Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АСАБІСТАЯ ГІГІЕНА Ў СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ БЕЛАРУСІ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае археоляг Ніна Здановіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Калі мы заўважаем прыкметы асабістай гігіены? Як паўстае разуменьне неабходнасьці прытрымлівацца гігіены цела?”

(Ніна Здановіч: ) “Размову трэба весьці зь сярэдневечча, калі ў гісторыі чалавецтва ўзьнікалі страшэнныя эпідэміі. Сярэднявечча называюць “часам вялікага страху”, бо невядома адкуль узьнікалі гэтыя паморкі й невядома за што. “Час вялікага страху” і “час вялікага пакаяньня” — чалавек шукаў паратунку ў Бога і паралельна шукаў ратунку зямнога.

Уявіце сабе: сярэдняя працягласьць жыцьця чалавека ў сярэднявечча — 30 гадоў. У 40 гадоў чалавек лічыўся ўжо чалавекам сталага ўзросту, а ў час бронзы, напрыклад, пахаваньняў людзей, старэйшых за 55 гадоў, не знаходзяць увогуле”.

(Ракіцкі: ) “Ва ўмовах жаданьня працягнуць сваё жыцьцё, захаваць сваё здароўе і ўзьнікае патрэба ў асабістай гігіене. Маім госьцем — археоляг Ніна Здановіч. Спадарыня Ніна, што ўключала ў сябе на першым этапе асабістая гігіена?”

(Здановіч: ) “Найперш гэта прадметы асабістай гігіены. Гэта грабеньчыкі, якія насілі ў чохліках на поясе, яго нельга было перадаваць другому, нават на нейкі кароткі прамежак часу. Гэта лёзы для галеньня — іх знаходзяць ужо ў Берасьці на мяжы ХІ–ХІІ стагодзьдзяў. Гэта нажніцы, ужываньне якіх мы бачым, бадай, з таго часу, як чалавек навучыўся карыстацца мэталам. Гэта так званыя капавушкі — цікавыя такія вырабы з косьці, вельмі старанна апрацаваныя. І гэта прадметы, з дапамогаю якіх чалавек спажываў ежу”.

(Ракіцкі: ) “Але напэўна размову трэба пачынаць з мыцьця. Як людзі мыліся, чым мыліся, якім мылам карысталіся, з чаго яны яго рабілі, дзе мыліся?”

(Здановіч: ) “З мылам гісторыя амаль што дэтэктыўная. Цывілізаванае, так скажам, мыла складалася як найменш з дзьвюх частак — гэта попел і вапна. Але ня ўсім хапала мыла зробленага. Яго замянялі і тоўчанай бульбай, і яечнымі жаўткамі, і звычайнай сыроваткай, і разваранай фасоляй... І нават гліну, калі яе доўга працэджваць, вось гэту ваду з працэджанай гліны таксама, як ні дзіўна, выкарыстоўвалі ў якасьці мыла”.

(Ракіцкі: ) “А дзе мыліся?”

(Здановіч: ) “Мыліся і ў адкрытых вадаёмах, калі дазвалялі ўмовы, і мыліся, безумоўна, у лазьнях. Лазьні лічыліся ўнівэрсальным сродкам ня толькі для падтрыманьня чысьціні, але і для лячэньня розных хваробаў: і гарачкі, і нават падучай хваробы, не гаворачы ўжо пра эпідэмічныя хваробы”.

(Ракіцкі: ) “Калі пачынаецца прамысловы выпуск мыла?”

(Здановіч: ) “У інвэнтарах ХVІ стагодзьдзя, сярод пераліку тавару, прывезенага з таго ж Любліна альбо зь іншых эўрапейскіх гарадоў, мы знаходзім “мыла барскае”. Трэба думаць, што яно было не для простых людзей і каштавала, відаць, значныя сродкі”.

(Ракіцкі: ) “А старажытныя людзі ня чысьцілі зубы і яны ў іх вывальваліся? У іх увесь час быў карыес?”

(Здановіч: ) “Ня трэба думаць, што старажытны чалавек не пакутаваў на зубы, як пакутуе сучасны чалавек. Сьляды карыесу, і даволі цяжкага, знаходзяць яшчэ з часу бронзавага веку. Але пра зубы чалавек дбаў заўсёды. У старажытнасьці былі спэцыяльныя рэцэпты — чым чысьціць зубы і як іх даглядаць”.

(Ракіцкі: ) “Ці не найважнейшым у паняцьці гігіены ёсьць гігіена харчаваньня. Як перапрацоўвалі харчы, як іх захоўвалі?”

(Здановіч: ) “На падвор’і заможных людзей заўсёды былі лядоўні, былі так званыя зрубы, у якіх захоўваліся малочныя прадукты. Умелі захоўваць і гародніну — яе перакладалі саломаю і накрывалі зямлёю. Сродкам захоўваньня харчоў была і соль, якую прывозілі ў Беларусь і з Карпатаў, і з Крыму, і з Прусіі”.

(Ракіцкі: ) “І якія спосабы прыгатаваньня ежы характэрныя для Беларусі?”

(Здановіч: ) “Этнаграфічная літаратура і ранейшыя крыніцы даюць чатыры асноўныя спосабы перапрацоўкі харчоў — варка, запяканьне, пражаньне і тамленьне. Два апошнія спосабы перапрацоўкі найбольш папулярныя, і нават посуд прыстасаваны менавіта для перавагі вось такіх спосабаў перапрацоўкі прадуктаў”.

(Ракіцкі: ) “А ці можна казаць пра гігіену спажываньня? Наколькі важнай была для сярэднявечнага беларуса чысьціня прадуктаў?”

(Здановіч: ) “Пра тое, што гэта было важна, можна меркаваць па матэрыялах канца ХV–ХVІ стагодзьдзяў. У гэты час беларускія ганчары пачынаюць засвойваць паліву. Паліва — гэта шклопадобная маса, якая пакрывае посуд і паляпшае яго і эстэтычныя, і гігіенічныя якасьці. Але заўважце: першыя паліваныя вырабы на працягу ўсяго ХVІ стагодзьдзя пакрываліся палівай знутры, а ня звонку. На першы план выходзіць не эстэтычная якасьць посуду, а менавіта гігіенічная яго якасьць”.

(Ракіцкі: ) “Чалавек ужо ў сярэднявеччы дбаў пра сваё здароўе, дбаў пра сваё цела. Але цела — гэта ня толькі здароўе, цела — гэта яшчэ і прыгажосьць, а прыгажосьць часам бывае і насуперак здароўю. Наколькі важна было чалавеку выглядаць прыгожа і якімі сродкамі ён дасягаў выразнасьці ў прыгажосьці? Я маю на ўвазе касмэтыку”.

(Здановіч: ) “Безумоўна, сьляды касмэтыкі знаходзім ізноў жа яшчэ ў пэрыяд першабытнасьці. Гісторыкі налічваюць у першабытнасьці сямнаццаць прыродных фарбаў для грыму. Сярод іх і крэйда, і мергель, і вапна, і вохра, і драўнінны вугаль. І цяпер, і ў старажытнасьці, і ў сярэднявеччы, і ў ХVІІІ стагодзьдзі былі людзі, якія менш зьвярталі на гэта ўвагу, і жанчыны, якіх лічылі эталёнам прыгажосьці, якія былі модніцамі.

Возьмем вядомую Барбару Радзівіл, якая замаўляла свайму Жыгімонту, каб ён прывозіў ёй парфуму толькі зь Вільні. Калі возьмем часы Бізантыйскай імпэрыі (гэта ІХ–ХІІ стагодзьдзі), то там таксама ёсьць жанчына, якая была эталёнам прыгажосьці і па якой можна меркаваць пра тагачасныя традыцыі касмэтыкі — гэта Тэадора. У яе на століку было шмат шкляначак, посуду, у якім захоўвалася розная парфума”.

(Ракіцкі: ) “А сялянкі?”

(Здановіч: ) “Сялянкі, думаю, таксама не заставаліся ўбаку, таму што для прыгатаваньня найпрасьцейшага грыму трэба вельмі мала інгрэдыентаў: трэба тлушч і фарбавальнік. Тлушч быў у вялікай колькасьці ў любой кропцы Зямлі — і ў Эўропе, і ў Беларусі. Калі сялянка не магла карыстацца пальмавым ці какосавым маслам, то яна абсалютна спакойна магла выкарыстоўваць сьметанковае масла ў якасьці асновы для свайго фарбавальніка”.

(Ракіцкі: ) “Ці маглі б вы намаляваць вобраз тыповага беларуса эпохі сярэднявечча з гледзішча гігіены?”

(Здановіч: ) “Калі гаварыць пра мужчыну, то ён падстрыгаў валасы, старанна галіўся, ён пад нізам меў адзеньне, зробленае зь лёну — з гігіенічнага матэрыялу, насіў скураны абутак, у якім у якасьці сьцелек былі саламяныя пракладкі, натуральная посьцілка, якая таксама гігіенічная.

А што тычыцца жанчыны — яны, думаю, ужо тады ведалі пра гігіенічныя ўласьцівасьці мінэралаў, срэбра і каштоўных камянёў. І таму, калі мы зьвернемся да магнацкіх партрэтаў, вельмі невыпадкова ў вушах срэбныя завушніцы з пэрлінкамі, на шыі — таксама ўпрыгожваньні, якія зробленыя на аснове пэрлінак. Недарэмна таксама ў цяжкія для здароўя часы зьвярталіся да мінэралаў, якія ня толькі насілі, але й стараліся нейкім чынам спажываць”.

(Ракіцкі: ) “Вы можаце казаць, што беларусы ў гістарычным пляне — чысты, здаровы і прыгожы народ?”

(Здановіч: ) “Гэта нават не мая асабістая думка, а думкі тых замежнікаў, што прыяжджаюць у Беларусь. Часта даводзілася чуць такія фразы: “Па вуліцах Менску ідзеш — як усё роўна знаходзішся на конкурсе прыгажосьці”.

Тое, што нашыя дзяўчаты прыгожыя зьнешне, зграбныя — гэта ўжо гаворыць пра тое, што мы ў гэтых таямнічых, у гэтых цяжкіх сярэднявечных умовах змаглі зьберагчы генафонд і можам яшчэ даць эўрапейскай культуры антрапалягічны тып, які адпавядае ўяўленьням і пра здароўе, і пра прыгажосьць. Іншая справа, што для гэтага з кожным стагодзьдзем, альбо з кожным годам пасьля Чарнобылю трэба затрачваць усё больш і больш высілкаў”.
XS
SM
MD
LG