Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛАВАМІР АДАМОВІЧ: “ПАДМЯТАЦЬ ЧУЖЫЯ СТАЙНІ ДЛЯ МЯНЕ НЕ ГАНЕБНА”.


Міхась Скобла, Менск

Каму са школы ня памятаецца “Эмігранцкая песьня” Максіма Багдановіча пра людзей, якім “прыемны стракатыя сьцягі караблёў акіянскага порта”? Сучасьнікі клясыка пакідалі радзіму пераважна дзеля кавалка хлеба. Сёньняшнія эмігранты шукаюць за мяжой ня толькі хлеб, але й свабоду.

Але ці ня ёсьць кожная эміграцыя элемэнтам капітуляцыі? Славамір Адамовіч, які сабраўся эміграваць, з гэтай тэзай ня згодзен і лічыць, што нават падмятаючы ў чужой краіне стайні, можна змагацца за лепшую долю Беларусі. Перад ад’ездам мы сустрэліся з паэтам у “Вольнай студыі”.

(Міхась Скобла: ) “Славамір, чаму ты выбіраеш шлях эміграцыі?”

(Славамір Адамовіч: ) “Мне абрыдла назіраць сёньняшнюю беларускую сытуацыю, тым больш у ёй знаходзіцца. У такіх умовах я не знаходжу адэкватнай для сябе рэалізацыі — і ў літаратурнай творчасьці, і ў грамадзка-палітычным жыцьці”.

(Скобла: ) “У якую краіну ты едзеш і чым ты там мяркуеш займацца?”

(Адамовіч: ) “Я пакуль не магу назваць адну са скандынаўскіх краінаў, у якую еду. Яна вельмі падобная на Беларусь — найперш сваёй гісторыяй, бо на сёньняшні час грамадзка-палітычная й эканамічная сытуацыя там непараўнальная з нашай. Па тэрыторыі тая краіна ўдвая меншая за Рэспубліку Беларусь, яе насельніцтва складае каля 5 мільёнаў чалавек. Яна можа сабе дазволіць прымаць у сябе іншаземцаў, тым больш — палітычных уцекачоў.

Колькі часу мне давядзецца жыць за мяжой — я не бяруся прагназаваць. Гэта адначасова і палітычная, і эканамічная і, у вялікай ступені, духоўная эміграцыя”.

(Скобла: ) “Нядаўна госьцем “Вольнай студыі” быў прадпрымальнік з Горадні Валянцін Дубатоўка. Дык вось, ён сказаў вельмі слушную рэч — “ня варта пакідаць Беларусь Лукашэнку”. І сапраўды — у кожнай эміграцыі ёсьць элемэнт капітуляцыі. Ты згодзен з гэтым?”

(Адамовіч: ) “Гадоў пяць таму я, можа б, і пагадзіўся. Сёньня я з гэтай тэзай не пагаджуся. Можна, вядома, распускаць палітычныя пёры, я гэта рабіў апошнія гадоў восем. Але ўрэшце мне стала шкада сваіх высілкаў — у краіне нічога не мяняецца да лепшага. Сытуацыя толькі пагаршаецца.

Ідзе татальная дэмаралізацыя — ня толькі гэтак званай “вэртыкалі”, але й тае часткі грамадзтва, якую мы называем апазыцыяй. Дэмаралізуецца й сфэра літаратуры. Нейкі поўны распад. Каб быў слабейшы духам, то ад роспачы нарабіў бы глупстваў. А я глупстваў больш не жадаю рабіць.

Кожнага дня, выходзячы ў горад, я сустракаю маладых людзей, якія ня бачаць у Беларусі пэрспэктывы. Гэта дзейныя, энэргічныя людзі. І я сёньня ім кажу: трэба выяжджаць. Гэта ня значыць, што трэба парываць з гэтай краінай. Калі ёсьць магчымасьць за мяжой зарабляць грошы, дзейнічаць там як палітыкі, трэба ехаць і працаваць там. У Беларусь цягам бліжэйшых двух-трох гадоў я не вярнуся”.

(Скобла: ) “За мяжою ты ўжо жыў — пазалетась на паўгоду выяжджаў на заробкі ў ЗША, пра што напісаў у нядаўна апублікаваным у часопісе “АRCHE” “Амэрыканскім дзёньніку”. Ты заўсёды падкрэсьліваў сваю прыналежнасьць да старога беларускага роду, тое, што ты паэт свабодалюбны. А цябе не бянтэжыць тое, што ты там — чалавек цалкам паднявольны і вымушаны рабіць тое, што скажуць, падмятаць падлогу ды прыбіраць сьмецьце?”

(Адамовіч: ) “Гэта мяне бянтэжыць, і я пра гэта таксама пісаў. Але падмятаць чужому й падмятаць свайму — дзьве вялікія розьніцы.

Ідучы ў наймы да чужога, ты не здаеш у наймы свой духоўны, псыхалягічны стан. Падмятаць чужыя стайні для мяне не ганебна, а рабіць тое самае ва ўласнай краіне для мяне непрымальна. Тут я Славамір Адамовіч, літаратар. Там я не магу прэтэндаваць на стаўленьне да мяне як паэта. Тут я магу зашываць рот, сядзець. Але — каб гэта было запатрабавана грамадзтвам, каб быў нейкі кантэкст. І тады я магу адэкватна дзейнічаць”.

(Скобла: ) “Я адчуваю, што табе пра гэта ня вельмі прыемна гаварыць. Давай зьменім тэму.

У друку і ў эфіры працягваецца абмеркаваньне расейска-беларускіх дачыненьняў. Адзін мой знаёмец, дарэчы, этнічны расеец, даўся дзіву: як гэта ніводная беларуская радыкальная арганізацыя ня выступіла з заявай, што калі Беларусь будзе далучаная да Расеі, у апошняй на заходняй мяжы зьявіцца яшчэ адна Чачэнія. Дзе, маўляў, “Белы легіён”, дзе “Правы рэванш”, пра якія не-не ды й згадае незалежны друк? А і праўда, дзе? Палітычныя заявы — гэта таксама спосаб змаганьня”.

(Адамовіч: ) “Правага рэваншу” на сёньняшні дзень не існуе. Не існуе таму, што я ня змог разьвітацца са сваімі мастакоўскімі, пісьменьніцкімі прэтэнзіямі. Палітычная дзейнасьць радыкальнага кшталту, як і мастацтва, патрабуе чалавека цалкам. Я паспадзяваўся (скажу гэта з пэўнай доляй аплёмбу), што мой радыкалізм падхопяць прафэсіяналы, якія будуць займацца вылучна палітыкай. Таму я на пэўным этапе (калі быў зьняволены) справу “Правага рэваншу” спыніў. А што да іншых арганізацыяў — то я за іх не адказваю.

Я магу з пэўнасьцю сказаць, што ў Беларусі ёсьць многа людзей, якія ў патрэбны момант гатовыя стаць пад штандары нацыянальных радыкальных рухаў. Але ўсё залежыць ад палітычнага кіраўніцтва. Бо безь яго дзейнасьць радыкальных, а тым больш ваенізаваных арганізацыяў наўрад ці прывядзе да станоўчых вынікаў”.

(Скобла: ) “У сваім “Амэрыканскім дзёньніку” ты даволі зьняважліва раіш беларускім апазыцыйным палітыкам панюхаць турэмнай парашы. Няўжо, нюхнуўшы яе ды залезшы на нары, палітык зробіцца больш разумным і дальнабачным?”

(Адамовіч: ) “Я маю права на такую параду. Турма — гэта дзіўна, непрыемна, але яна можа дапамагчы палітыку больш адэкватна паводзіць сябе ў грамадзка-палітычнай прасторы. Яна вучыць гаварыць зь людзьмі, зь любымі, а ня толькі з тымі, з кім прыемна ці карысна бавіць час.

Варта прыгадаць гісторыю Індыі. Здабыцьцю індыйскай незалежнасьці папярэднічалі гадоў трыццаць негвалтоўнага змаганьня, калі тысячы індыйцаў сядзелі ў турмах, і найперш — духоўныя кіраўнікі: Дж.Нэру, Ганды.

Можна згадаць і сучаснага прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, які таксама сядзеў. А тыя ж бальшавікі, яны таксама прайшлі праз турмы, яны былі загартаваныя і ўрэшце дамагліся сваёй мэты — збудавалі гіганцкую імпэрыю СССР. Сядзець у турме палітыкам, можа, і неабавязкова, але ня варта гэтага баяцца”.

(Скобла: ) “Ты пішаш, што цябе апошнім часам перасьледуе жаданьне “пайсьці ўзарваць аўтамабіль і даць па мордзе”. Першае, як мне здаецца, ажыцьцявіць прасьцей, адшукаўшы дзе-небудзь у двары лядашчы, кінуты гаспадаром “Запарожац”. Другое больш філязофскае — трэба мець ворагаў. У цябе іх шмат?”

(Адамовіч: ) “У мяне яны ёсьць. Мае ворагі — гэта адзін усім вядомы чалавек і — агульнае здранцьвеньне. Мне абрыдла быць у гэтай сытуацыі здранцьвеньня, быць побач з гэтым чалавекам. Я зьяжджаю, каб захаваць дух свой, псыхіку не зламаць сваю. Таму што ў нашай краіне ўсё ставіцца з ног на галаву й наадварот.

Сёньня мы чуем, што Лукашэнка — ледзь не гарант нашай канстытуцыі й незалежнасьці. І ўжо хто-ніхто гатовы забыць пра тысячы маладых людзей, якія прайшлі праз турмы, якіх пакалечылі, якім аднялі здароўе. Мы маем канкрэтныя ахвяры, маем зьніклых людзей. Мы ўжо гатовыя пра гэта забыць.

Мяне сёньня такая сытуацыя больш бянтэжыць, чым тая, калі раней я бачыў на экране чалавека, які пачынаў з духоўнага згвалтаваньня мовы, гісторыі, сымболяў нацыянальных, а потым перайшоў ды фізычнага. І сёньня гэты чалавек можа стаць для нашай апазыцыі гарантам канстытуцыі! Такая сытуацыя для мяне найбольш непрымальная.

Вось я чытаю ў “ЛіМе” словы дырэктара Інстытуту літаратуры Гніламёдава, што трэба аб’яднацца вакол нашага прэзыдэнта й рабіць… Але што рабіць і як рабіць — не расшыфроўваецца. Каму аб’яднацца — мне, табе? І што рабіць з чалавекам, які зьнішчае, кожным сваім учынкам, той сродак, пры дапамозе якога мы й ствараем гэтую самую літаратуру?! Што далей? Мая галава адмаўляецца ўсьведамляць тую рэчаіснасьць, якая вакол”.

(Скобла: ) “Ты сказаў, што адзін з матываў твайго ад’езду — немагчымасьць быць поруч з чалавекам, які зараз ледзь не гарант. І ў той жа час ты носіш майку з выявай Лукашэнкі на грудзях. Навошта?”

(Адамовіч: ) “На майцы Лукашэнка поруч зь бін Лядэнам, і надпіс пад імі па-ангельску: “Расшукваюцца”. Іх аб’ядноўвае тэрор. Толькі адзін зьдзяйсьняе яго ў адносінах да іншых народаў, а другі — тэрарызуе свой. І таму калі я чую за сьпіной сьмех моладзі, у мяне паляпшаецца настрой. Бальшыня людзей успрымаюць маю майку адэкватна. Няхай гэта будзе маім унёскам у агульную антыпрэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG