаць. А мы можам падумаць, куды разьмеркаваць свой прыбытак. Большаю частку прыбытку мы пускаем на тэхнічнае пераабсталяваньне, каб было магчыма павялічыць асартымэнт”.

Цяпер над “Беллактам” вісіць пагроза нацыяналізацыі. Уласна кажучы, я наведваў завод, каб сустрэцца з дырэктарам Юрыем Фраловым і ўведаць ягоную думку наконт вяртаньня ва ўласнасьць дзяржавы. Паколькі спадар Фралоў не знайшоў магчымасьці для інтэрвію, прыйдзецца задаволіцца ягонымі меркаваньнямі, якія раней зьяўляліся на старонках газэтаў. Дык вось дырэктар перакананы, што на прыкладзе перапрацоўкі малака можна пачабыць, што дзяржава — ня самы лепшы ўласьнік. І калі прадпрыемства нацыяналізуюць, яно памрэ.

Што цешыць некарэннага жыхара ў Ваўкавыску, дык гэта наяўнасьць гарачай вады ў гатэлі. Шараговым настаўнікам і мэдыкам, якія жывуць у мікрараёне Альшымава, шанцуе меней, чым турыстам і камандаваным. Сытуацыя ўскладняецца тым, што ў гарадзкой лазьні працуе толькі жаночае аддзяленьне на 50 чалавек. Туды ў пэўныя дні ходзяць і мужчыны.

Ваўкавычанін Мікалай Аксаміт неаднойчы патрабаваў ад уладаў тлумачэньняў — чаму няма гарачай вады? А ўлады кажуць, што прычына якраз у лазьні.

(Аксаміт: ) “Тлумачаць тым, што там адбываецца рэканструкцыя. Там, на гэтай будоўлі, усё раскапана, тыднямі нікога няма. Ніякіх працаў не вядзецца, а ў выніку пакутуюць людзі. Мы ж плацім грошы! Мы зьяўляемся падаткаплатнікамі! І мы ня можам атрымаць тое, што гарадзкія ўлады мусяць нам забясьпечыць.

Наш мэр — для яго цяпер пабудавалі за бюджэтны кошт катэдж. Ён жыве ў нармальных чалавечых умовах. І калі будзе працягвацца так і надалей, дык жыхары Ваўкавыску вымушаныя будуць хадзіць да яго, каб атрымаць тыя паслугі, якія камунальная служба гораду ня можа забясьпечыць”.

У Ваўкавыску ёсьць цэнтар прававой дапамогі насельніцтву “Аслона”. За месяц у грамадзкую прыёмную зьвяртаецца ня меней за 60 чалавек. Істотных парушэньняў правоў чалавека і справаў з палітычнай афарбоўкай тут няшмат. Затое вельмі часта прыходзіцца вырашаць працоўныя і жыльлёвыя спрэчкі. Прадстаўнікі цэнтру ў любой сытуацыі лічаць за лепшае не даводзіць справу да суду, а вырашыць канфлікт шляхам кампрамісаў паміж бакамі.

Кіраўнік “Аслоны” Мікалай Кавальчук некалі прыдумаў, як здабываць грошы на дзейнасьць. Арганізаваў кампутарныя курсы, прыбытак ад якіх укладаў у разьвіцьцё арганізацыі. Аднак апошнім часам грошай стала не хапаць. І тады ён наважыўся на наступны крок.

(Кавальчук: ) “Гэты офіс трэба ўтрымліваць. Дастаткова дарагое гэта задавальненьне. Грамадзкія арганізацыі маюць магчымасьць зарабляць. Праца грамадзкай прыёмнай будзе працягвацца. Кансультацыі будуць бясплатныя, але напрыклад, афармленьне нейкіх папераў павінна быць за плату. Можна прапанаваць свае паслугі. За гэтыя паслугі можна мець пэўныя грошы — каб выжываць”.

Сябры адзінай тутэйшай палітычнай структуры — суполкі Беларускага Народнага Фронту — скептычна ставяцца да маючых адбыцца налета выбараў у мясцовыя саветы. Спасылаюцца на тое, што будучыя народныя абраньнікі на сытуацыю ў рэгіёне ўплываць ня змогуць. Самі вылучацца не зьбіраюцца, але ў разе чаго дапамогуць незалежным кандыдатам.

Супрацоўніка конна-спартовай школы Аляксандра Сявошку можна лічыць прадстаўніком новай палітычнай хвалі. Летась быў назіральнікам на выбарах прэзыдэнта. Цяпер вырашыў паспрабаваць змагацца за дэпутацкае крэсла. Ілюзіяў наконт перамогі ня мае. Проста ўдзелам у будучай выбарчай кампаніі хоча ўзбагаціць свой палітычны досьвед.

(Сявошка: ) “У незалежных кандыдатаў мізэрныя шансы супраць тых, за каго будзе стаяць мясцовая вэртыкаль. Трэба паспрабаваць пабываць у гэтай скуры. Калі мяне выберуць, лічу, што надвор’я рабіць там ня буду”.

Налета адбудзецца першы выпуск у тутэйшай школе №8 з польскай мовай навучаньня. Месьціцца яна ў новым будынку, у параўнаньні зь якім райвыканкам і філіі банкаў выглядаюць, мякка кажучы, блякла. 200 хлопчыкаў і дзяўчынак займаюцца паводле праграмаў Міністэрства адукаці Беларусі, але бальшыня прадметаў выкладаецца па-польску. Сярод настаўнікаў ёсьць некалькі палякаў.

Праблема матэрыяльнай забясьпечанасьці не такая актуальная, як у іншых школах гораду. Але мова навучаньня аўтаматычна дадае іншыя цяжкасьці — падручнікі дагэтуль не перакладзеныя. І таму вельмі часта ўрокі праходзяць у сытуацыі, калі настаўнік тлумачыць па-польску, а дзеткі глядзяць у беларускія альбо расейскія кніжкі.

Нягледзячы на гэта, жадаючых вучыцца тут больш чым дастаткова. Чаму? Гэтае пытаньне я адрасую настаўніцы выяўленчага мастацтва Міраславе Сьмірновай.

(Сьмірнова: ) “Вельмі часта да нас прыяжджаюць госьці з Польшчы і дапамагаюць вучням зь бедых сем’яў. Таму й ідуць да нас дзеці зь меншым дабрабытам у сем’ях. Вельмі часта бацькі аддаюць, таму што дзесьці сваі вакацыі бавяць у Польшчы. Яны проста бачаць іншае жыцьцё, як можна лепей жыць. Шмат якія бацькі ў думках бачаць сваіх дзяцей навучэнцамі ВНУ Польшчы. Сёлета з 33 выпускнікоў школы ў Горадні 22 паступілі ў ВНУ Польшчы”.

У жыцьці Ваўкавыску адчуваецца ўплыў суседняй Польшчы. Тутэйшае насельніцтва бачыць, як жывуць людзі ўсяго ў некалькіх дзясятках кілямэтраў. Але самі ваўкавычане пакрысе губляюць надзею, што сытуацыя па гэты бок мяжы некалі зьменіцца да лепшага. А таму ўжо сёньня яны прадугледжваюць для сваіх дзяцей магчымасьць жыць і працаваць за межамі Беларусі.

У 1989 годзе колішні спэцназавец Антось Хамчукоў вырашыў адрадзіць харцэрства. Гэта своеасаблівы варыянт скаўцкага руху, які ўзьнік у Польшчы ў ХІХ стагодзьдзі. Да другой усясьветнай вайны ён быў распаўсюджаныя і ў гэтай мясцовасьці.

Паляк паводле нацыянальнасьці, спадар Хамчукоў ад бацькоў уведаў пра Катынь. Магчыма таму ўнутрана не ўспрымаў прапаганду, якая была асабліва моцная ў вайсковых частках спэцыяльнага прызначэньня. У гады афіцэрства пабываў у розных кропках Савецкага Саюзу і Ўсходняй Эўропы. Распавядаць пра тыя часы асаблівай ахвоты ня мае.

Пайшоў у адастаўку. Быў кіраўніком мясцовай філіі Саюзу палякаў Беларусі. А пазьней харцэрства прывабіла яго адсутнасьцю ідэалягічнага складніка, магчымасьцю выхоўваць дзяцей на глебе адраджэньня нацыянальнай сьвядомасьці й роднай культуры. Прычым без этнічных разьмежаваньняў.

(Хамчукоў: ) “Асноўная мэта арганізацыі — гэта выхаваньне моладзі на гістарычных фактах. Даем магчымасьць сваімі рукамі памацаць гісторыю. Гісторыю свайго люду, які пражывае тут ужо сотні гадоў. Закон харцэрства пакладзены на дзесяці Божых запаветах. Калі харцэр прысягае, ён ахвяруе сябе на службу Богу, Айчыне і людзям.

Я чытаў статут БПСМ. У іх такога няма. Гэта як неба і зямля. Хоць яны і пішуць, што дбаюць пра духоўнасьць. Але мне здаецца, што духоўнасьць толькі на паперцы. Мясцовая ўлада — яна нават дапамагае. Перадусім яны бачаць тое, што мы займаемся з моладзьдзю. Як чалавек крыху мае розум, дык ён бачыць, што дзеці не валэндаюцца па вуліцах, а яны чымсьці занятыя”.

У заслугу харцэрам можа паставіць ушавананьне памяці загінулых. У наваколіцах Ваўкавыску дзясяткі месцаў, дзе былі расстраляныя польскія афіцэры й мясцовае насельніцтва. Штогод моладзь зьбіраецца ў летнікі. Робяць раскопы на гэтых месцах. Перазахоўваюць парэшткі нябожчыкаў. Ставяць на магілах крыжы.

Дарэчы, толькі на тэрыторыі гораду знаходзіцца некалькі такіх месцаў. Але дагэтуль там няма афіцыйных шыльдаў, якія б паведамлялі пра зьдзейсьненыя злачынствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG